Раздаба́рваць ’размаўляць, балбатаць’ (Нас., Сержп. Казкі), раздабе́рваць ’балбатаць’ (слуц., Бел. дыял.), раздабы́раваць ’гаварыць шмат непатрэбнага, лішняга’ (Мат. Маг. 2), раздаба́рыцца ’разгаварыцца’ (Нас.), раздаба́ра ’балбатун’, раздаба́ры ’доўгая размова пра пустое’ (Нас., Чач.), у дзіцячай фальклорнай рыфмоўцы: «Шарыбары‑расдабары / Белы сняжкі выпадалі…» (Рам. 2), укр. роздоба́рювати, рус. дыял. раздаба́ривать, раздаба́рывать ’весці пустыя размовы’, ’размаўляць’, ’спрачацца’, ’доўга і нудна гаварыць’, раздоба́ривать, растоба́ривать ’балбатаць’. Зыходным з’яўляецца ст.-яўр. daßar (dābhār) ’слова, звестка’, ’рэч, справа’, dibber ’гаварыць’, адкуль яўр.-ням. dabbern, dibbern ’гаварыць’ (Нас., 548; Фасмер, 3, 434; Горбач, Арго, 18). Трубачоў (Дополн., там жа) лічыць самастойным утварэннем з прыстаўкамі раз‑до‑, pac‑то‑ ад асновы бар‑ у рыфмоўцы тары-бары, што падаецца верагодным.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)