Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Мажы́нкі ’кнопкі’ (Жд. 1). Да машы́нкі, машы́нка (гл.).

Мажэ́нне1 ’ўяўленне’, ’мара’, ’трызненне’ (Нас.). Запазычана з польск. marzenie ’тс’.

Мажэнне2 сіла, магчымасць’ (Нас.). Да магчы́ (гл.). Іншы варыянт — маге́нне.

Мажэржанка ’маяран садовы, Majorana hortensis Moench’ (гродз., Кіс.). Змененая (пад уплывам асіміляцыі) назва мацержанка (‑ц‑ > ‑ж‑) перайшла з наймення мацярдушкі звычайнай (Origanum vulgare L.).

Ма́за1 ’каламазь’ (бераст., Сцяшк. Сл.). Аддзеяслоўнае ўтварэнне з суф. ‑а (Слаўскі, SP, 1, 59). Да ма́заць (гл.).

Ма́за2 ’капрызніца, песта’ (ТС). Утворана аналагічна, як папярэдняе. Параўн. яшчэ палес. ма́зя ’тс’, ’плакса’; тураўск. мазаны ’збалаваны, спешчаны’ (ТС) адпавядае чэш. mazna ’распешчаная жанчына’, серб.-харв. ма́зница ’тс’, чэш. rozmazlenec ’пястун’. Як і чэш., палес. лексемы — да ма́заць, чэш. mazati se з экспрэсіўным адценнем, серб.-харв. ма́зити ’патураць’, ’ліслівіць, дагаджаць’. Сюды ж ма́зацца ’песціцца, капрызіць’, ма́заць ’патураць’ (ТС).

Маза́іка ’рознакаляровы ўзор ці малюнак са шкла, дрэва, мармуру ці інш.’ (ТСБМ). Запазычана праз польск. ці рус. мову з франц. mosaïque < італ. mosaico < с.-лац. musaicum, якое з лац. Musa ’багіня мастацтва’ (Голуб-Ліер, 323; Фасмер, 2, 637).

Мазані́на ’мазня, нядбайна напісанае ці намаляванае’ (ТС) — аддзеепрыметнікавае ўтварэнне з суф. ‑ін‑а (Сцяцко, Афікс. наз., 42). Да ма́заць (гл.).

Ма́занка ’хата з гліны або з абмазаных глінай дрэва, цэглы’ (ТСБМ) паходзіць з паўд.-рус. арэалу ці ўкр. мовы. Да ма́заць (гл.). Сюды ж аднолькавае па форме лід. ма́занка ’падмазка’ (Сцяшк. Сл.) і дзятл. ма́занка ’брудны (аб дзіцяці), які запэцкаўся’ (Сл. ПЗБ).

Мазану́ць (экспр.) ’ударыць’ (слуц., Шн. 2). Да мазгатну́ць, якое з мазгатаць (гл.). Аб выпадзенні ‑т‑ перад ‑н‑ суфікса ‑nǫ‑ гл. Карскі (1, 355).

Ма́заць ’пакрываць слоем чаго-небудзь тлустага ці вадкага’, ’пэцкаць’, ’непрыгожа маляваць або пісаць’, ’рабіць промахі ў гульні, стральбе’ (Нас., ТСБМ, Шат., Мат. Гом.); жытк., нараўл., лельч. ’бяліць’ (Мат. Гом.); светлаг. ’чысціць боты’ (Мат. Гом.), ’падмазваць, намазваць’ (Сл. ПЗБ), ’бяліць мелам’ (ТС). Укр. ма́зати, рус. ма́зать, польск. mazać, н.-луж. mazaś, в.-луж. mazać, чэш. mazati, славац. mazať, славен. mázati, серб.-харв. ма̏зати ’тс’; макед. мазни ’гладзіць’, ’песціць’, мазнина ’сала, тлушч’, балг. мажа; ст.-слав. мазати, мажѫ. Прасл. mažǫ, mazati мае няяснае паходжанне (Махэк₂, 356). Аднак Бернекер (2, 58), Мерынгер (IF, 17, 148), Эндзелін (KZ, 44, 66), Мюленбах-Эндзелін, (2, 684), Младэнаў (WuS, 12, 59), Траўтман (173), Фасмер (2, 557) мяркуюць, што роднаснымі да прасл. mazati з’яўляюцца лат. (iz)muôžêt ’мучыць’, ’перахітрыць’, muôžêt ’прагна есці’, ’біць’, літ. mēžti ’угнойваць’, лат. mêzt ’чысціць ад гною, падмятаць’, ст.-грэч. μάσσω, μάττω, μεμαγμένος ’цісну, мажу’, μαγεύς ’пекар’, μαγίς ’месіва’, μᾱζα ’цеста’, ст.-в.-ням. mahhôn ’складваць, звязваць’, н.-в.-ням. machen ’рабіць’, арм. macanim ’гусцею’. Такім чынам, mazati паходзіць ад *magʼ‑. Яно з’яўляецца ітэратывам з доўгім галосным кораня *‑māgʼ‑ā‑tei. Першасны дзеяслоў у славян не захаваўся. Сюды ж мазену́ць ’ударыць’ (ТС).

Мазгава́ць, мазкава́ць ’думаць, меркаваць, камбінаваць, узважаць’ (ТСБМ, Сцяшк., Др.-Падб., Мат. Гом., Ян., Сл. ПЗБ). Усх.-слав. Утворана пры дапамозе суф. ‑ава́ць (< ‑ova‑ti). Да мазгі́ (гл.). Параўн. серб.-харв. мо̀згати ’ламаць галаву’, польск. mózgownica ’башка, галава’.