Пру́дкі ’пругкі, дужы, з жалезнымі мускуламі’ (Янк. 1, Некр., Янк. БП, ТС), ’хуткі’ (Нас., ТС, Нар. Гом.), пру́дка гліна ’гліна высокай цвёрдасці’ (карэліц., Нар. словатв.). Сюды ж пру́дзенькі ’дзябёлы, моцны’ (шчуч., Сл. ПЗБ), прудо́к ’спрытны, хуткі чалавек’ (ТС, Нар. Гом.). Рус. дыял. пру́дкий ’хуткі’, укр. пру́дкий, польск. prędki, кашуб. prądki, чэш. prudký, славац. prudký ’тс’, славен. prọdek ’імклівы, бадзёры’. Да пруд 1 (гл. Фасмер, 3, 389; Махэк₂, 485; Брукнер, 438). Прасл. *prǫdъkъ, паводле Борыся (МЈ, 40–41, 53), з’яўляецца дэрыватам прыметніка *prǫdъ з суфіксам ‑ъkъ, параўн. серб.-харв. пруд ’злы, хуткі, упарты (пра чалавека)’, балг. пръд ’спрытны, лоўкі, хуткі’, макед. прънд, пренд ’нервовы’. Гл. спецыяльна БЕР, 5, 818–819; Огледна св., 66. Звязваюць з серб.-харв. пру̀дити, прусти ’гарэць, паліць’, при́да ’крапіва’ (Скок, 3, 60), гл. пру́дзіць. Неабгрунтавана Булыка (Запазыч., 269) аб запазычанні ст.-бел. прудкий з польск. prądki. Параўн. і пруткі. Як відаць з агляду значэнняў, у бел. слове назіраецца несумненны ўплыў семантыкі прым. пруткі.