Перавя́сла, пераве́со, перавёсла, перавясло́, пырывысло́ (і інш. фанетычныя варыянты) ’скрутак саломы, якім перавязваюць сноп’ (Нас., ТСБМ, Сцяшк. Сл., Выг., Шат., Касп., Мат. Гом., Ян., ТС, Сл. Брэс.; ЛА, 2), ’звязка лыка’ (слуц., КЭС), ’ручка ў вядры’ (Др.-Падб., Гарэц., Касп., Сл. ПЗБ), пырывысло́, перавя́сло ’пярэвітка, на якую кладуць жэрдкі ў плоце’ (брэсц., слуц., ЛА, 4). Укр. пере́ве́сло, рус. дыял. перевя́сло ’перевясла ў снапе; дужка вядра, кошыка; саламяная вяроўка для замацавання саломы на стрэхах’. Паводле Фасмера (3, 236), да пере‑ і вя́сло (гл. пера- і вясло́ 1), якое з прасл. *vęzslo. Махэк₂ (477) выводзіць укр. переве́сло з повере́сло́, суадносячы яго з прасл. *poverslo < *po‑verz‑slo. Гэтаксама Бязлай (3, 98). Аднак дадзеныя Грынчэнкі, узятыя ў Вярхрацкага, на якія спасылаюцца гэтыя аўтары, запісаны на крайнім захадзе ўкр. моўнай тэрыторыі, дзе магчымы ўплыў зах.-слав. моў. З другога боку, на карысць дапушчэння Махэка прамаўляе ‑е‑ ў складзе ‑ве‑ лексемы пере́ве́сло, а не ‑вʼя‑ (як у перевʼязати ’перавязаць’). Для ц.-слав. поврѣсло Трубачоў (Этимология–1972, 40) выводзіць прасл. форму *poverz‑slo. Гэтыя дзве формы з *po‑ (зах.- і паўд.-слав.) і *per (у асноўным, усх.-слав.) суіснуюць у кантамінаваных варыянтах на польскай моўнай тэрыторыі: powrósło (замест правільнай, фанетычна законнай формы powrzosło) і паўд. porwósło, вял.-польск. prowionsło, мазав. prowiąsło, катавіцка-кракаўскае przewiązło, пазн. powrząsło, аўгуст. przewiąslo (замест przewiązło), што дае падставу дапусціць архаічнасць форм *pervę(z)slo, povę(z)slo і *poverzlo (Банькоўскі, 2, 730, 739, 918).