Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Пруд1 прудок ’будынак млына; млын (звычайна вадзяны)’ (Нас., Шат., Мік., Яруш., Бяльк., Касп.; маг., Шн. 2; полац., Нар. лекс.; Мат. Маг., дубр., Хрэст. дыял.), ’невялікі вадаём, сажалка’, ’раўчак’, ’яма ў вадаёме’ (калінк., гродз., паст., воран., Сл. ПЗБ), ’штучнае возера, ставок’ (Касп., Мік., Мядзв.), ’курган, высокае месца, якое агібаецца ракой’ (слаўг., Яшк.). Сюды ж пру́днік ’млынар’ (Нас., Касп., Мік.). Рус. пруд ’сажалка’, укр. пруд ’хуткае цячэнне’, ст.-рус. прудъ ’паток, напор; запруджанае месца’, польск. prąd ’паток, цячэнне’, чэш. proud, славац. prúd ’тс’, серб.-харв. пру̑д ’водмель, дзюна’, славен. pród ’галька, водмель’. Прасл. *prǫdъ перш за ўсё ў значэнні ’тое, што стварае перашкоду, сціскае, звужае магчымасці вольнай плыні’, найлепш прадстаўленае ў запру́да ’гаць, плаціна’; чаргуецца з pręd‑, якое ў пра́нуць ’кінуць’, рус. пряда́ть, пря́нуть ’адскочыць’. Роднасныя ў іншых і.-е. мовах: с.-в.-ням. sprinzen ’скакаць’, ст.-ісл. spretta ’скакаць; пырскаць, пускаць парасткі, струменіць’, с.-в.-ням. sprenzen ’пырскаць, крапіць’, spranz ’ускокванне; прарастанне’ (гл. Міклашыч, 263; Махэк₂, 485 і наст.; Фасмер, 3, 388; тут гл. і інш. літ-py; Бязлай, 3, 125; Банькоўскі, 2, 768; ЕСУМ, 4, 616; Шустар-Шэўц, 2, 1163).

Пруд2, прут, пруды́ ’паз у драўляным посудзе’ (лаг., віл., Сл. ПЗБ), прут ’паз’ (круп., Нар. сл.). Гл. апруды, абруд, прыд.

Пруда́ны (Шат.), ’госці маладой, якія суправаджаюць яе з пасагам ў дом маладога’, пруда́ныя ’тс’ (пух., Сл. ПЗБ), пруда́нкі, прыда́нкі ’тс’ (Касп.), пруда́ны, прыда́нікі, прыда́ныя ’тс’ (Сцяшк. Сл.). Укр. прида́не, прида́нки ’тс’, рус. пск. прида́нный ’вясельны паязджанін’. Да прыданае (гл.).

Пру́дзіць (адзежу ў лазні) ’знішчаць вошы, прапарваць над вуголлем, дэзінфіцыраваць’ (Нас., Касп., Гарэц., Мік., Др.-Падб., Сл. ПЗБ; кіраў., Нар. сл.), ’апырскваць хімікатамі’ (іўеў., Сл. ПЗБ), пру́дзіцца ’сохнуць’ (Сцяшк.), ’прасушвацца ў лазні ў духу (пра бялізну)’ (талач., в.-дзв., Шатал.). Рус. арл., калуж., разан., смал. пру́диться ’грэцца (каля печкі)’, чэш. pruditi ’гарэць, награваць’, польск. prędanie ’гарэнне’ (Міклашыч, 263). Сюды ж серб.-харв. pruditi ’гарэць, паліць’, prúda ’крапіва’ (Скок, 3, 60). Паводле Фасмера (3, 388), магчыма, звязана з пруд1; у семантычных адносінах ён параўноўвае слав. *vrěti ’кіпець’ і літ. vérdu, vìrti ’кіпець, бурліць, варыць’. Махэк₂ (488) узнаўляе прасл. *pruditi, якое лічыць роднасным ням. brennen ’паліць’. Гл. яшчэ Коген (Запіскі, 2, кн. 9, 93), які паўтарае версію Петарсана аб тым, што гэтыя словы ўзыходзяць да і.-е. *prend‑//*prond‑ і далей звязаны з прагнуць (гл.). Сюды таксама апру́дзіцца (гл.), параўн. серб.-харв. oprudilo (пра дзіця, якое абмачылася і ў яго пячэ ў паху) (Скок, 3, 60).

