Буксінка ’бручка, Brassica napus L.’ (маг., Кіс.). Бясспрэчна, мясцовае ўтварэнне (няма ў іншых мовах і суседніх дыялектах). Паколькі бручка часта носіць розныя, яўна новыя назвы (параўн., напр., немка, чыгірынка), у тым ліку і па колеру (сінюха), то можна меркаваць пра сувязь з прыметнікам тыпу рус. дыял. букси́новый ’чырвона-жоўты або цёмна-аранжавы’ (< фукси́н < ням.). Адсюль буксінка ’бручка’. Параўн. бу́кса 2 ’бручка’. Гл. Краўчук, БЛ, 1973, 3, 56.
Бу́кта ’глыбокае вірыстае месца ў рацэ на самым яе павароце, якое крыху ўдаецца ў сушу’ (Яшкін), буко́та ’тс’ (Яшкін), бу́кта ’глыбокае месца ў рацэ’ (Мат. Гродз.), ’шырокае і глыбокае месца на рацэ’ (Сцяшк. МГ). Як і бу́хта 2 (гл.), утварэнне ад гукапераймальнага дзеяслова *bukati, дакладней ад яго экспрэсіўнай суфіксальнай формы *bukъtěti. Форма буко́та — ад *buk‑ot‑ěti (параўн. буко́та ’ўзгорак’). Форма бу́кча ’глыбокае месца ў рацэ; затока’ (жыт., Яшкін) утворана па мадэлі *bukъti̯a. Параўн. бу́хта 2, буко́т 1, бу́чаё, бук 2, бу́ка 2.
Бу́кча ’глыбокае месца ў рацэ’. Гл. бу́кта.
Булава́ ’булава’ (БРС), ’булдавешка’ (Сцяшк. МГ). Рус. булава́, укр. булава́, польск. buława. Фасмер (1, 237) лічыць, што гэта вытворнае ад слав. *bula ’гуз, шышка, булдавешка’. Слаўскі (50) думае пра запазычанне. Гл. яшчэ Шанскі, 1, Б, 221. Сюды і була́ўка ’біч у цэпе’ (ДАБМ, 828).
Була́к ’воблака’ (Касп.). Бясспрэчна, з *бола́к да бо́лакі ’воблакі’, бо́лка ’хмарка’ (гл. пад бо́лакі).
Була́ны ’буланы, шэра-жоўты, палавы’ (БРС, Шат., Бяльк.). Рус. була́ный, укр. була́ний, польск. bułany. Запазычанне з цюрк. bulan. Гл. Фасмер, 1, 238. Параўн. Шанскі, 1, Б, 222. Ст.-бел. буланый сустракаецца ўжо ў помніках XVI ст. (Булыка, Запазыч.). Гл. яшчэ Адзінцоў, Этимология, 1971, 201–204.
Була́т (БРС). Рус. була́т, укр. була́т. Запазычанне з цюрк. bulat < перс. pūlād ’сталь’. Фасмер, 1, 238. Параўн. Шанскі, 1, Б, 222.
Булдава́ ’булава’, булдаве́шка (Бяльк., Шат., Касп.). Параўн. рус. дыял. булдавёха ’вялікі абрубак дрэва’, булда́вка *’вялікая палка (пастуха)’. Бясспрэчна, кантамінацыя двух асноў: балд‑а́ і бул‑ава́. Гэта кантамінаваная новая аснова булд- дае шмат іншых вытворных са значэннем ’штосьці круглае, вялікае, пузатае і да т. п.’ Параўн., напр., назвы раслін на булд-. Краўчук, БЛ, 1975, 7, 66–67.
Бу́лдаўка ’бурбалка’ (Сцяшк. МГ). Параўн. аснову булд- і булды́р 2.