Бу́кса1 ’бязрогая карова’ (Сцяшк. МГ). Няяснае слова. Ёсць дзве магчымасці тлумачэння: 1) метафара да бу́кса ’букса’ (гл.); першапачаткова ’карова з кароткімі, нібы абрубленымі (як «букса») рагамі’; 2) утварэнне (суфікс ‑s‑) ад дзеяслова *bukati () ’букацца, біцца лбамі’ (гл. бу́кацца); першапачаткова ’карова, якая букаецца, б’ецца лбом, а не рагамі’. Польск. дыял. buksa ’тс’ (паводле Варш. сл., 1, 231, няяснага паходжання). У літ. мове ёсць buksà ’бязрогая карова; чалавек без пальцаў’. У бел. мове запазычанне з літ.? Але ў Фрэнкеля гэтага слова няма наогул.

Бу́кса2 ’бручка’ (Бяльк., Кіс., Інстр. II, ДАБМ, 858–859, № 276). Слова, як і буксінка ’тс’ (гл.), усх.-бел. Бясспрэчна, мясцовае новаўтварэнне. Паколькі гэтай назва ізаляваная, то застаецца толькі адна магчымасць этымалагізавання: бу́кса ’бручка’ ўзнікла скарачэннем з буксінка ’тс’. Гл. Краўчук, БЛ, 1973, 3, 56.

Бу́кса3 ’букса’ (БРС), ’жалезная ўстаўка ў коле’ (Арх. Бяльк., слонім., Маш., Маслен., Бяльк.). Рус. бу́кса, укр. бу́кса (як тэхнічны тэрмін), польск. buksa, buks. З ням. Büchse ’тс’ (да ням. слова гл. Клюге, 107). Варш. сл., 1, 231; Шанскі, 1, Б, 220–221. Параўн. ст.-бел. букса (XVII ст.; Булыка, Запазыч., лічыць яго паланізмам).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)