Раскарпа́ць, раско́рпаць ’павялічыць паглыбленне, адтуліну ў чым-небудзь’ (ТСБМ), роско́рпаць ’раскатурхаць’ (ТС). З рас- і карпа́ць, ко́рпаць (гл.).
*Раскатруба́чыць, роскотруба́чыць ’раскудлаціць’ (ПСл). Няясна; магчыма да *каструба́чыць, што ўзыходзіць да *kostrъba, kostroba, kostrǫba ’лахманы, раскудлачаная галава’, звязанае з прасл. *kostra ’кастрыца, ачосы’ (Махэк₂, 283; ЭССЯ, 11, 163). Гл. каструбаваты.
Раскату́рхаць ’растармашыць’ (Касп., Байк. і Некр., Сцяшк., Сл. ПЗБ), роскатурха́ць ’разбудзіць штуршкамі’ (ТС). Да катурхаць (гл.). Параўн. растурхаць, гл.
Раска́ты мн. л. ’двухкалёсны воз для вывазу лесу’ (Касп.), ’калёсы (воз) для возкі бярвенняў’ (Бяльк., Мат. Маг.). Ад раскаці́ць ’расцягнуць, развесці’, першапачаткова ’расцягнуць пярэднюю і заднюю частку воза, каб павялічыць яго даўжыню’, гл. каціць.
Раска́хліваць ’напальваць празмерна’ (мсцісл., Юрч. Вытв.). Прэфіксальна-суфіксальнае ўтварэнне ад ка́хля, звычайнай дыялектнай рэалізацыі ка́фля (гл.). Семантычны ланцужок можа выглядаць наступным чынам: ’кафля’ → ’печка з кафлі’ → ’празмерна напальваць (печку).
Раскаці́на ’адна з дзвюх крывых палак, якія надзяваюцца на заднюю вось у раскатах і пярэднімі канцамі звязваюцца на бервяне’ (Юрч.). Сінгулярызацыя пры дапамозе адпаведнага суфікса формы мн. л. раскаты (гл.).
Раска́ч ’трапкач, прыстасаванне з канцоў недатканага палатна, у якое ўвязвалі посуд з ядой’, ’ручнік (для посуду)’ (пін., ЛА, 4, 5). Дээтымалагізацыя ў выніку размоўнага сцяжэння формы раскарач (гл.). Паводле Непакупнага (Связи, 195), у выніку метатэзы балтызма скарач (гл.), што малаверагодна. Хутчэй да раскі ’завязкі ў фартуху’ (гл.).
*Раскаштро́біць ’растрапаць’, роскоштро́бъяны ’растрапаны (аб валасах)’ (Клім.). Да коштро́ба ’непрычасаны, непрычасаная’ (драг., Клімчук, вусн. паведамл.), якое, у сваю чаргу, звязана з каструбаваты (гл.) і пад. Змену зычнага ў корані слова (с → ш) трэба тлумачыць экспрэсіўным ужываннем. Параўн. раскатрубачыць (гл.).
Расква́кліваць ’размазваць’ (мсцісл., Юрч. Вытв.). Да незафіксаваных *ква́кліваць < *ква́кліць (// ква́чыць), вытворнага ад квач (гл.) з узнаўленнем у корані псеўдаэтымалагічнага ‑к‑, які лагічна спалучаецца з эпентытычным плаўным. Гл. таксама квэкаць ’абрабляць, пэцкаць’ (< квэцаць, гл. квецаць). Той жа корань, відаць, і ў квакаці́ць: гразь пад нагамі квакаціць (Варл.), гл. У апошнім выпадку ўсё зводзіцца да гукапераймання, параўн. квакаць, квактаць (гл.) і балг. ква́ча ’кудахтаць, выседжваць куранят’.