Ма́йстар, ма́йсцер, ма́йсцяр, ма́йстра, майсцёр ’спецыяліст у якім-небудзь рамястве, галіне вытворчасці’, ’мастак, які дасягнуў высокага майстэрства ў сваёй справе’, ’зух’ (ТСБМ, Сцяшк., Сл. ПЗБ, ТС, Нас.), шчуч. ’бацька маладога на вяселлі’ (Сцяшк. Сл.), ст.-бел. майстеръ, майстръ, мастеръ ’майстар, начальнік’ (XVI ст.); ст.-рус. мастеръ ’магістар ордэна’ (XIII ст.), ’майстар’ (XVI ст.). Запазычана праз польск. majster з с.-в.-ням. majster < ст.-в.-ням. meistar < лац. magister < magis ’большы’ (Булыка, Запазыч., 195). У бел. майсьцер ’майстар’ (Нас., Шат., Бяльк.) і майстырь (Бяльк.) другая частка слова аформлена пад уплывам рус. мовы. Формы майстра, майстря ’тс’ (Гарэц., Бяльк., Сл. ПЗБ) — арыгінальныя беларускія (як це́сля). Сюды ж майстрова ’маці маладога на вяселлі’ (Сцяшк. Сл.), майстрыха, майсьцерыха, майстровая ’жонка майстра’, майстроўка ’дачка майстра’, майстравы ’рабочы, рамеснік’ (ТСБМ, Нас.), майстэрскі, майстэрства (ТСБМ). Гл. яшчэ майстраваць. Махэк₂ (365) мяркуе, што чэш., польск. і в.-луж. (mistr, mistř, mistra; mistrz; mištr) формы паходзяць з лац. magister, славац. majster, з ням. Meister, у іншых слав. — з грэч. μάγιστρος, μαίστωρ або з італ. ma(e)stro. Фасмер (2, 578) дапускае ў рус. мове польскае пасрэдніцтва або (магистръ) праз с.-грэч. μάγιστρος.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)