Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Масцяры́цца, масцю́рыцца ’масціцца’ (шальч., Сл. ПЗБ). У выніку кантамінацыі масці́ць (масці́цца) і ма́йстар, масты́рыць (гл.).

Масые́тка ’безрукаўка на аўчыне’ (лід., Сцяшк. Сл.). Няясна.

Масы́ш ’хітрун’ (віл., Сл. ПЗБ). Ад імя Mojżesz (польск.) ’Майсей’.

Ма́ся ў выразе: ма́ся сляпая ’слепавокі’ (Жыв. сл.). З ⁺маця ’той, хто мацае вакол сябе’. Да ма́цаць (гл.).

Мат1 ’брыдкая лаянка’ (ТСБМ, Растарг., ТС), ма́та ’тс’ (ТС), ’голас’ (Нас., Бяльк.), ма́тавы голас ’роспачны, адчайны’ (Нас.), сесці ма́том ’не крануцца ў рост, не расці’ (напр., цыбуля) (ТС). Рус. пск., цвяр., смал., ярасл., арханг. мат ’крык, моцны голас’, наўг., валаг. ма́том ’вельмі моцна, вельмі многа’, наўг., ’мат’, ’прывід, страшыдла’, вяц. ’дурны’, матом ’адчайна, смела’. Бел.-рус. ізалекса. Паводле Мартынава (Бел.-рус. ізал., 70), лексема мат — запазычанне з гоц. moþs ’лютасць, шаленства, унутраная духоўная сіла’. Параўн. таксама ст.-англ. mōd ’смеласць’ і ст.-ісл. mōðr ’роспач’, ням. mit wildem Mut = рус. лихим матом.

Мат2 ’становішча ў шахматнай гульні’, ’безнадзейнае становішча’ (ТСБМ). З польск. ці рус., у якія праз ням. matt, schachmatt ці франц. échec et mat ’шах і мат’ < араб. eš šâh mât ’кароль памёр’ (Бернекер, 2, 25; Фасмер, 2, 579).

Ма́та ’пляцёнка з саломы, травы для ўцяплення дзвярэй, вакон ці падлогі’ (ТСБМ, Грыг., Сцяшк., Шушк., П. С., Шат., Бяльк.; КЭС, лаг.; беласт., Сл. ПЗБ), мат ’тс’ (Нас.), ’шчыток з саломы’. (ТС), віл. ма́тачына ’тс’ (Сл. ПЗБ). З польск. mata ’тс’, якое з лац. matta (праз італ. мову) (Брукнер, 325).

Матабу́с ’аўтобус’ (Растарг.). Скажоная форма пад уплывам матаць.

Матаві́дла, матаві́дло, матаві́длы ’прыстасаванне для змотвання нітак у маткі або з маткоў у клубкі’ (Жд. 1, Сл. ПЗБ, Сцяшк. Сл.; воран., Шатал.), матаві́ла, мытаві́ла, матаві́ло, мотові́ло ’тс’ (ТСБМ, Бір. дыс., Нас., Шат., Касп., Бяльк.; ТС, Маш.; КЭС, лаг.; докш., Янк. Мат., браг., Нар. сл.), жытк. мотоі́ло (Выг. дыс.), рэч. матаі́ла ’тс’ (Мат. Гом.); (перан.) матаві́ла ’пудзіла ў гаросе або пшаніцы ад вераб’ёў’ (Нас.), ’маталыга’ (Мат. Маг.). Укр. мотови́ло ’тс’, ’вол, які мае звычку матаць галавой пры запраганні’, рус. мотовило, польск. motowidło, в.-луж. motydło, чэш., славац. motovidlo, славен. motovílo, серб.-харв. мото̀вило, макед. мотовило, балг. мотовила. Прасл. moto‑vidlo < motoviti — складанае слова з motati (> мата́ць) і viti (> віць) (Скок, 2, 412; Махэк₂, 375). Бязлай (2, 197) выводзіць памылкова прасл. moto‑vitlo (Куркіна, Этимология–83, 191).

Ма́тавы ’без глянцу, без бляску’, ’паўпразрысты’ (ТСБМ). Укр. ма́товий ’тс’, рус. матовый ’тс’, урал. ма́товый, матова́тый ’з бяльмом у воку’. З ням. matt ’вялы, слабы’ або з франц. mat ’цьмяны’ < італ. matto ’дурны, шалёны’, ’п’яны’ < лац. matus ’п’яны’ (Бернекер, 2, 24; Мацэнаўэр, LF, 10, 63; Праабражэнскі, 1, 515; Фасмер, 2, 582).

Мата́йза ’мужчынскі гальштук’ (Сцяшк.). З англ. neck‑tie ’гальштук’ (магчыма, праз польск. мову). Мена пачатку слова адбылася пад уплывам дзеяслова матаць.