Раўня́дзь ’роўнае месца, раўніна’ (Нік. Очерки, Касп., Гарэц.), раўна́дзь ’раўніна; роўная паверхня’ (леп., Стан.), ро́ўнядзь ’роўнае месца’ (Бяльк.). Вытворныя ад роўны (гл.) пры дапамозе суф. ‑ядзь (< *‑en‑dь‑ > *‑ędь > ‑ядзь, гл. Мее, Études, 322, 323; Аткупшчыкоў, Из истории₂, 149, 150).
Раўня́ць ’выроўніваць; параўноўваць між сабой’ (Нас., Бяльк., Сл. ПЗБ), ітэратыў роўнёва́ць ’тс’ (ТС), параўн. укр. рівня́ти, рус. ровня́ть, ст.-рус. ровняти, балг. равня́. Суадноснае з раўнаць (гл.); паводле Карскага (1, 323), гэта асобныя марфалагічныя ўтварэнні, што магчыма, узыходзяць да розных зыходных форм, параўн. ро́вень: я ровень ёму (ТС) (< *orvьnь?). Гл. роўны (роўня), ровень.
Раўпа́ты ’васпаваты, пакрыты струпамі’ (трак., ігн., Сл. ПЗБ). Аўтары слоўніка параўноўваюць з літ. raupúotas ’тс’, сюды ж раўпы́ ’струпы’, параўн. літ. raupaĩ ’воспа’.
Раўці ’рыкаць’; ’моцна гаварыць, спяваць, крычаць’, ’моцна ўголас плакаць’ (ТСБМ, Ян., Сл. ПЗБ), роўці́ ’тс’ (Мат.), рэ́ўці ’тс’ (Нас., Стан., Ян., Мат. Гом.), рэўці́ ’тс’ (ТС), раўсці́ (Сл. ПЗБ, Стан.). Параўн. укр. ревти́ ’тс’. Прасл. *reuti, у большасці славянскіх моў інфінітыў выраўнены па асабовых формах *revǫ, *revetь, параўн. рус. реве́ть, серб.-харв. рѐвати, славац. revať ’тс’. Роднасныя ст.-інд. rávati, rā́uti, ruvati ’раве, крычыць’, грэч. ὠ‑ρῡ́αι ’раву’, с.-н.-ням. rüien ’раўці’ (Фасмер, 3, 456; Глухак, 526; БЕР, 6, 196). Гл. русць, русці.
*Раўча́ць, роўча́ць ’мяўкаць’: коты роўчаць (Мат. Гом.). Гукапераймальнага паходжання, параўн. в.-луж. rjawčeć ’тс’, утварэнне на базе анаматапеі (Шустар-Шэўц, 2, 1221).
Раўчу́к, раўча́к ’невялікі ручай’, ’неглыбокі роў з вадой’, ’калдобіна, выбоіна, далок’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, Яшк., Ян.), ’канаўка пад капяжом хаты для сцёку вады’ (Яшк.), ’рэчка’ (Ян.), раўча́г (слаўг., Яшк.), раўчо́к (Сл. ПЗБ, Бяльк.), ро́ўчак (Сл. ПЗБ). Утворана з выкарыстаннем суф. ‑(ч)ак/‑(ч)ук з агульнай семантыкай ’нешта малое ад пэўнай назвы’, параўн. ваўчак, ваўчук, хлапчук і пад. Адсюль роў‑ + ‑чук ці равок + ‑ук/‑ак > раўчу́к, раўча́к, ро́ўчак ’малы роў’. Гл. роў 1.
Ра́ха ’неахайніца’: раха ходзіць без спадніцы (латг., Новы час, 2003, 23, 7), параўн. укр. ря́ха ’чапуруха’. Паводле Горбача (Арго, 30) сувязь апошняга з укр. ра́ха ’маладзіца, жанчына’ другасная, зыходная форма з цыганскага раклі ’дзеўка (не цыганка)’, што не пераконвае. Супрацьлеглае значэнне ў выніку атаясамлівання ня‑ (не-) у няраха (гл.) з адпаведнай узмацняльнай часціцай (гл. не-). Гл. атраха.
Раха́ва ’замарашка, гразнуля’ (Бяльк.). Гл. папярэдняе слова, словаўтварэнне як у разява (гл.).
Рахава́ць ’рабіць разлікі, падлікі’ (ТСБМ, Сержп. Прык., Сл. ПЗБ), рахава́цца ’раіцца, меркаваць’ (слуц., Гіл.; Сл. ПЗБ), рахова́ць ’улічваць, браць пад увагу’, рахова́цца ’раіцца, меркаваць’ (ТС), ст.-бел. раховати ’лічыць’ (Ст.-бел. лексікон; 1388, Булыка, Запазыч.). Параўн. рус. дыял. раховать, укр. рахувати ’тс’. Праз польск. rachować (Булыка, Лекс. запазыч., 81), што ад ням. rechnen ’рабіць падлікі, лічыць’ (Брукнер, 451). Борысь (507) дадаткова падае ад с.-в.-ням. rechen ’лічыць, падлічваць’. Адаптацыя карнявога ненаціскнога е > а пасля зацвярдзелага р, што было ўласціва для фанетыкі польскай мовы і праяўляецца ў іншых запазычаннях з нямецкай мовы (параўн. ратаваць, гл.).
Рахаві́ты ’рухавы’ (Мат. Гом.). Звязана з рахацца (гл.).