Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Турусня́к ‘затор, лёд на рэках і азёрах, нагрувашчаны старчма’ (Ласт.). Па значэнні, відавочна, звязанае з рус. торо́с ‘заломы лёду каля берагоў рэк і на моры’, што з саам. tōras ‘лядовы бугор на беразе мора’ (Фасмер, 4, 86; Анікін, 557), аднак шляхі ўплыву на яго ўтварэнне застаюцца няяснымі. Хутчэй гукапераймальнага паходжання, гл. наступнае слова.

Ту́русы ‘грукат ад хуткай язды, тарахценне’, ‘пустое плявузганне’ (Нас.), туру́сы на калёсах ‘лухта, бязглуздзіца’ (Юрч. Фраз.), туру́сы, туро́сы ‘тс’ (Растарг.), турэ́сы ‘тс’: пачынае свае баі‑турэсы (С. Кухараў); відаць, сюды ж тру́сты на калёсах ‘выдумкі’ (Мат. Маг. 2), гл. Параўн. укр. туроса́ ‘шум, пагалоска, чутка?’; рус. туру́c ‘нешта цікавае, займальнае’, туру́сы: турусы на колёсах развозить (разводить) ‘весці пустыя размовы’. Словы спрэчнага паходжання. Традыцыйна пад увагу прымаюцца спалучэнні са словам калёсы, хаця яшчэ Карскі (2–3, 187) зазначыў, што ў зборніку беларускіх прыказак Насовіча го́ніць туру́сы (трэск) на коле́сах ‘гаворыць лухту’ апошняе слова азначае ‘воз’, а не ‘колы’, параўн. тыпалагічна падобнае польск. разм. bujda na resorach ‘лухта, хлусня’ (Ніч, Wybór pism, 2, 157). Вывядзенне з лац. turris ambulatoriae ‘вежа, якая рухаецца’, г. зн. абложная вежа (Міхельсон, Рус. мысль, 2, 394), у існаванні якіх звычайна сумняваліся (Лепешаў, ЭСФ, 370), нягледзячы на меркаванне Трубачова (Дадаткі, 125; гл. таксама Арол, 4, 120), застаецца малапераканальным (Фасмер, 2, 125). Семантыка сведчыць хутчэй пра гукапераймальнае паходжанне, на што звяртаў увагу яшчэ Насовіч (644), гл. турыць ‘гнаць’. Параўн. ЕСУМ, 5, 684.

Турухта́н ‘батальён, балотная птушка сямейства сяўцоў Philomachus pugnax’ (ТСБМ; Дарафееў, Птушкі; Цярохін, Охота), укр. ‘птушка Philomachus Merrem’, рус. ‘птушка Tringa pugnax’, дыял. курухта́н ’тс’. Не зусім яснага паходжання, відаць, гукапераймальнага (Праабражэнскі, 2, 21). Асоўскі (Stud, sławist., 153) выводзіць з рус. курохтан, курухтан, што з куро́хта (XVIII ст.) < *kuropta < *kuropъta (гл. таксама Сабалеўскі, РФВ, 64, 137; Фасмер, 2, 428), ідэнтычна да курапатка, што падаецца штучным.

Ту́рхаць ‘штурхаць, піхаць, тармашыць’ (Сцяшк. Сл., Сл. ПЗБ), ту́ркаць, ту́рхацца ‘штурхаць каго-небудзь’ (бярэз., ЛА, 2; Мова Сен.), турха́ць ‘штурхаць, піхаць’ (Касп.), турхну́ць ‘штурхануць’ (чашн., сен., ЛА, 2), турхатня́ ‘таўканіна, тузаніна’ (Ласт.). Параўн. катурхаць (гл.), польск. rozturchany ‘растрапаны’ — адносна апошняга Варбат (Исслед., 64) мяркуе, што яно ўваходзіць у лік славянскіх лексем з анамальным рэфлексам turt (< *tъrt), для якіх магчыма запазычанне з балтыйскіх моў або пераўтварэнне славянскіх формаў пад уплывам роднасных балтыйскіх. Хутчэй за ўсё, да тураць, турыць (гл.) з экспрэсіўным ‑х‑, якое чаргуецца з ‑к‑, параўн. туркаць ‘штурхаць’. Гл. штурхаць.

