Павіту́ха 1 ’жанчына, якая дапамагае пры родах’ (ТСБМ, Шат., Сл. Брэс.). Рус. повиту́ха, укр. повиту́ха, польск. дыял. powitucha ’тс’. Усходнеславянскае (польск., мабыць, з беларускай). Ад павіць з суф. ‑ucha. Старажытнасць словаўтварэння (параўн. SP, 1, 75) сведчыць калі не аб праславянскім, то аб дастаткова старым паходжанні слова. Параўн. таксама Фасмер, 3, 294.
Павіту́ха 2 ’пустазелле сямейства павітухавых’ (ТСБМ), ’фасоля, якая ўецца’ (Жд. 2). Рус. повиту́ха ’павітуха, бярозка’. Да павіць < віць з суф. ‑уха (гл. Мяркулава, Очерки, 107 і наст.).
Павіту́ха 3 ’вясёлка’ (Сл. Брэс.). Адзінкавая рэгіянальная назва вясёлкі. Бясспрэчна, утворана ад павіты < павіць з суф. ‑уха (параўн. іншыя назвы вясёлкі: весялуха, мецʼелуха, парадуха і г. д. — гл. Талстой, ОЛА, 974, 29 і наст.), але матывацыю назвы вызначыць цяжка. Магчыма, гэта метафара да павітуха 2, таму што вясёлка «лезе, караскаецца па небу»; не выключана, што семантыка гэтай лексемы асноўвалася і на ўяўленні аб нечым звітым, мнагаслойным. Аддаленай семантычнай паралеллю тут магла б служыць лексема пояс з рознымі вызначэннямі.
◎ Паві́ха ’від асакі’ (Сл. ПЗБ), повіха ’павіліца’ (ТС). Аддзеяслоўнае ўтварэнне ад *павіхаць < віхаць (гл.)., ’віхляць, хістаць’ і далей да віць. У аснове намінацыі ляжыць ўяўленне аб тонкім хісткім сцябле. Параўн. яшчэ вікла.
Павія́н ’буйная малпа з падоўжанай мордай, якая жыве ў Афрыцн і Аравіі’ (ТСБМ). У бел. з рус. павиа́н ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 88), якое ў сваю чаргу праз ням. Pavian запазычана з гал. baviaan ад франц. babouin, першапачаткова ’дурань’ (Фасмер, 3, 181).
Паводзіны ’спосаб жыцця; сукупнасць дзеянняў; манера трымаць сябе’, ’рабіць што-н.; характар учынкаў’ (ТСБМ). Уласна беларускае. Ад паводзіць (< вадзіць, вясці) сябе з суф. ‑ін‑ы (Аб суф. гл. Сцяцко, Афікс. наз., 156).
Паводка ’часовае падняцце вады ў вадаёмах у выніку раставання снегу або вялікіх дажджоў’ (ТСБМ, Шат., Сл. ПЗБ), па́вадкі (Нас., Гарэц., Грыг., Бяльк., Касп.), павы́дкі (Нар. сл.), паво́ддзе ’тс’ (Сцяшк., Сл.; Нар. лекс., шчуч.). Ад по- і вада з розным суфіксальным афармленнем. Аналагічна ў іншых славян: рус. по́водь, па́водок, польск. powodź, чэш. povodeň, серб.-харв. по̏водањ ’тс’ (гл. Фасмер, 3, 294; Брукнер, 628; Махэк₂, 477). Сюды ж і па́вылка ’паводка, верхаводка’ (Бяльк.), дзе д > л у выніку нерэгулярных фанетычных змяненняў.
Паво́дле ’ў адпаведнасці з чым-н., згодна з якімі-н. прыкметамі’ (ТСБМ, Гарэц.), паво́для ’тс’ (КЭС, лаг.), павэ́дле ’ў параўнанні’ (Гарэц., Сцяшк. Сл., З нар. сл., гродз., шчуч.). Гл. водле, вэдле.
◎ Паво́длуг ’у адпаведнасці з чым-н., згодна з чым-н.’ (КЭС, лаг.), павэдлуг ’тс’ (Яруш., ТС, Сл. ПЗБ), павэдлук ’акрамя’ (З нар. сл., гродз.). Гл. вэдлуг.
Паво́й 1 ’травяністае павойкае пустазелле сямейства бярозавых’ (ТСБМ), ’плюшч’ (Яруш.), паво́і ’дэкаратыўная расліна Ipomea (Янк. 2), павойка ’горац ўюнковы Poligonum bistorta L.’ (Кіс., Інстр. II), пово́й, пово́я ’павой’ (ТС), паву͡ойка ’травы, кветкі’ (Бес.), паво́йнік ’павой’ (ТСБМ), ’ламан Clematis L.’ (Кіс., віц.). Да віць з іншай апафанічнай ступенню кораня (Гл. Фасмер, 3, 294; Мяркулава, Очерки, 108). Аналагічна ў іншых слав. мовах: рус. пово́й, укр. пові́й, польск. powój ’павіліка, уюнок’.
Паво́й 2 ’какошнік’ (КЭС, віц.). Рус. пово́й ’павойнік, намітка’. Да віць з іншай апафанічнай ступенню кораня. Мяркуючы па геаграфіі, пранікненне з рус.
Паво́йнік 1 ’жгут з тонкіх галін, накшталт перавясла, якім замацоўваюць бярвенне плыта’ (ТСБМ). Да віць. Сюды ж павіва́нка ’пуга, звітая з дзвюх столак і абвітая тонкай вяроўкай’ (Нар. сл.).
Паво́йнік 2 ’даўні жаночы галаўны ўбор; намітка’ (ТСБМ), ’чэпчык’ (Мат. Гом.). Рус. пово́йник, пово́й ’тс’, серб.-харв. по̀во̄ј ’пялёнкі; спавівач’. Да віць з іншай ступенню агаласоўкі галосных (гл. Траўтман, 346; Фасмер, 3, 294).
Паволі ’няспешна, марудна; асцярожна; паступова, не адразу’ (ТСБМ, Нас., Яруш., Бяльк., Шат.). З польск. powoli ’тс’ (Кюнэ, Poln., 88). Аналагічна паво́льны ’няспешны, паступовы; вольны’ (Нас.) < польск. powolny.