Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Папяро́к прысл. і прынад, ’па шырыні, упоперак’ (ТСБМ, Шат.), по́перак (Нас.), поперэ́к, поперо́к (ТС), папяро́к, попэрэ́к (Сл. ПЗБ) ’тс’. Рус. поперёк, ст.-рус. поперегъ ’тс’. Да пе́рак (гл.) (Праабражэнскі, 2, 41; Фасмер, 3, 327).

Папяро́са ’папяровая трубка з тытунём для курэння (пераважна з папяровым муштуком)’ (ТСБМ, Яруш.). Праз рус. папиро́са ’тс’ з польск. papieros, утворанага ад papier ’папера’ па ўзору ісп. cigaros (гл. Брукнер, 394; Праабражэнскі, 2, 15; Фасмер, 3, 201).

Папяро́ўка ’сорт летняй яблыні, на якой растуць белыя або жоўтыя кісла-салодкія яблыкі; плод гэтай яблыні’ (ТСБМ), поперо́ўка (ТС), папяру́вка (Сл. ПЗБ) ’тс’. З польск. papierówka ’тс’.

Папяро́чка1 ’брус, жэрдка, планка і пад., замацаваныя ўпоперак чаго-н. або паміж чым-н.’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, Тарнацкі, Studia), поперэчка ’тс’ (Шушк.), поперэ́чка ’вага ў студні з жураўлём’ (ДАБМ, 809). Дэрыват з суф. ‑к‑ ад папяро́чны < папярок (гл.).

Папяро́чка2 ’папярочны загон’ (Сл. ПЗБ), поперэ́чка ’папярочнае ўзворванне’ (Выг.), папярэ́чняк ’папярочны загон’ (Сл. ПЗБ), поперэчня́к, попяро́чніца ’тс’ (Выг.). Суфіксальныя дэрываты ад папярочны < папярок (гл.). Аналагічныя дэрываты ў інш. славянскіх мовах. Выгонная (Лекс. Палесся, 54 і наст.) адзначае ўсх.-палес.-паўдн.-слав. ізалексу (попярочніцаславен. poprečnica ’папярочная баразна’) і зах.-палес.-польск. (вармінскую) (поперэчнякpopršyčnak ’папярочны загон з краю поля’).

Папяро́чка3 ’вельмі шырокая саматканая спадніца ў палоскі, якія ляжаць упоперак’ (ДАБМ, 934). Дэрыват з суф. ‑к‑ ад папяро́чны (гл. папярок).

Папяро́чнік ’памер у шырыню, дыяметр’ (ТСБМ). Дэрыват ад папярочны з суф. ‑ік. Калька франц. diamétre або лац. diametrus, грэч. διάμετρος ’папярочнік’.

Папярхну́цца ’на момант задыхнуцца пры пападанні ў дыхальнае горла чаго-небудзь (часцінак ежы, вады і пад.)’ (ТСБМ, Грыг.). Гл. пе́рхаць.

Папярэ́дзіць ’загадзя паведаміць каму-небудзь пра што-небудзь; загадзя ліквідаваць тое, што пагражае; зрабіць што-небудзь раней каго-небудзь’ (ТСБМ). Да пе́рад (гл.).

Па́ра1 ’газ, які ўтвараецца пры выпарванні вады, нагрэтай да высокай тэмпературы; газападобны стан вады’; пар ’паравое поле’, па́рнасць, па́рына, па́раніна, парно́та, парні́к, па́ранка, паро́нка. Агульнаславянскае: рус. пар, укр. па́ра ’паравое поле, выпарэнне’, царк.-слав. пара ’выпарэнне’, польск. par, para, чэш. pára, славац. para, серб.-харв. па̏ра, славен. pȃra, балг. па́ра. Звязана чаргаваннем з прэць, прэю (гл.) (Траўтман, 231; Младэнаў, 411; Праабражэнскі, 2, 20; Фасмер, 3, 203). Параўн. па́рыць.

Па́ра2 ’два аднолькавыя сіметрычныя прадметы, якія складаюць адно цэлае; дзве асобы, мужчына і жанчына, дзве жывёліны, самец і самка; два прадметы, дзве штукі чаго-небудзь’. Рус., укр. па́ра. Праз польск. para з сяр.-в.-ням. pâr ’пара’ ад лац. pār ’роўны, пара’ (Брукнер, 395; Праабражэнскі, 2, 16; Фасмер, 3, 203). Ст.-бел. пара XVI ст. таго ж паходжання (Булыка, Лекс. запазыч., 154).

Пара́ ’час, перыяд; адпаведны час’. Рус., укр. пора́ ’час, пара, узрост’, польск. pora ’выпадак, пара’, балг. по́ра ’узрост’. Пэўнай этымалогіі няма. Лічаць роднасным ‑пор (гл. напор, упор), якое звязана з пярэць, пру, і набліжаюць да грэч. πορεῖν, аорыст ἔπορον, эпір. πόρον ’даць, прадставіць’, ’вызначыць’ (Младэнаў, 489; Праабражэнскі, 2, 166; Мацэнаўэр, LF, 13, 180 і наст.; Фасмер, 3, 328). Міклашыч (240) указвае яшчэ на рус. дыял. пора́ ’падпорка для стога сена’.

Па́рабак ’наёмны сельскагаспадарчы рабочы ў памешчыцкай або кулацкай гаспадарцы’ (ТСБМ, Нас., Др.-Падб., Яруш.), па́робок, па́рубок (ТС), па́рабак, па́рабок, па́робак, парабчу́к ’тс’ (Сл. ПЗБ), паробкова́ць (ТС). Рус. па́робок ’хлопец’, укр. па́робок, па́рубок ’тс’, польск. parobek, parobczak ’батрак, парабак; хлопец’, славац. parobok ’хлопец’. Прасл. дыял. parobъкъ. Далей гл. раб, рабі́ць. Гл. Фасмер, 3, 208.

Пара́бала ’лінія перасячэння круглага конуса плоскасцю, паралельнай якой-небудзь датычнай плоскасці гэтага корпуса’ (ТСБМ). Ст.-бел. парабола ’прытча, алегорыя’, 1517 г. < ст.-польск. parabola < сяр.-лац. parabola ад грэч. παραβολή (Булыка, Лекс. запазыч., 163). Сучаснае бел. слова з рус. пара́бола (Крукоўскі, Уплыў, 90), якое ўзыходзіць да той жа лац. крыніцы (Фасмер, 3, 203).