Рахамо́цце, рахамо́цье, рахамо́сцье ’хлам, анучы, барахло’ (ТС), сюды ж, магчыма, рахаму́д ’абарванец’ (Яўс.). Параўн. укр. палес. рахомо̂́тʼjе ’хлам, барахло’ (Лексика Пол.). Няясна. Відаць, складанае слова, першая частка якога рах(а) — можа быць звязана з раха ’неахайніца’ (гл.) ці рахацца ’корпацца’ (гл.), а другая з матаць (гл.) ці му́дзіць (гл.). Параўн. таксама рахапе́цце ’манаткі’ (гл.), рахлю́ддзе ’рыззё’ (гл.) і пад. Апошняе слова дапускае сувязь з рус. ру́хлядь ’рухомая маёмасць, пажыткі’, што звязана з рух (гл.), параўн. Фасмер, 3, 524. Варыянтнасць першай часткі адзначаных слоў дазваляе звязаць іх з рухамо́цце, рухмаццё ’манаткі’ і ўрэшце з рухомасць ’рухомая маёмасць’, гл. Да фанетыкі параўн. рахавіты ’рухавы’ (гл.), рыхмазка ’неахайная жанчына’ (гл.), не выключаны ўплыў формы рахманы (гл. рахмач).
Рахапе́цце (ръхапе́цьця) ’дробныя рэчы, манаткі’ (дзісн., Нар. сл.). Складанае слова, дзе першая частка рах(а) — хутчэй за ўсё звязана з раха (гл.) ці рахацца (гл.), а другая з пяць ’напінаць’ (гл.). Параўн. папярэдняе слова.
Ра́хацца ’збірацца, рыхтавацца, поркацца, капацца, шавяліцца’ (ТС), ря́хацца ’паціху, марудна збірацца’ (Растарг.). Параўн. укр. ра́ха́тися, ря́хатися ’збірацца, рухацца’, рус. дыял. ря́хнуться ’крануцца, сыйсці з месца’. Паводле Мяркулавай (Этимология–1986–1987, 148), да прасл. *raxati, *rexnǫti, дзе x < sk (> *resk‑ з першасным значэннем ’драць’ — ’плясці’), у аснове семантыкі — рэзкі рывок, штуршок як пачатак руху. Параўн. таксама Фасмер, 3, 449 (рус. раха́ть, рахну́ть ’кідаць; гнаць’, мяркуецца, узыходзяць да гукапераймання); SEK, 4, 189, 193 (фармальна блізкія каш. rakować są ’выпраўляцца, збірацца ў дарогу’, rëknǫ́c ’крануцца, скіравацца’ выводзяцца з ням. regen ’кранаць, рухаць’, rücken ’крануцца, пасунуць’).
Ра́хаць 1 ’рохкаць’ (Гарэц.), ря́хаць ’тс’ (Нас.). Фанематычны варыянт гукапераймальнага рохаць (гл.).
Ра́хаць 2 (ря́хаць) ’мець надзвычайную прыхільнасць да каго-, чаго-небудзь’ (Нас.). Фанематычны варыянт ро́хаць (гл.) ’мець моцную прыхільнасць да каго-небудзь, якая праяўляецца ва ўздыхах’ (Нас.) у выніку метафарычнага пераноса з ро́хаць ’рохкаць’ (гл. папярэдняе слова).
Ра́хва, рі́хва, ря́хва ’жалезны абруч на калясе воза’, ’прыстасаванне для ўмацавання спіц у колах’ (Лексика Пол., Сл. Брэс.), ра́фа ’тс’ (Лексика Пол.). Гл. рэхва.
Рахле́й ’вельмі неахайны і нязграбны чалавек’ (мсцісл., З нар. сл.). Гл. рохля.
Ра́хліска, рахлі́ско ’ручка ў вілах’ (навагр., З нар. сл.; Мат. Гом.). Дэфармаванае ратлі́ско ’тс’ (Сл. рэг. лекс.), гл. ратаўё.
Рахлю́ддзе (рахлю́дзьдзя, ряхлюдзьдзя) ’старое парванае адзенне, старызна, рыззё’ (Бяльк.). Параўн. рус. ру́хлядь ’тс’, што да рухло ’рухомая маёмасць’ (Фасмер, 3, 524), параўн. рухлявы ’рухавы’ (гл.). Аналагічна да рухомы ’тс’ і рухомасць ’рухомая маёмасць’ (гл.). Да рахацца (гл.)?
Рахма́ніца ’сываратка’ (Мат. Гом.). Відаць, да наступнага слова, аднак матывацыя няясная.
Рахма́ны ’спакойны, нязлосны (пра звяроў, жывёл)’, ’памяркоўны, згаворлівы, дабрадушны, лагодны, ласкавы (пра чалавека)’ (ТСБМ, Нас., Касп., Шат., Растарг., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС), ’ціхі, сумленны’ (Ян.), рохма́ны ’вялы, хваравіты’ (Мат. Гом.), ст.-бел. рахманый, рохманый ’тс’. Параўн. укр. рахма́нний ’смірны, ціхі’, рус. рахманный ’ціхі, смірны; дзівакаваты; лянівы; вясёлы’, польск. rochmanny ’пра ручнога звера ў параўнанні з дзікім’ (з усходнеславянскіх моў, Брукнер, 459). Хутчэй за ўсё з гебр. rah̥ămānî ’спачувальны, літасцівы’ (Пятровіч, PC, 2005, 103), ці тат. праз тур. rachman ’лагодны’ < араб. rahmān ’тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 196). Пра іншыя шляхі і крыніцу запазычання гл. Фасмер, 3, 450; Жураўлёў, Язык и миф, 451–452.