Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ваўня́нка ’грыб ваўнянка’ (БРС, Нас., Касп., Сцяшк. МГ), вавня́нка, вовня́нка ’вельмі горкі грыб (Lactaria necator)’ (Лысенка, ССП); пераносна ’чалавек з дрэнным характарам’. У грыба Agaricus torminosus шляпка пакрыта валаскамі. Таму ў слав. мовах яго называюць ’шарсцяным’, у прыватнасці вытворнымі словамі ад *vьlna ’шэрсць’. Параўн. рус. волнушка, волняшка, укр. вовнянка, польск. wełnianka, ст.-чэш. vlněnka і да т. п. Падрабязна з аглядам літ-ры Мяркулава Очерки, 172–173.

Ваўрэ́ць ’моцна спацець’ (Касп., Гарэц., Яруш., Бяльк.). Рус. дыял. вреть ’моцна пацець’. Параўн. укр. дыял. врі́ти ’кіпець’, бел. врэць, ст.-рус. вьрѣти ’кіпець’, польск. wrzeć, чэш. vřiti, ст.-слав. вьрѣти, серб. вре̏ти і г. д. Прасл. *vьrěti ’кіпець і да т. п.’ Падрабязней гл. Фасмер, 1, 362. Бел. ваўрэ́ць < *о‑вьрѣти (з пратэтычным о‑ > ва‑).

Ваўча́нка ’хвароба ваўчанка’ (БРС). Рус. волча́нка. У бел. мове, магчыма, запазычанне з рус., дзе назва ўтворана ад волк (па характару хваробы). У рус., магчыма, калька з лац. lupus ’тс’ (літаральна ’воўк’). Гл. Гараеў, 54; Фасмер, 1, 346; Шанскі, 1, В, 153.

Ваўчкі́ ’расліна Bidens, ваўчкі’ (БРС, Кіс.); ’Pedicularis palustris L.’ Да воўк. Расліна мае плады з шыламі, пакрытымі зубчыкамі. Параўн. іншыя назвы расліны: сабачкі, укр. собачки, стрілки, причепа, кошки і г. д. Параўн. яшчэ ў рус. мове назвы для асота, рапейніка — волчец, волчок, волчняк, волчевник (матывацыя тая ж: пустазелле з вострымі шыламі і ўчэпістымі пладамі; гл. Мяркулава, Очерки, 98). Іначай аб рус. волчец Шанскі 1, В, 153 (запазычанне са ст.-слав. вълчьцъ). Сюды і бел. ваўчкі ’адходы пры прадзенні кудзелі’ (Шатал.).

Ваўчо́к ’дзіцячая цацка’ (БРС). Рус. волчо́к ’тс’ (з XVI–XVII стст.?). Ад волк, воўк (цацка выдае гукі, нібы выццё); параўн. і чэш. назву гэтай цацкі vlk (Шанскі, 1, В, 153; гл. таксама Фасмер, 1, 346–347, які прыводзіць як паралель лат. vilks ’воўк’ у назвах розных інструментаў і ўказвае, што і ў ням. мове розныя інструменты носяць назву ’воўк’). Менш пераконвае Гараеў, 54 (гл. і Праабражэнскі, 1, 94): сувязь з дзеясловам волочиться. У бел. мове ваўчок, відавочна, запазычанне з рус.

Ваўчу́г ’расліна стальнік, Ononis arvensis L.’ (БРС, Кіс., Гарэц.), таксама ваўчу́к, ваўчу́га, укр. вовчу́г. Бясспрэчна, ад воўк (матывацыя можа быць рознай: расліна пакрыта валаскамі, мае моцныя корані). Параўн. назвы для Ononis ва ўкр. мове: плугодержка, стальник, вовча, вовчак, вовче зілля, вовк і г. д.

Ваўчынец ’воўчая ягада, Daphne’ (Інстр. II); ’Daphne mezereum L.’ Параўн. укр. вовчинець ’тс’ (таксама вовче личко, вовчі ягоди, вовчій перец і г. д.; Макавецкі, Sł. botan., 126). Рус. волчник, волчьи ягоды, чэш. vlčí lýko, польск. wilcze łyko, серб. вучје лико, ням. Wolfbast і г. д. (гл. Махэк, Jména rostl., 152). Утварэнне з суф. ‑ец ад ваўчыны. Названа расліна так, таму што ягады яе непрыгодныя для яды.

Ваўчы́ца. Рус. волчи́ца, укр. вовчи́ця, польск. wilczyca, серб. ву̀чица і г. д. Прасл. *vьlčica. Фармальна ўтварэнне суф. ‑ica ад *vьlkъ ’воўк’. Але ставіцца пытанне пра адпаведнасць часткі слова *vьlči‑ і.-е. утварэнню. Параўн. ст.-інд. vr̥kī́, літ. vilkė і г. д. (гл. Зубаты, LF, 25, 239; Мікала, Ursl. Gr., 120; Траўтман, 359; Фасмер, 1, 346).

Ва́ха ’вахта, пост вайсковы’ (Сцяшк. МГ). Запазычанне з польск. wacha ’тс’ (а гэта з ням. Wache; гл. Брукнер, 598).

Вахка ’расліна капытнік балотны, Calla palustris L.’ (Кіс., Інстр. II). Запазычанне з рус. вахка (таксама і ў форме вахта) ’Menyanthes’ і ’Calla palustris’, а гэта з угра-фін. моў (параўн. фін. vehka). Падрабязна аб рус. слове гл. Мяркулава, Очерки, 37–38.