Булды́р 1, булдырок ’бясплодны ўзгорак; высокае адкрытае месца, пакатая горка’ (Яшкін), бульды́р ’бясплодны ўзгорак’ (Касп.), булды́рь ’высокае, адкрытае месца’ (Нас.). Параўн. рус. дыял. булды́р ’месца, беднае травой’ (ноўг.), булды́рь ’няроўнае месца, узгорак у полі’ (пск.), ’няроўнае, дрэннае месца ў полі, беднае расліннасцю’ (наўг.). Вытворнае (суф. ‑ыр, з слав. *‑yrь) ад асновы булд-, якой называюць круглыя, шышкаватыя прадметы (гл. булдава́, булд-). Параўн. булды́р, бульды́р ’пузыр (вадзяны)’.
Булды́р 2 ’бурбалка’, бульды́р ’пузыр’ (Касп.), булды́рь (Нас., Бяльк.). Параўн. рус. дыял. булды́рь ’пухір, пузыр, бурбалка’ (ярасл., пск., наўг., арханг., смал., валаг. і да т. п.). Думаюць пра аснову бул‑, якая, напр., у рус. словах булыга, булдыга і г. д. (Праабражэнскі, 1, 52–53; і.-е. *bol‑, *bul‑ і г. д.). Таксама ёсць версія пра роднаснасць з літ. bulìs ’ягадзіца’, лац. bulla ’пузыр, почка’ і г. д. (гл. Фасмер, 1, 238). Юркоўскі (Ukr. hydrogr., 90) бачыць тут нейкую гукапераймальную аснову. Мяркуем, што лепш зыходзіць з асновы булд-, другаснай па паходжанню (гл. булд-, булдава́); суфікс ‑ыр (слав. *‑yrь). Параўн. булды́р 1 ’узгорак’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)