Пру́дзішча ’месца, дзе быў млын’ (Нас.), ст.-бел. прудище ’сажалка, высахлы ставок’; славен. prodíšče, серб.-харв. пру̏дшите ’рачны нанос’, балг. пръ́дище ’месца, дзе цякла рака і нанесла пясок і жвір’. Прасл. *prǫdiště, вытворнае ад *prǫdъ, гл. пруд1. Гл. Бярнар, RÉS, 27, 31–40; БЕР, 5, 819–820.

Пру́дкі ’пругкі, дужы, з жалезнымі мускуламі’ (Янк. 1, Некр., Янк. БП, ТС), ’хуткі’ (Нас., ТС, Нар. Гом.), пру́дка гліна ’гліна высокай цвёрдасці’ (карэліц., Нар. словатв.). Сюды ж пру́дзенькі ’дзябёлы, моцны’ (шчуч., Сл. ПЗБ), прудо́к ’спрытны, хуткі чалавек’ (ТС, Нар. Гом.). Рус. дыял. пру́дкий ’хуткі’, укр. пру́дкий, польск. prędki, кашуб. prądki, чэш. prudký, славац. prudký ’тс’, славен. prọdek ’імклівы, бадзёры’. Да пруд1 (гл. Фасмер, 3, 389; Махэк₂, 485; Брукнер, 438). Прасл. *prǫdъkъ, паводле Борыся (МЈ, 40–41, 53), з’яўляецца дэрыватам прыметніка *prǫdъ з суфіксам ‑ъkъ, параўн. серб.-харв. пруд ’злы, хуткі, упарты (пра чалавека)’, балг. пръд ’спрытны, лоўкі, хуткі’, макед. прънд, пренд ’нервовы’. Гл. спецыяльна БЕР, 5, 818–819; Огледна св., 66. Звязваюць з серб.-харв. пру̀дити, прусти ’гарэць, паліць’, при́да ’крапіва’ (Скок, 3, 60), гл. пру́дзіць. Неабгрунтавана Булыка (Запазыч., 269) аб запазычанні ст.-бел. прудкий з польск. prądki. Параўн. і пруткі. Як відаць з агляду значэнняў, у бел. слове назіраецца несумненны ўплыў семантыкі прым. пруткі.

Пру́дня, пру́тня ’конусападобная плеценая лазовая сетка’ (Касп.). Да прут (гл.); ‑д‑, відаць, пад уплывам пруд.

Пру́жаць ’смажыць’ (мядз., Сл. ПЗБ). З пра́жыць (гл.) з лакальным змяненнем о > у.

Пружмо́ ’колца ў пастромках’ (паст., Сл. ПЗБ). Дэрыват ад кораня пруж‑, які ў словах спружына, пружыноўка і да т. п. з суф. ‑мо, як у вязьмо, пражмо.

Пружнава́ць ’быць без ужытку’, ’гультаяваць, быць без справы’ (Нас.). З польск. próżnować ’тс’ (Цвяткоў, Запіскі, 1, 56).

Пружы́на ’спружына’ (Скарбы), ’прыстасаванне для лоўлі дзікіх качак і звяроў’ (ТС). Рус., укр. пружи́на, польск. sprężyna, prężyna ’спружына’, в.-луж. pružina, н.-луж. pšužyna ’дзяржанне лука’, чэш. pružina ’прут’, славен. próžina ’спружына’, серб.-харв. пру̏жина ’будан (з галінак)’, балг. пръжи́на ’шост для ўмацавання снапоў на возе’. Прасл. *prǫžina (Трубачоў, Этимология–1963, 20), якое, паводле БЕР (5, 821–822), ад прасл. *prǫgъ (гл. пруг) з павелічальным суф. ‑ina. Інакш Махэк₂ (488): славянскае слова лічыць дэрыватам з суф. ‑ina ад прыметніка pružný, якое ад прасл. *pružiti, звязанага з прасл. *prǫgъ, *prǫga (гл. пруга). Гл. яшчэ Фасмер, 3, 389. Сюды ж пружы́нка ’ручны рыхліцель’, ’спружыноўка’ (Мат. Маг.). Гл. спружына.