Квач ’вялікі памазок з пакулля, рагожы для размазвання чаго-н. па якой-н. паверхні’ (ТСБМ, Нас., Сл. паўн.-зах., ТС, Касп., Шат., КЭС, лаг., Яруш., Бяльк., Сцяшк., Грыг., Гарэц.), ’дзіцячая гульня, па правілах якой адзін з гуляючых, дагнаўшы другога, павінен дакрануцца да яго’ (ТСБМ, ТС). Параўн. укр. квач ’тс’. Польск. kwacz — запазычанне з бел. ці ўкр. Тое ж можна сказаць і аб арэальна абмежаваным рус. квач. Звычайна звязваецца па паходжанню з kvacati, якое мае таксама арэальна абмежаваны характар. Толькі балг. паралель выводзіць яго за межы бел.-укр. арэала. Насуперак Слаўскаму (3, 453) бліжэй за ўсё да квач германскія паралелі. Але разглядаць яго як запазычанне з ням. Quast нельга зыходзячы перш за ўсё з лінгвагеаграфічных меркаванняў. На жаль, мы не ведаем гоц. рэфлексацыі прагерм. kwastu‑. Можна меркаваць аб арэальна абмежаваным запазычанні з гоц. *ku̯ast‑ (ku̯ast‑ > ku̯ats). Параўн. адпаведныя прыклады ў Лекс. Палесся, 16–17. Надзейнасць гэтай гіпотэзы, аднак, невялікая, улічваючы незафіксаванасць гоц. крыніцы і фанетычныя цяжкасці (доўгі галосны і ч‑заканчэнне ў бел. і ўкр. паралелях). Сувязь квач з прасл. kvaka ’гак’, якое рэканструюецца на аснове паўднёва- і заходне-славянскіх рэфлексацый, яшчэ менш надзейная, бо не толькі істотна адрозніваецца ад квач семантычна, але рэпрэзентуе зусім іншы слав. арэал (Слаўскі, там жа).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)