Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Галубэ́ ’буякі’ (Сцяшк. МГ). Гл. галубі́ца.

Галу́за1 ’неабцярэбленая галінка’ (Жд. 1), галу́ска ’галінка’ (Сцяшк. МГ). Адносіцца да вялікай групы роднасных слоў. Пароўн. укр. га́лузь, галу́за, голу́за, галу́ззя, рус. дыял. га́лызь ’дрэва для пракладкі дарогі’, польск. gałąź, gałęzie (зборн.), чэш. haluz, ст.-чэш. haluže і г. д. Прасл. *galǫzь вядома толькі ў зах.- і ўсх.-слав. мовах (дыялектнае праславянскае). Мяркуюць, што этымалагічна яно адносіцца да *golъ ’голы’ (з апафоніяй о : а) Першапачаткова ’голая галінка і да т. п.’; параўн. яшчэ для абазначэння галінак і да т. п.: *golь ’галінка’, *golьje ’галінкі’ (зборны назоўнік). Гл. Слаўскі, 1, 252 (там і іншая літ-ра). Булыка (Запазыч., 77) мяркуе, што ст.-бел. галонзка, галузка, голузка ’галінка’ запазычана з польск. gałązka. Наўрад ці гэта так. Запазычаннем можна лічыць толькі галонзка, якое мае прыкметы запазычання (захоўвае ‑он, якое адпавядае польск. насавому гуку).

Галу́за2 ’свавольнік, гарэза’ (Касп.), ’надзвычайны свавольнік; дурны, бесталковы’ (Нас.), ’бедны, але фарсісты’ (Шат.), ’жэўжык’ (Бяльк.), галузава́ць ’займацца пустымі размовамі; сваволіць’ (Касп.), ’сваволіць, рабіць глупства’ (Нас.). Рус. дыял. галу́за ’тс’. Карскі, як здаецца, няўдала выводзіў з літ. galvóžis (РФВ, 49, 13). Сам Фасмер (1, 390) вылучыў даволі фантастычнае тлумачэнне: галу́за ’гарэза’, магчыма, спачатку мела значэнне ’галіна, сук’ і звязана са слав. *galǫzь ’галінка’ (якое быццам роднаснае з *golъ ’голы’). Хутчэй за ўсё гэта група слоў звязана з укр. глузува́ти ’насміхацца’, рус. дыял. галу́здать ’гарэзаваць’.

Галу́за3 ’астрыжаны хлопец або дзяўчынка з кароткімі валасамі’ (Сцяц. Словаўтв.). Магчыма, да галуза2 ’свавольнік, гарэза’ (гл.): ’гарэза’ — ’астрыжаны гарэза’ — ’астрыжаны наогул’. Можна яшчэ згадаць неверагодную этымалогію Фасмера (гл. пад галуза2): галу́за ’свавольнік, гарэза’ звязана з *galǫzь ’галінка’ (а гэта да *golъ ’голы’, першапачаткова ’голая галінка’). Можа, Фасмер усё ж такі меў рацыю, калі дапусціць, што дзесьці ў дыялектах захавалася значэнне менавіта ’голая галінка’ для галу́за (’галінка’). Тады магчымы перанос значэння (метафарызацыя): ’голая галінка’ — ’астрыжаны хлопец’ (< ’голы, з голай галавой’), далей ’гарэза’ (< ’астрыжаны’). Меркаванні гэтыя вельмі праблематычныя, таму што няма дадатковых даных для гісторыі ўсёй гэтай вялікай групы слоў.

Галу́заваць ’гарэзаваць і да т. п.’ Гл. галу́за2.

Галу́й ’галадранец’ (Сцяц. Словаўтв.). Гэтаму бел. слову ёсць дакладная адпаведнасць у некаторых рус. гаворках. Параўн. рус. кастр. галуй ’гультай; той, хто любіць валачыцца; пустамеля’ (СРНГ, 6, 118). Этымалогія слова не вельмі пэўная. Можна зыходзіць з гол‑уй (да голы), але таксама не выключаецца і сувязь з такімі дзеясловамі, як рус. га́литься ’насміхацца’, бел. га́ліцца.

Галу́н1 ’галун’ (БРС). Рус. галу́н, укр. галу́н ’тс’. Запазычанне з франц. galon (параўн. і іт. gallone), магчыма, праз польск. galon. Гл. Фасмер, 1, 390 (Шанскі, 1, Г, 20, неабгрунтавана аспрэчвае магчымасць польск. пасрэдніцтва: націск у слове можа адлюстроўваць націск ва ўскосных склонах). Бел. слова, здаецца, праз рус. мову (няма ў ст.-бел. помніках; гл. Булыка, Запазыч.).

Галу́н2 ’галын’ (БРС, Шат., Касп., Нас.). Рус. галу́н, укр. галу́н ’тс’. Запазычанне праз польск. ałun, hałun ’тс’, а гэта з ням. (с.-в.-ням.) alûn (< лац. alumen) ’тс’ (ням. Alaun). Гл. Міклашыч, 2; Фасмер, 1, 390; Брукнер, 4. Не вельмі зразумелы варыянт бел. галын ’тс’ (БРС, Касп.).

Галунэ́ ’жмуты шэрсці, што збілася, у аўчыне’ (Шат.). Няяснае слова.

Галу́ска ’галінка’. Гл. галу́за1.

Галу́та ’замёрзлая зямля без снегу’ (Шатал.). Гл. галутвы.

Галу́твы ’замёрзлая зямля або гразь; груда’ (віц., Яшкін). Параўн. галу́та ’замёрзлая зямля без снегу’ (Шатал.). Можна меркаваць, што тут нейкія формы з уканнем (фанетычным або як вынік уплыву іншых слоў — сказаць цяжка). Параўн. падобныя формы з рус. мовы: голутва́, голудьба ’замёрзлыя кучы зямлі восенню’. Здаецца, што зыходныя формы для бел. мовы былі *golotva, *golota ад *golъ; параўн. важны элемент семантыкі ў слове галу́та: ’замёрзлая зямля без снегу’ (!).

Галу́шка1 ’галушка’ (БРС, Касп., Нас., Сцяшк. МГ), таксама ’шарык, галачка’ (Касп.). Рус. галу́шка, укр. галу́шка, польск. gałuszka (hałuszka; гэты апошні варыянт запазычаны з укр.; гл. Брукнер, 133). Адносіны паміж асобнымі словамі ў слав. мовах даволі складаныя. Рус. слова лічыцца запазычаннем з укр. (гл. Шанскі, 1, Г, 20). Укр. галушка, паводле Шанскага (там жа), хутчэй за ўсё ўзята з польск. мовы (gałuszka < gała). Штосьці пэўнае адносна бел. слова сказаць цяжка, бо няма дастатковых даных адносна гісторыі гэтай лексемы. Аб слове галу́шка ў бел. дыялектах гл. падрабязна Сцяц. Нар., 36–37, які адзначае, што як назва стравы слова галушкі малаўжывальнае і часцей яно сустракаецца ў форме галушка (адз. л.) са значэннем мучнога шарыка ў зацірцы.

Галу́шка2 ’звязка апрацаванага лёну’. Гл. галу́шка1.