Ква́каць ’утвараць гукі, падобныя да «ква-ква» (гл. таксама кво́каць) (ТСБМ) ’крычаць (пра качку)’ (ТС, Сл. паўн.-зах.), ’крычаць (пра жаб)’ (Нік. Напаў., Сл. паўн.-зах., Сцяшк.), ’пра пчол’ (Анох.). Укр. квакати ’крычаць (пра жабу або пра качку)’, рус. квакать ’тс’, балг. квакам ’тс’, макед. квакам ’тс’, серб.-харв. ква́кати ’тс’ (таксама пра варон)’, славен. kvȃkati ’крычаць (пра жаб, варон)’, польск. kwakać ’крычаць (пра качак, жаб, варон)’, чэш. kvákati ’крычаць (пра качак, гусей, варон)’, славац. kvákať ’тс’, в.-луж. kwakać ’тс’, н.-луж. kwakaś ’тс’. Яшчэ прасл. kvakati ’крычаць (пра качак і варон)’. Гукапераймальнае. Параўн. укр. ква, квак (пра жаб), рус. ква, квак ’тс’, серб.-харв. ква‑ква (пра качак), славен. kva‑kva (пра жаб), балг. ква‑ква ’тс’ і г. д. Балтыйскія паралелі: літ. kvakė́ti ’крычаць (пра жаб), смяяцца’, лат. kvākt ’тс’. Улічваючы экспрэсіўнасць гэтых слоў, яны наўрад ці сведчаць аб балта-славянскай архаіцы. Да таго ж кароткі карэнны вакалізм у літ. паралелі не рэгулярны. Трэба таксама мець на ўвазе літ. kvatóti ’смяяцца’, пад уплывам якога kvakė́ti магло атрымаць другое значэнне і разам кароткі вакалізм (Бернекер, 655; Фасмер, 2, 217; ЕСУМ, 2, 413; Фрэнкель, 325).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)