Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Сква́рка, шква́рка ‘падсмажаны або звараны кусочак сала’ (ТСБМ, Гарэц., Др.-Падб., Бяльк., Касп., Байк. і Некр., Сцяшк., Жд. 2, Шатал., Сл. ПЗБ, Нар. сл., ТС, ЛА, 4), ‘скрылік сала; кавалак сала’ (Сл. ПЗБ), скваро́к ‘скварка’ (Ян.). Укр. шква́рка, рус. сква́рка, шква́рка, шкво́рка, польск. skwarka, skwarek, в.-луж. šwjerč ‘вытапкі’, н.-луж. šwark, škwark, чэш. škvarek ‘скваркі, вытапкі’, славац. škvarka ‘вытапкі’. Дэвербатыў ад скварыць (гл.) з суф. ‑к(а). Карскі (Белорусы, 157) лічыў запазычаннем праз польск. skwarek з ням. Schwarte ‘свіная шкурка; шкварка’, на якое паўплывала варъ, сквара ‘жар’.

Сква́рыць ‘пячы, смаліць (пра летнюю спёку)’ (Нас.), ‘тс (пра моцны мароз)’ (Шат.), ‘пячы на агні (пра сала і пад.)’, ‘запраўляць сквараным салам’ (ТСБМ, Нас., Др.-Падб., Байк. і Некр., Сл. ПЗБ, Сцяшк., ЛА, 4). Укр. шква́рити, польск. skwarzyć ‘тс’, чэш. skvařiti ‘вытапліваць тлушч, скварыць’, славац. škvariť ‘тушыць; пражыць’. Сюды ж рус.-ц.-слав. раскврѣти ‘спражыць’, ст.-чэш. skvřieti sě ‘пражыцца, растоплівацца’, в.-луж. škrěć ‘плавіцца з шыпеннем’, н.-луж. škŕěś ‘тс’, славен. cvrẹ́ti ‘пражыць’. Прасл. *skvariti, *skverti ‘растапліваць (на агні) (тлушч)’, ‘прыпякаць, смажыць’. Ізаляванае славянскае слова. Найбольш верагодным лічыцца гукапераймальнае паходжанне і супастаўленне з коранем *skvьr‑ (гл. скварэц, сквярціся); гл. Праабражэнскі, 2, 296; Голуб-Копечны, 371. Мяркулава (Этим. иссл. 2, 114–116) збліжае з гукапераймальным *ščeverъ ‘дрэнны пах ад гарэлага’, якое выводзіцца на падставе паўн.-рус. ще́вер ‘дрэнны пах і трэск ад гарэлага’, а першасным значэннем лічыць ‘спальваць ахвярную жывёліну’. Роднасць з рус. скве́рный Праабражэнскі (там жа) і Фасмер (3, 636) лічаць сумніўнай. Махэк₂ (615) дапускае магчымасць паходжання слова ад кораня *ver‑ ‘варыць’, а sk‑ лічыць мадыфікатарам кораня накшталт прыстаўкі ко‑. Сной₁ (65) мяркуе аб роднасці са с.-н.-ням. smoren ‘тушыць (ежу)’ (адкуль ням. schmoren ‘тс’) і паходжанні ад і.-е. кораня *skē̌u‑ ‘рэзаць’ з уплывам значэння ‘растапліваць (тлушч)’. Борысь (556) удакладняе, што *skvariti з’яўляецца каузатывам ад прасл. *skverti ‘тапіць, распускаць праз падагрэў, смажанне’ з заменай каранёвага галоснага e → o і наступным падаўжэннем o → a.

Скварэ́ц ‘шпак’ (Бяльк., Бір. дыс., З нар. сл.). Укр. скворе́ць, рус. скворе́ц, польск. skworzec, ст.-польск. skorzec, каш. skȯrc, в.-луж., н.-луж. škorc, славац. škorec, чэш. skorec, старое skvorec, škvorec, серб.-харв. скво́рац, шкво́рак, чво́рак, славен. skvórəc, škórəc, балг. скоре́ц, скворе́ц. Прасл. *skvorьcь, дэрыват ад гукапераймальнага кораня *skver‑/*skvor‑ (гл. сквярціся), паколькі крык шпака нагадвае skvär; гл. Праабражэнскі, 2, 297; Булахоўскі, ИАН ОЛЯ, 7, 113; SEK, 4, 286; параўн. рус. сверча́ть, якое таксама гукапераймальнага паходжання. Параўнанне з рус. ско́ворон ‘жаўранак’ і рэканструкцыя *сковьрьць (параўн. аднак макед. сковран ‘шпак’) адвяргаецца Фасмерам (3, 637). Гл. яшчэ Міклашыч, 305; Брукнер, 499; Махэк₂, 549; Скок, 3, 276; БЕР, 6, 738; Борысь, 553.

Сквера́ч ‘івалга’ (ТС). Да сквярціся (гл.).

Скверашча́ць ‘туркацець, выдаваць траскучы гук’ (Нас., Байк. і Некр.), сквярашча́ць ‘капрызнічаць, плакаць’ (Сцяшк.). Дзеяслоў суадносны з назоўнікам сквера(с)т ‘крык жабы; лаянка’ (Нас.), параўн. укр. скве́ресть, сквереща́ти ‘тс’, суфіксацыя характарызуе інтэнсіўнасць дзеяння, у аснове якога гукапераймальны корань *skvьr‑, гл. наступнае слова.

