Люля́ць ’рытмічна гойдаць’, ’калыхаць дзіця’ (ТСБМ, Шат., Ян.; дзятл., Сл. ПЗБ), драг. лю́ляты ’тс’ (Клім.). Укр. лю́ля́ти ’закалыхваць дзіця’, рус. люлькать, польск. lulać, в.-луж. lulać, чэш. lulati, усх.-славац. ľuľac, серб.-харв. љу́љати, макед. лулам, балг. люле́я ’тс’. Прасл. lʼulʼati ’ўсыпляць дзіцё спевам і калыханнем’. Утворана ад выклічніка lu‑lu > люлі! (гл.). І.‑е. адпаведнікі: літ. liūliúoti ’закалыхваць’, ’хістацца’, ’калывацца, калыхацца’, ст.-інд. lṓlati ’рухацца туды-сюды’, ням. lullen, англ. lull ’тс’. І.‑е. *leu‑ (Слаўскі, 4, 376–377; Фасмер, 2, 545–546; Скок, 2, 287; БЕР, 3, 578; Шустар-Шэўц, 12, 868; Махэк₂, 343; Бязлай, 2, 156; Трубачоў, Эт. сл., 15, 210–212).
Лю́ма ’плакса’ (докш., Янук.). Да рус. рю́ма ’тс’, якое лічыцца гукапераймальным, звязаным з реве́ть (Фасмер, 3, 533). Параўн. яшчэ і рус. сімб. лю́ниться ’увесь час плакаць, тужыць’, рус. ню́ні.
Лю́мза (экспр.) ’плаксун, плаксуха’ (кобр., Нар. лекс.). Да ру́мза ’тс’ якое Фасмер (3, 533) лічыць гукапераймальным.
Люн, лю́на, люна́, лю́ны, люны́, луні́, люні́ ’багна, дрыгва’, ’зыбун’ (швянч., ігн. брасл., трак., астрав., Сл. ПЗБ), ст.-бел. люнъ ’дрыгва’, а таксама рус. ёнаўск. люны ’стаўкі, якія зараслі травой’, ст.-польск. lun, luń ’забалочаная зямля’ — усе паходзяць з літ. liū̃nas ’дрыгва, зыбун’. Адносіцца да ліку позніх запазычанняў (Талстой, Лекс. балт., 46; Лаўчутэ, Сл. балт., 32; Булыка, Лекс. запазыч., 209).
Лю́ннік ’сведка на шлюбе’ (усх.-палес., Мат.). Літуанізм. Параўн. літ. liùdininkas ’сведка’, у якім пасля выпадзення ‑i‑ зычныя ‑dn‑ у выніку асіміляцыі змяніліся ў ‑нн‑.
Лю́нскі ў выразе люнскае сукно ’замежны’ (Нас.), ст.-рус. лунское (лундское) сукно ’англійскае сукно’, лундышъ, лундушъ, люндышъ, ст.-чэш. Lúnský, ст.-польск. luneński, luński, lundysz — усе з с.-ням. lundisch, устар. lündsch, lünsch ’англійскае сукно з Лондана < Lunden ’Лондан’. Бел. назва ўзята з польск. luńskie sukno. Насовіч (275) памылкова выводзіць гэты прыметнік з назвы горада Лейдэн. Ст.-бел. люндышъ, лундышъ, люндишъ ’гатунак сукна’ (1578 г.) запазычаны са ст.-польск. lundysz (Булыка, Лекс. запазыч. 107).
Лю́нуць ’хлынуць’, ’накінуцца гуртам, каб зрабіць што-небудзь’ (Юрч. Вытв.), польск. lunąć, серб.-харв. љу́нути ’хлынуць’. Прасл. lʼunǫti < выклічнік lʼu (Трубачоў, Эт. сл., 15, 214).
Лю́паць, кам. лю́патэ ’ўпарадкоўвацца’ (Сл. ПЗБ). Няясна. Магчыма, гукапераймальнае. Параўн. рус. пск., цвяр. лю́пать ’шлёпаць па гразі’.
Люпі́н ’лубін’ (ветк., Мат. Гом.). З рус. люпи́н ’тс’. Сюды ж люпінішча ’лубінішча’ (там жа).
Лю́ра ’ліра, беларускі народны струнны музычны інструмент з клавішамі і корбай’ (Мал.). Да лі́ра (гл.). Пераход і > ю адбыўся, відаць, на бел. тэрыторыі, а не працяг ст.-грэч. λύρα ’ліра, лютня’. Аб такім пераходзе гл. Карскі (1, 225).