Турча́к ‘цвыркун хатні, Gryllus domesticus’ (дзярж., Нар. сл.; трак., Сл. ПЗБ), ‘мядзведка’ (Варл., Сцяшк., Жд. 1, Сл. ПЗБ, Скарбы), турчо́к ‘цвыркун’ (брасл., паст., ЛА, 1; полац., Волк.), ту́рчык ‘мядзведка’ (Сцяшк.), ‘голуб-туркаўка’ (Байк. і Некр.), ‘нейкая птушка’ (Мат. Гом.). Да турча́ць (гл.) — дзеяслова гукапераймальнага паходжання: перадае працяглае гучанне, параўн. туркаць (гл.).

Турча́ць, турчэ́ць ‘адзывацца гукамі (пра насякомых, земнаводных, птушак, хатніх жывёл і інш.)’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Варл., Растарг., Шатал., Сл. ПЗБ, Юрч. Вытв., Мат. Гом.), ‘муркаць, варкатаць’ (Байк. і Некр., Растарг.): кошка турчы́ць (Сержп. Прымхі), ‘крычаць, шумець’ (Абабур.), ‘гаварыць пустое’ (рагач., Мат. Гом.), ‘туркатаць, тарахцець, татахкаць (пра гукі машын у час работы)’ (ТСБМ, Бяльк., Байк. і Некр., Сцяшк., ДАБМ, камент., 895; ашм., Сл. ПЗБ), ‘цуруліць’ (жлоб., добр., ветк., Мат. Гом.), ‘дзюрчаць’ (воран., Сл. ПЗБ, Юрч. Сіш), турчы́ць ‘бурліць (пра бягучую ваду)’ (в.-дзв., воран., слонім., клец., слаўг., чавус., ЛА, 2). Да ту́ркаць1 (гл.), дзеяслоў працяглага дзеяння на гукапераймальнай аснове. Параўн. Фасмер, 4, 126; ЕСУМ, 5, 681. Сюды ж вытворныя турча́нне ‘пранізлівы крык жабаў’ (Нас.), ‘балбатня, пустое плявузганне’ (Нас.), турчэ́нне ‘птушыны свіст’ (Юрч. Вытв.), турчо́к ‘цвыркун’ (смарг., Шатал.; полац., ЖНС; в.-дзв., луцэ., Сл. ПЗБ, Рэг. сл. Віц.), турчу́к, ту́рчык ‘мядзведка’ (Сл. ПЗБ), ту́рчык ‘голуб, туркаўка’ (Байк. і Некр.), турчы́ца ‘жаба, якая ўвесну моцна квакае’ (Сцяшк. Сл.), ту́рчалка ‘туркаўка’ (лельч., Мат. Гом.).

Туршкане́нна ‘хутка’ (Мат. Гом.). Няясна, відаць, выводзіцца з *туршком (гл. турхаць), аналагічна да штуршком ‘адным рухам’ (штуршок, ад штурхаць, гл.) з экспрэсіўнай суфіксацыяй, параўн. страшэ́нна. Аднак незвычайнае спалучэнне зычных сведчыць пра магчымы балцкі ўплыў, параўн. літ. tùrškinti ‘рваць, драць’, turškineti ‘плюхаць’ і пад.