Скве́рня ‘смурод, гразь, брыдота’, скверната́ ‘нечыстата’, скверня́вый ‘брыдкі, гразны’ (Нас.), сквірна́, мн. л. сквярны́ ‘нагар, бруд на кноце лямпы’ (Варл.), ст.-бел. скверныи ‘брудны’ (Альтбаўэр). Укр. скве́рна, скве́рный, рус. царк. скве́рна; скве́рный, стараж.-рус. сквьрна ‘агіднасць, брыдота’, сквьрнъ ‘брыдкі’, чэш., славац. skvrna ‘пляма’, славен. skvȓna, skrȗna ‘агіднасць’, ст.-слав. скврьна, сквръна. Прасл. *skvьrna, *skvьrnъ. Набліжэнне да рус. скаред, польск. szkarada ‘агіднасць, брыдота’, грэч. σκῶρ, οκατός ‘гной, адкіды’ на аснове блізкасці значэнняў Фасмер (3, 637) лічыць сумніўным з-за наяўнасці ‑v‑. Сной₁ (576) выводзіць ад *skveriti (гл. скварыць) ‘растопліваць тлушч’ з першасным значэннем ‘замаслены, тлусты’. Паводле Махэка₂ (311), роднаснае з чэш. дыял., славац. kvariť, укр. ква́рити, серб.-харв., славен. kvariti ‘псаваць’, што падтрымлівае Мяркулава (Этимология–1982, 43 і наст.), ўзнаўляючы прасл. *skvьrěti ‘гніць’, якое сумесна з *skvьriti утвараюць адно этымалагічнае гняздо.

Скве́рыць ‘пячы (пра холад, мароз)’ (Адм.). Да гукапераймальнага *skvьr‑, гл. сквярціся ‘трашчаць, сычаць’, параўн. траскучы , трашчаць (пра мароз), гл.

Сквіл ‘пранізлівы крык, лямант’ (Нас., Гарэц., Яруш., Байк. і Некр.), ‘віск’ (Юрч.), ‘жаласны піск, лямант’ (Др.-Падб.), скві́ла ‘спрэчка’ (Нас.), скві́ліць ‘пішчаць пранізліва і жаласна’ (Др.-Падб.). Гл. квяліць.

Сквярста́, сквярсты́, свірста́, сквярсту́ля, сквірстуны́, скверты́, скарсту́лі ‘частаванне з выпадку заколвання кабана’, ‘свежаніна’ (Сл. ПЗБ). З літ. skerstúves ‘тс’ (там жа). Непакупны (Пр. бел. філ., 91) арэал слоў дэфінуе як браслаўска-ашмянскі і прыводзіць у якасці сіноніма пагалоўшчына ‘тс’. Лаўчутэ (Балтизмы, 148) адносіць слова да балтызмаў, паходжанне якіх недастаткова аргументавана, што, відаць, было абумоўлена недахопам дыялектнага матэрыялу ў час укладання слоўніка.

Сквярці́ся ‘верашчаць, трашчаць, стракатаць, сквірчэць’, ‘нудна плакаць, вішчаць, пішчаць’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Др.-Падб., Байк. і Некр., Шн. 3, Сл. ПЗБ): скверыцца як рапуха, чого ён там скверыцца? (Сержп. Прык.), сквярэцца жывое мясо (Сержп. Прымхі); скверці́са, шкве́рціса ‘тс’ (ТС), сквірчэ́ць ‘тс’ (ТСБМ, Ласт.); saróka skwirczýč (Пятк. 2), сквірэ́ць, сквірчэ́ць ‘аб сале і марозе’ (Шат.), скве́рыцца ‘плакаць і капрызіць’ (Шат.), ‘слаба гарэць’: не гарыць, а скверэцца (Сержп. Прык.), скве́рсца ‘скварыцца (пра сала)’, ‘утвараць рэзкія гукі (пра жаб)’, ‘плакаць, хныкаць’ (Юрч.), жаба сквярэ́цца (полац., ДАБМ, камент., 895), скве́рцца ‘гаварыць рыпучым голасам’ (Юрч. Вытв.), скве́рцісі ‘капрызіць, плакаць’ (кліч., Жыв. сл.). Укр. дыял. сквири́тися ‘плакаць, пішчаць’, сквирча́ти ‘трашчаць, сычэць’, рус. бранск. скве́рться ‘плакаць пранізлівым голасам (аб дзіцяці)’, смал. ‘пранізліва пішчаць (пра птушак)’, польск. skwierczeć ‘трашчаць, стракатаць, пішчаць’, славац. skvrkať ‘бурчаць (у жываце)’, серб.-харв. сквр́чати. Іншая ступень чаргавання ў скварэц (гл.). Гукапераймальны корань skvьr‑ (Праабражэнскі, 2, 296; Фасмер, 3, 637), варыянт *skverk‑ (Скок, 1, 284). Параўн. скварыць і скверашчаць.