Булава́ ’булава’ (БРС), ’булдавешка’ (Сцяшк. МГ). Рус. булава́, укр. булава́, польск. buława. Фасмер (1, 237) лічыць, што гэта вытворнае ад слав. *bula ’гуз, шышка, булдавешка’. Слаўскі (50) думае пра запазычанне. Гл. яшчэ Шанскі, 1, Б, 221. Сюды і була́ўка ’біч у цэпе’ (ДАБМ, 828).
Була́к ’воблака’ (Касп.). Бясспрэчна, з *бола́к да бо́лакі ’воблакі’, бо́лка ’хмарка’ (гл. пад бо́лакі).
Була́ны ’буланы, шэра-жоўты, палавы’ (БРС, Шат., Бяльк.). Рус. була́ный, укр. була́ний, польск. bułany. Запазычанне з цюрк. bulan. Гл. Фасмер, 1, 238. Параўн. Шанскі, 1, Б, 222. Ст.-бел. буланый сустракаецца ўжо ў помніках XVI ст. (Булыка, Запазыч.). Гл. яшчэ Адзінцоў, Этимология, 1971, 201–204.
Була́т (БРС). Рус. була́т, укр. була́т. Запазычанне з цюрк. bulat < перс. pūlād ’сталь’. Фасмер, 1, 238. Параўн. Шанскі, 1, Б, 222.
Булдава́ ’булава’, булдаве́шка (Бяльк., Шат., Касп.). Параўн. рус. дыял. булдавёха ’вялікі абрубак дрэва’, булда́вка *’вялікая палка (пастуха)’. Бясспрэчна, кантамінацыя двух асноў: балд‑а́ і бул‑ава́. Гэта кантамінаваная новая аснова булд- дае шмат іншых вытворных са значэннем ’штосьці круглае, вялікае, пузатае і да т. п.’ Параўн., напр., назвы раслін на булд-. Краўчук, БЛ, 1975, 7, 66–67.
Бу́лдаўка ’бурбалка’ (Сцяшк. МГ). Параўн. аснову булд- і булды́р 2.
Булдоўка ’расліна Nuphar luteum Sm., гарлачык жоўты’ (Інстр. II, Кіс., там і крыніцы). Паколькі расліна мае «пузатыя» кветкі, то яна часта носіць назвы тыпу ба́нька (< ба́нька ’пузатая пасудзіна’), глечыкі, кушынкі, жбанкі (гл. пад банька і іншыя падобныя назвы). У дадзеным выпадку выступае аснова булд-, якой часта называюць пузатыя, круглыя, выпуклыя прадметы (гл. булд-, булдава́, булды́га, булды́р, бульды́р). Параўн. яшчэ назвы кветак тыпу булдоўнік.
Булдоўнік 1 ’расліна Cirsium arvense, бадзяк палявы’ (гл. Кіс.). Напэўна, расліна так названа паводле сваіх круглых кветак-галовак. Параўн., напр., яе назвы ва ўкр. мове, якія адлюстроўваюць гэту прыкмету: головатник, наголоватень, наголоватка (Макавецкі, Sł. botan., 99). У бел. мове тут выступае тая ж аснова булд-, што азначае круглыя, пузатыя прадметы (гл. булд-, булдава́, булды́р, булды́га і г. д.) і ’сустракаецца ў іншых назвах раслін (гл. булдоўка). Менш верагоднай здаецца здагадка, што булд‑(оўнік) < *будл‑(оўнік) < *бодл‑(оўнік); параўн. укр. назвы для Cirsium arvense тыпу бодлак (ад бод‑ ’калоць’).
Булдоўнік 2 ’расліна Pulsatilla patens L., сон раскрыты’ (Кіс.). Назва (аснова булд- ’штосьці круглае, збанкаватае, выпуклае’; гл. булд-, булдава́, булды́р, булды́га, а таксама іншыя назвы раслін: булдоўка гарлачык жоўты’ і булдоўнік ’бадзяк палявы’) паводле збан-кападобнай, як у цюльпана, кветкі.
Булды́га ’цвёрдая няроўнасць на разбітай дарозе, замёрзлая гразь у выглядзе розных выступаў; скіба дзярністай зямлі на раллі, вялікія кавалкі сухой зямлі на засяроджаным полі’ (Яшкін). Параўн. рус. дыял. булды́га ’костка; шышкаватая палка, дубіна’. Утварэнне ад асновы булд- ’штосьці круглае, шышкаватае і г. д.’, кантамінаванай па паходжанню (гл. булдава́, булд-). Іначай аб аснове булд- Праабражэнскі, 1, 52–53, і Фасмер, 1, 238 (пад булды́га, булы́га).