Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Бут ’яма, траншэя з каменнем; каменны падмурак печы ў хаце’ (Яшкін). Параўн. рус. бут ’дробнае каменне, шчэбень’, бути́ть ’напаўняць яму цэментным растворам і шчэбнем’. Паходжанне слоў няяснае. Гл. Фасмер, 1, 252 (там некаторыя меркаванні).

Бу́таль. Гл. бу́тля, бутэ́лька.

Бутара́ж, бутара́жыць. Гл. будара́жыць.

Бутары́сіца ’завіруха’ (Касп.). Бясспрэчна, звязана з рус. дыял. буто́ра ’тс’, бутори́ть ’месці (аб мяцеліцы)’; далей з бутара́жыць, будара́жыць (гл.). Параўн. яшчэ Шанскі, 1, Б, 212–213.

Бу́тлы. Гл. батва́.

Бу́тля, бу́таль. Укр. бу́тля, бо́тля, бу́тель. Запазычанне з польск. butla, butel ’тс’ (< франц. bouteille, с.-лац. buticula, гл. Варш. сл., 1, 241; Брукнер, 51). Рыхардт, Poln., 38; Рудніцкі, 274. Параўн. бутэ́лька. Рус. буты́лка, буты́ль таксама з польскай мовы (гл. Праабражэнскі, 1, 56; Фасмер, 1, 254; Шанскі, 1, Б, 238–239). Губшмід (Schläuche, 42) думае пра запазычанне рус. буты́ль прама з франц. мовы (падрабязна аб гісторыі ўсёй групы слоў там жа, 38 і далей). Гл. яшчэ Гарабец, Мовознавство, 1972, № 4, 82–83.

Буто́н. Рус. буто́н, укр. буто́н. Запазычанне з франц. мовы: франц. bouton ’тс’ (да bouter ’расці, набракаць’). Фасмер, 1, 253; Шанскі, 1, Б, 238.

Буту́з. Відавочна, запазычанне з рус. буту́з, буту́с ’тоўсты малы чалавек, карапуз’, якое лічаць вытворным ад дзеяслова буте́ть таўсцець’ (Гараеў, 25; Сабалеўскі, РФВ, 66, 333; Фасмер, 1, 253; Шанскі, 1, Б, 238). Іншыя думаюць, што рус. слова — цюркізм (так Дзмітрыеў, Тюрк. эл., 44; супраць Шанскі, там жа).

Буты́лка ’бутэлька’ (Бяльк., Сцяшк. МГ). Мабыць, з рус. буты́лка ’тс’.

Бутэ́лька, таксама бутэ́ль (Нас.), бутэ́лка (Бяльк.). Укр. буте́лька. Запазычанне з польск. butelka ’тс’ (а гэта з франц. bouteille). Гл. Варш. сл., 1, 241; Брукнер, 51; Рыхардт, Poln., 38; Кюнэ, Poln., 47; Рудніцкі, 1, 274. Гл. яшчэ бу́тля. Падрабязна аб усёй групе слоў гл. Губшмід, Schläuche, 38 і наст.