Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Буй ’моцны, халодны вецер’ (Сцяшк. МГ, Яшкін), ’халадэча з ветрам’ (Юрч.), ’высокае, адкрытае для ветру месца, узгорак’ (Бяльк., Яшкін, Нас., Шат., Гарэц.), ’хуткі, востры’ (Нас.), схіл гары, узгорка’ (Яшкін), ’няўступчывы, буян’ (Нас.). Укр. буй ’адкрытае для ветру ўзвышша’, рус. буй ’высокае, адкрытае месца; магільнік’. Першапачаткова, мабыць, ’высокае адкрытае месца’. Так Філін, Происх., 524–525. Гл. яшчэ Ларын, Слово гов. Севера, 6. Фасмер (1, 234) значэнне ’магільнік’ звязвае з швед. уплывам. Калі першая версія правільная, то ўсё да слав. *bujь, *bujьnъ (гл. пад буя́ць). Параўн. Барысава, Бел.-рус. ізал., 9.

Бу́йвал ’буйвал’ (БРС. Бяльк.), таксама ’непакладзены бык’ (ДАБМ, 883). Рус. бу́йвол, укр. бу́йвіл. Старое запазычанне (параўн. ст.-рус. быволъ і г. д.) з лац. *būvalus з ад’ідэацыяй да *bujь дзікі’ і *vоlъ. Гл. Фасмер, 1, 234. Бу́йвал азначае і ’птушка бугай’ (Інстр. II), параўн. буга́й2.

Буймі́стр ’бурмістр’ (Нас.). Як думае Апель, РФВ, 3, 87 (за ім і Фасмер, 1, 246), гэта беларускае слова ўзнікла з бурмістр (гл.) пад уплывам слова бу́йны (параўн. бурмі́шча). Але, магчыма, гэта не так. Хутчэй можна думаць пра дысіміляцыю р–р > й–р.

Буйні́цы. Гл. буякі́.

Бу́йны ’непакорны, неўгамонны’ (Бяльк.), ’моцны, бурлівы’ (Нас.), ’вялікі, буйны’ (БРС, Нас., Бяльк., Касп., Сцяшк. МГ, Яруш.). Укр. бу́йний ’моцны, бурлівы’, дыял. таксама ’вялікі, буйны’. Гэта апошняе значэнне, мабыць, другаснае і развілося ў бел. і ўкр. мовах незалежна, на базе зыходнага ’моцны’. Гл. буя́ць.

Буйра́к ’сухое рэчышча’. Гл. байра́к1.

Буйстра́ ’быстрыня; месца хуткага цячэння ў рацэ’ (Яшкін). Бясспрэчна, з *быстра́. Параўн. рус. дыял. (калуж.) быстра́ ’сярэдзіна цячэння ракі’. У бел. слове фанетычная дыялектная змена (ы > у пасля губных) і, мабыць, уплыў слова буй‑ны. Параўн. яшчэ быйстра́ ’паласа хуткага цячэння ў рацэ’ (Яшкін).