Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Буз, бузок ’бэз’. Гл. бузіна́.

Буза́1 ’падонкі, мут, асадак; азаддзе’ (БРС, Нас., Касп., Яруш., Бяльк.), ’бруд, мут на вадзе’ (КЭС, лаг.), ’пустазелле сярод зярнят’ (Шат.). Укр. буза́ ’татарскі напітак з проса; бруд у нямытай авечай шэрсці; асадак у вадкасці’. Рус. буза́ ’напітак; мутная вадкасць; дрэнны суп; мутная вада ў рацэ; іл, гразь і г. д.’. Запазычанне з цюрк. моў (параўн. тат. buza ’напітак з проса і да т. п.’ < перс.; Локач, 31). Міклашыч, 25; Бернекер, 105; Фасмер, 1, 232; Дзмітрыеў, Тюрк. эл., 21; Шанскі, 1, Б, 214–215. Шмат значэнняў у выніку метафарызацыі. Параўн. буза́2.

Буза́2 ’рачны і азёрны іл; гразь; разведзеная гліна; твань з травой на дне вадаёма, гразкае балота’ (Яшкін), буза́, бузяна́е балота (полац., гл. Талстой, Геогр., 192), рус. (пск.) буза́. Перанос назвы ежы, напіткаў на геаграфічныя аб’екты. Параўн. буза́ ’астаткі вадкасці; напітак буза; адходы’. Падрабязней Талстой, Геогр., 192 (там і некаторыя семантычныя паралелі). Гл. таксама Макіенка, Зб. Ларыну, 102. Паводле Нік. Очерки, 103, адсюль паходзіць бузава́ць, ’пэцкаць, муціць, тускліць; мяць, псаваць адзенне’ (БРС, Бір. Дзярж., Бяльк., Касп., Шат.), буза́ніць. Але параўн. і бузава́ць ’біць’.

Буза́3 ’скандал’ (БРС). Рус. буза́ ’тс’, укр. буза́рус.?). Не вельмі яснае слова. Па адной версіі, метафарызацыяй з буза́ ’напітак’ (так Трубачоў, Дополн., 1, 233; супраць Шанскі, 1, Б, 215). Шанскі, там жа, мяркуе, што буза́ ’скандал’ < польск. buza ’лаянка, вымова’ (падрабязней гл. пад бузава́ць ’біць’). Ад буза́ ’скандал’ утворана бузі́ць, рус. бузи́ть (гл. Трубачоў, Дополн., 1, 233; наўрад ці ёсць сувязь з англ. арго boose ’моцны напітак’, boosy ’п’яны’, аб гэтым Трубачоў, там жа).

Бузава́ць ’біць, лупцаваць’ (Бяльк.), буза́ніць ’біць’. Рус. бузова́ть ’тс’, укр. бузува́ти ’тс’; ’рабіць вымову’. Запазычанне з польск. buzować ’тс’ (параўн. і buza ’лаянка, вымова’). Рыхардт, Poln., 38; Кюнэ, Poln., 47; Шанскі, 1, Б, 216. Польскае слова ўзята з італ. far buzzo ’злавацца’ (Брукнер, 51). Вельмі няпэўная сувязь усёй групы слоў з бузіна́ і да т. п., як і сувязь (Мацэнаўэр, Cizí sl., 127) з літ. baũsti ’прымушаць, караць’ (Фасмер, 1, 233; яшчэ Шанскі, там жа). Надта няпэўным з’яўляецца вывядзенне ўсх.-слав. (укр.) слоў прама з італ. мовы (так Рудніцкі, 241). Аб бузава́ць ’пэцкаць і да т. п.’ гл. пад буза́2.

Бузго́р, таксама бузго́рак, бузгаро́к ’горка, узвышша’ (Яшкін). Рус. дыял. (пск.) бузгорок ’частка поля’. Кантамінацыя слоў буго́р (гл.) і ўзго́р(ак). Здаецца, беларуска-руская сумесная інавацыя. Краўчук, БЛ, 1974, 5, 64.

Бузіна́ ’Sambucus nigra L.’ (Кіс., БРС, Шат.), бузі́на (Сцяшк. МГ). Рус. бузина́, буз, боз, укр. бузина́, боз; у значэнні ’бэз, Syringa’ — бел., укр. буз, бузо́к, польск. bez, чэш. bez, балг. бъз, серб.-харв. баз, ба́за і г. д. Слав. *buzina, *buzъ, *bъzъ ’бузіна, Sambucus; бэз, Syringa’ лічыцца роднасным з і.-е. словамі, якія азначаюць ’дуб’ і ’бук’: лац. fāgus ’бук’, грэч. φηγός, φᾱγός дуб’, ст.-ісл. bók, ст.-в.-ням. buohha ’бук’ і г. д. Гл. Фасмер, 1, 233; Бернекер, 111.

Бузі́ць. Гл. буза́3.