Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Васто́рг ’захапленне’ (Яруш.). Запазычанне з рус. восто́рг ’тс’, а гэта са ст.-слав. въстъргъ (Шанскі, 1, В, 176; параўн. таксама Фасмер, 1, 357).

Вастраку́тнік ’вастракутнік’ (БРС), вастраку́тны (БРС). Рус. остроуго́льный, остроуго́льник. Здаецца, калька з рус. мовы (а гэта калька з еўрапейскіх моў; параўн. ням. spitzwinklig ’вастракутны’).

Вастры́ца1 ’расліна вастрыца, Asperugo L.’ (Кіс.). Рус. остри́ца. Ад во́стры. Назва дадзена паводле характару расліны (апісанне гл. Нейштадт, Определитель, 458). Параўн. яе назвы ва ўкр. мове: дереза, острець, остриця, репяшки (Макавецкі, Sł. botan.), далей польск. ostre ziele, чэш. ostrolist (гл. Махэк, Jména rostl., 187).

Вастры́ца2 (заал.) ’вастрыца’ (БРС). Рус. остри́ца. Да во́стры. Параўн. тлумачэнне ў Даля: «Остри́ца нутрячек, Ascaris, едкая, крошечная глиста, от коей бывает невыносимый зуд».

Вастры́ць ’вастрыць’. Рус. остри́ть, укр. гостри́ти, чэш. ostřiti і г. д. Слав. *ostriti — вытворнае ад *ostrъ. Гл. во́стры.

Вастрэ́ц (бат.) ’вастрэц’ (БРС). Рус. остре́ц, у Даля: остре́ц, востре́ц ’Carex caespitosa; Elymus pseudoagricum’. Да во́стры паводле характару расліны. Параўн. апісанне Carex (Нейштадт, Определитель, 139–140). Чэш. ostřice, польск. ostrzyca (гл. Махэк₂, 421). Параўн. і назвы для Carex, якія прыводзіць Макавецкі (Sł. botan., 80–83).

Васці́гнуць ’пачацца’ (Жд., 2). Няясна.

Ва́ській (КЭС). Укр. ва́ський ’ваш’. З ваш‑ський (да ваш ’ваш’ + суф. ‑ський). Гл. Рудніцкі, 1, 323.

Васьме́рні мн. л. ’тканіна, палатно, тканае ў восем нітоў’ (Бяльк.). Да осмеро (параўн. васьмяры́к) ’восем’. Па ўтварэнню ідэнтычнае ўкр. восьмерня́ ’дошка, якая атрымліваецца пры распілоўцы ствала на восем частак’.

Васьміно́г (БРС). З рус. осьмино́г ’тс’, якое з’яўляецца калькай з еўрапейскіх назваў гэтай жывёлы (параўн. лац. octopus, франц. octopodes, ням. Achtfüßer, Achtarmer і г. д.).

Васьмяры́к ’васьмёрка (коней)’ (БРС); ’жылое памяшканне з васьмі кватэр’ (Жд.); ’20 кап. срэбрам’ (Грыг.). Рус. восьмерик ’мера з васьмі адзінак; прадмет з васьмі адзінак і г. д.’, укр. восьмери́к. Усх.-слав. утварэнне. Ст.-рус. осмерик (восьмерик) ад лічэбніка осмеро ’восем’ (+ суф. ‑ик). Падрабязней гл. Шанскі, 1, В, 177.