Гало́бля ’аглобля’ (Сцяшк. МГ). Метатэзай гукаў з агло́бля (гл.). Падобная з’ява назіраецца і ў іншых мовах. Параўн. укр. дыял. голо́бля ’тс’.
Гало́дны. Прасл. *goldьnъ ’галодны’ — прыметнік, утвораны ад *goldъ ’голад’ яшчэ ў прасл. часы і вядомы ва ўсіх слав. мовах з найдаўнейшых часоў. Агляд форм гл. Трубачоў, Эт. сл., 6, 200.
Гало́п ’галоп’ (БРС, Бяльк., Сцяшк. МГ). Рус. гало́п, укр. гало́п. Запазычанне з зах.-еўрап. моў: ням. Galopp (< франц.) або франц. galop. Параўн. Фасмер, 1, 389. Шанскі (1, Г, 18–19) удакладняе, што запазычанне адбылося (прынамсі, для рус.) з франц. мовы (яшчэ ў Пятроўскую эпоху). Пытанне, адкуль канкрэтна прыйшло гэта слова ў бел. мову (праз якую мову-пасрэднік), пакуль што застаецца адкрытым.
Галосны 1 (лінгвістычны тэрмін, БРС). Параўн. укр. голосни́й ’тс’. Здаецца, што гэта калька рус. гла́сный (гук), якая засведчана ўжо ў XVII ст. і з’яўляецца калькай лац. vocalis (ад vox ’голас’). Аб рускім слове Фасмер, 1, 410; Шанскі, 1, Г, 90.
Галосны 2 ’вядомы’ (Нас.). Насовіч перакладае рускім «гласный» і дае прыклад «галоснае дзела». Можна меркаваць, што, магчыма, гэта запазычанне з польск. мовы. Параўн. польск. głośny ’вядомы; гучны, нашумеўшы’, głośna sprawa ’нашумеўшая справа’.
Галубі́ца ’ягада дурніца, буякі’ (Бяльк.). Рус. голуби́ка, голуби́ца ’тс’. Шанскі (1, Г, 121) прыводзіць яшчэ ўкр. голубика (адкуль?). Паводле Шанскага (там жа), гэта вытворныя ад назвы колеру (рус. голубо́й, укр. голуби́й). Шанскі (там жа) мяркуе, што варыянтнасць суфіксацыі (‑ика, ица) адлюстроўвае складаныя працэсы трэцяй палаталізацыі, яе непаслядоўнасць. Назва ягады магла ўспрымацца як утварэнне ад го́луб (+ суф. *‑ica для абазначэння самак). Таму маглі ўзнікнуць другасныя па паходжанню назоўнікі тыпу бел. галубэ́ ’буякі’ (Сцяшк. МГ).
Галу́біць (БРС). Рус. голу́бить, укр. голу́бити. Паводле Шанскага (1, Г, 121), усх.-слав. утварэнне — гэта вытворнае ад назвы птушкі *golǫbь (параўн. і Булахоўскі, Семас. этюды, 170). Параўн. яшчэ Слаўскі, 1, 427.
Галу́бнік ’пярэдняя частка хаты’ (Бяльк.). Параўн. рус. голубни́к ’галубятня’ (таксама для назваў, што абазначаюць розныя часткі хаты, голу́бни́ца; гл. СРНГ, 6, 339). Першапачаткова назва гэта была звязана з назвай адпаведнай птушкі, пасля была больш абагульнена.
Галубцы́ ’галубцы (назва ежы)’ (БРС). Рус. голубцы́, укр. голубці́, польск. gołąbki. У аснове назвы ляжыць *golǫbь — назва птушкі (гэта, магчыма, не па форме, не па знешняму падабенству галубцоў з птушкай, а ў сувязі з вясеннімі і да т. п. абрадамі; гл. Слаўскі, 1, 313). Узаемныя адносіны паміж адпаведнымі словамі са слав. моў вельмі заблытаныя. Рус. голубцы́ як мяркуе Шанскі (1, Г, 122), запазычана, відавочна, з укр. мовы. Польск. слова, паводле Слаўскага (там жа), узята таксама з укр. мовы. Што датычыцца бел. слова, то таксама можна меркаваць аб яго запазычанні з укр. або рус. мовы (няма ў дыялектных крыніцах).
Галубы́ ’блакітны’ (Сцяшк. МГ). Рус. голубой, укр. дыял. голуби́й лічацца ўтварэннем ад *golǫbь ’голуб’ (па блакітнаму колеру пер’я). Гл. Булахоўскі, Семас. этюды, 170; Фасмер, 1, 432; Шанскі, 1, Г, 121–122. У бел. мове гэта назва колеру даволі рэдкая. Больш звычайнае запазычанне з польск. блакітны.