Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Пераву́лак (перэву́лак) ’завулак’ (Растарг.). З рус. переу́лок ’тс’. Да пера- і ву́ліца (гл.).

Перавухры́ць ’перавучыць; перахітрыць’ (Нас.). Да пера- і вухрыць, ву́харэц (гл.).

Перавы́шываць (пірявы́шываць) ’пераўзыходзіць, быць вышэй за іншага’ (Юрч. СНЛ), укр. переви́щувати, рус. арх., с.-урал. перевы́шивать, н.-луж. pśewušowaś, в.-луж. přewyšować, чэш. převyšovati, славац. prevyšovať, макед. превишува, балг. превиша́вам. Магчыма, яшчэ прасл. *per‑vyšovati. У серб.-харв. мове гэты дзеяслоў утвораны ад вѝсок ’высокі’, таму што ви̏ше азначае ’больш’.

Перавэ́рсаць ’перагартаць’ (брасл., Сл. ПЗБ). Балтызм. Параўн. літ. ver̃sti ’перагортваць’ (Грынавяцкене, там жа).

Перавяжыха ’дуброўка прамастаячая, Potentilla erecta (L.) Rausch’ (віц., Кіс.). Відаць, да перавяза́ць: сцябло расліны выглядае нібы перавязанае ў каленцах, адкуль вырастаюць лісты. Да пера- і вяза́ць (гл.). Мена з > ж характэрная для паўн.-зах. Беларусі.

Перавя́з ’нізкі (грыбоў), перавязаныя ў адзін пук’ (Нар. Гом.), пе́равязь ’палоска матэрыі, перакінутая цераз плячо, для падтрымання пашкоджанай рукі’ (ТСБМ), пере́везь ’перавясла’ (ЛА, 2), сюды ж перавя́зіч ’рушнік, якім перавязваюць дружкоў маладога’ (добр., Мат. Гом.), перавя́зіна ’вянец зруба пад вокнамі і дзвярыма’, перавя́зьмы ’апошнія вянкі зруба’ (Мат. Гом.; ЛА, 4), перавя́зісты ’худы, высокі’ (Сцяшк. Сл.), перэўя́зісты ’тонкі, перацягнуты пасярэдзіне’ (ТС), ’які з шыяпадобнай перацяжкай (пра жука)’ (шальч., Сл. ПЗБ), — да апошняга параўн. польск. przewiąz/przewięz = owad przewięzisty (як пчала, аса, мурашка). Усе да перавя́заць ’перавязаць’ < прасл. *pervęzati, параўн. укр. перевʼязати, рус. перевяза́ть, польск. przewiązać, чэш. převázati, славен. prevézati, серб.-харв. преве́зати, превези́вати.

Перавярна́ць ’араць па цаліне’ (калінк., Сл. ПЗБ). Да пера- і вярна́ць, у якім (у суфіксе ‑н‑) можна бачыць усх.-балт. рэлікт, параўн. літ. pérversti, apver̃sti ’перавярнуць’ — apvertinė́ti, apvartinė́ti ’пераварочваць’; у такім выпадку перавярнаць — ’пераварочваць скібы дзёрну’.

Перавярце́нь (перэверце́нь) ’заварацень (вяроўка, дрот) у санях для мацавання аглабель’ (ТС). У выніку кантамінацыі лексем перавязаць і за́верцень (гл.).

Перавясёлка ’вясёлка’ (ДАБМ, к. 312; Ян.), перавесялу́ха (кліч., ДАБМ, камент., 902). У выніку кантамінацыі лексем вясёлка, весялу́ха ’тс’ і перавя́сла ’перавясла’ > ’пояс’, ’каромысла’, ’ручка ў вядры’. Параўн. гом. каро́місел на не́бе ’вясёлка’, а таксама літ. júosta ’пояс’ і ’вясёлка’.

Перавя́сла, пераве́со, перавёсла, перавясло́, пырывысло́ (і інш. фанетычныя варыянты) ’скрутак саломы, якім перавязваюць сноп’ (Нас., ТСБМ, Сцяшк. Сл., Выг., Шат., Касп., Мат. Гом., Ян., ТС, Сл. Брэс.; ЛА, 2), ’звязка лыка’ (слуц., КЭС), ’ручка ў вядры’ (Др.-Падб., Гарэц., Касп., Сл. ПЗБ), пырывысло́, перавя́сло ’пярэвітка, на якую кладуць жэрдкі ў плоце’ (брэсц., слуц., ЛА, 4). Укр. пере́ве́сло, рус. дыял. перевя́сло ’перевясла ў снапе; дужка вядра, кошыка; саламяная вяроўка для замацавання саломы на стрэхах’. Паводле Фасмера (3, 236), да пере‑ і вя́сло (гл. пера- і вясло́1), якое з прасл. *vęzslo. Махэк₂ (477) выводзіць укр. переве́сло з повере́сло́, суадносячы яго з прасл. *poverslo < *po‑verz‑slo. Гэтаксама Бязлай (3, 98). Аднак дадзеныя Грынчэнкі, узятыя ў Вярхрацкага, на якія спасылаюцца гэтыя аўтары, запісаны на крайнім захадзе ўкр. моўнай тэрыторыі, дзе магчымы ўплыў зах.-слав. моў. З другога боку, на карысць дапушчэння Махэка прамаўляе ‑е‑ ў складзе ‑ве‑ лексемы пере́ве́сло, а не ‑вʼя‑ (як у перевʼязати ’перавязаць’). Для ц.-слав. поврѣсло Трубачоў (Этимология–1972, 40) выводзіць прасл. форму *poverz‑slo. Гэтыя дзве формы з *po‑ (зах.- і паўд.-слав.) і *per (у асноўным, усх.-слав.) суіснуюць у кантамінаваных варыянтах на польскай моўнай тэрыторыі: powrósło (замест правільнай, фанетычна законнай формы powrzosło) і паўд. porwósło, вял.-польск. prowionsło, мазав. prowiąsło, катавіцка-кракаўскае przewiązło, пазн. powrząsło, аўгуст. przewiąslo (замест przewiązło), што дае падставу дапусціць архаічнасць форм *pervę(z)slo, povę(z)slo і *poverzlo (Банькоўскі, 2, 730, 739, 918).