Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Расстрэ́цца растрэ́цца ’расстацца пасля сустрэчы’ (Кос., Стан.), росстрэ́цца ’размінуцца, разысціся’ (ТС), растрэ́цца ’расстацца’ (Пал.), сюды ж расстра́цца ’тс’ (Ян., Юрч. Вытв.) са зменай націскнога пад уплывам расста́цца. Да стрэцца (гл.) з семантычным развіццём, абумоўленым адным са значэнняў прэфікса раз‑/рас‑, параўн. таксама расстрава́цца ’развітвацца’ (чач., ЖНС), растрава́цца ’расставацца’ (Ян.).

Рассу́рываць ’раскідываць, выдаваць, траціць’ (Нас.). Да сур ’смецце’ (гл.), параўн. распасо́рыць (гл.).

Рассусо́льваць ’доўга разважаць, гаварыць, траціць час на размовы’, ’расцягваць, доўга рабіць’ (ТСБМ), рассусу́ліваць ’гаварыць не па справе’ (Бяльк.); сюды ж рассусу́ліць ’зразумець, утаміць’ (жлоб., Жыв. сл.). Гл. таксама рассасуліваць, рассасу́ля Да су́сла, сусо́лка (гл.).

Рассы́пацца ’разрадзіцца’ (Нас., Байк. і Некр., Касп., Сержп. Прык., ТСБМ; ваўк., Стан.). Эўфемізм, да рассы́пацца ’упасці, разляцецца’, якое да сыпацца, сыпаць (гл.). Параўн. роскі́дацца ’разрадзіцца’ (ТС).

Ра́сся ’рыззё’ (Бяльк.). Гл. pacce.

Раст, мн. л. расты́, ’парастак’ (астрав., Жд. 1). Нульсуфіксальнае ўтварэнне ад расты́, параўн. расток, храсток (гл.). Сюды ж (калі гэта не запазычанне з украінскай) раст — “маленькія-маленькія, з галоўку шпількі, сінія, іншым часам белыя кветкі, вылазяць амаль адразу, як сыдзе снег” (Караткевіч, Маладосць, 1987, 1, 159). Параўн. укр. раст ’ключыкі, Primula veris L.; кураслеп, Anemona nemorosa L.’, макед. рас ’куст’, балг. раст ’дубчык’, ра́сте ’галінкі для тутавага шаўкапрада’. Параўн. таксама аналагічныя, але аддзеяслоўныя рус. дыял. раст ’лепшы час для росту зеляніны і пад.; для сенакосу, збору малака (на масла) і пад.’, ’маладая трава (на пашы)’, што, паводле БЕР, 6, 186, запазычаны са стараславянскай; а таксама славен. rȃst ’рост, расліннасць’, серб.-харв. ра̑ст ’расліна’, макед. раст ’рост’, ст.-слав. растъ ’рост, вырастанне’, якія з’яўляюцца рэгулярнымі адпаведнікамі прасл. *orstъ < orsti, гл. рост, расці.

*Растаба́рваць, ростаба́рваць ’весці пустыя размовы, доўга разважаць’ (ТС). Да незафіксаванага, але цалакам верагоднага *таба́рыць, калі ўзяць пад увагу рус. ніжагар. таба́рить пры рус. літар. і дыял. растаба́ривать, растаба́рывать, растаба́ровать ’размаўляць; балбатаць; жартаваць; выхваляцца’. Бяспрэфіксны дзеяслоў Фасмер (4, 6) схільны звязваць са ст.-яўр. dibbēr ’гаварыць’ і dāꞵār ’слова, вестка’, адкуль яўр.-ням. dibbern, döbern ’гаварыць’ (там жа, 3, 434), што, зразумела, вельмі няпэўна. Трубачоў (там жа) прапанаваў бачыць тут прэфіксальныя вытворныя ад асновы бар‑, рыфмаванага варыянта тар‑, параўн. тарыбары (гл.). Гл. таксама раздабарваць.

Растані́ мн. л. ’перакрыжаванне дарог’, ’развілка, месца, дзе дарога раздвойваецца, разыходжанне дарог, раздарожжа’ (Байк. і Некр., Яшк.), растанькі́ ’тс’ (Ян., Мат. Гом.), растанцы́ ’тс’ (Мат. Гом., Янк. 1), расстанцы́ ’тс’ (Сцяшк.). Гл. ро́стань.

Раста́нкі мн. л. ’разыход, расстанне’ (Байк. і Некр.). Параўн. з рус. ро́зста́ни ’развітанне’ і ’пачастунак, перад доўгім развітаннем’, а таксама ’развілка дарог’. Сцвярджаецца (Даль₃, 1564), што таго, хто адпраўляўся ў дарогу, традыцыйна праводзілі да скрыжавання і развітваліся там. Адсюль растайна дарога (гл. расстайны), дзе трэба расстацца. Гл. расстанне.

Растанчы́ца ’якая расстаецца з кім-небудзь’ (Кос.). Субстантыў ад раста́нне < расста́нне, гл.