Туры́гаць (туры́гаты) ‘кляваць, торкаць (пра рыбу)’ (кам., Жыв. НС). Да то́ргаць1 (гл.), аснова змененая для перадачы шматкратнага дзеяння. Параўн. торыгаць, тарыгаць ‘турзаць’ (гл.), чэш. мар. terygať ‘перасяляць’, славац. terigať sa ‘цягнуцца, з цяжкасцю ісці’ — апошнія Махэк₂ (510) разглядае як вынік метатэзы з redygať, што няпэўна; Кралік (610) дапускае кантамінацыю. Варыянтнасць вакалізму характэрная для рэфлексаў прасл. *tъrg, *tьrg, параўн. Варбат, Исследования., 64.

Туры́ст ‘падарожнік, вандроўнік’ (ТСБМ, Вруб.), туры́сты ‘тс’ (Некр. і Байк.). Запазычанне праз рускую (тури́ст) або польскую (turysta) мову з франц. touriste ‘тс’, што з англ. tourist ‘тс’ (Арол, 4, 119). У аснове франц. tourner ‘вярцець, абарочваць’, гл. тур2, турнэ. Сюды ж туры́зм ‘падарожжы, вандроўкі для адпачынку і ў пазнавальных мэтах’ (ТСБМ) — запазычана праз рускую мову (туризм) з франц. tourisme ‘прагулка, паездка’, туры́стыка ‘тс’ (Вруб.) — праз польск. turystyka ‘занятак турызмам’.

Туры́ца1 ‘дзікая карова’; ‘рослая, дужая дамашняя карова’, перан. ‘мажная, здаровая жанчына’ (Нас.), ту́рыца ‘карова’: пайду́ ту́рыцу заганяць (Рэг. сл. Віц.), туры́ця фалькл. ‘самка тура’ (драг., Сл. ПЗБ). Насовіч (644) лічыў назву вытворнай ад тур ‘дзікі вол’ (гл. тур1), параўн. укр. тури́ца ‘самка тура’, рус. фалькл. тури́ца ‘эпітэт свахі’, польск. turzyca ‘шэрсць на некаторых жывёлах’, ‘вясенняя ўрачыстасць’, харв. дубр. ту̀рица ‘карнавальная маска на Грамніцы’, адносна апошняга Вук Караджыч дапускае сувязь з назвай бога вайны Тура (Сабр. дела, 17, 166); славац. Turice ‘Сёмуха’ Вайтыла-Свяжоўска (Зб. Слаўскаму, 481) лічыць плюралізаванай формай з суф. ‑ica ад прыметніка *turьjь ‘тураў, які датычыць тура’; паводле Краліка (634), назва паганскага свята прыходу вясны або лета, прысвечанага зверу, які сімвалізуе сілы прыроды.

Туры́ца2 ‘шабельнік балотны, Comarum palustre L.’ (бяроз., Нар. лекс.), туры́ця ‘тс’ (драг., Бел. дыял. 1), туры́ца ‘шляз, Aithaea officinalis L.’ (лун., Арх. Вяр.), туры́ца (травы) (Сержп. Грам.): ад крываўкі добрэ піць настой у гарэлцы карэння турыцы (Сержп. Прымхі), туры́ца, туры́ця ‘вадаперыца, вадзяны кураслеп, Hottonia palustris L.’ (ганц., драг., Сл. ПЗБ). Няясна; назва аб’ядноўвае розныя расліны, пераважна балотныя, фармальна звязаныя з тур1, турыца1, аднак матывацыя застаецца да канца не высветленай, параўн. укр. тури́ця ‘асака, Carex L.’, польск. turzyca ‘тс’, серб., харв. ту́рица ‘павіліца, Galium L.; панікніца, Geum L.’. Аўтары ЕСУМ (5, 680–681), спасылаючыся на польск. turza trawa, turzowa trawa ‘асака’, лічаць, што з-за сваёй жорсткасці яна магла быць кормам толькі для такіх буйных жывёл, як тур або зубр, параўн. польск. turówka ‘зуброўка’; перанос назвы на іншыя расліны мае іншую матывацыю (магчыма, колер травы, падобны да поўсці звяроў, як паказчык эфектыўнасці ўздзеяння пры лячэнні і інш.).