Про́сеніца ’пладаносная частка проса’ (лун., Шатал.), ’прасяная салома; прасяная мякіна’ (ТС), просені́ца ’абмалочаная прасяная салома’ (Выг.). Рус. просяни́ца ’каша з проса’, ’від высыпкі’, укр. просяни́ца ’прасяная салома’, ’высыпка на скуры’, серб.-харв. просѐница ’хлеб з проса’, славен. proseníca ’прасяная салома’, ’від высыпкі’. Прасл. *prosenica. Ад проса з суф. ‑ica, які тут субстантывуе прыметнікі (гл. Слаўскі, SP, 1, 98). Значэнне ’высыпка’ другаснае, па падабенству з зярняткамі проса (Фасмер, 3, 381).
Про́серка ’просвіра’ (беласт., Сл. ПЗБ). Ад про́свірка (гл. просвіра) або праскур(к)а (гл.), якія ў дыялектах маюць вельмі разнастайныя формы з нерэгулярнымі фанетычнымі змяненнямі.
Про́серэ́д ’пясчаны востраў ці каса на рацэ’ (ТС), прасяро́д ’востраў на рацэ’ (Талстой, Геогр.). Укр. просере́д ’пясчаная каса каля берага ці пасярод Дняпра’. Да сярод, сярэдзіна (гл.).
Про́сесць (prósiść) ’месца ў кроснах, дзе палатно мяжуецца з ніткамі’ (Варл.), ’прамежак паміж верхнімі і ніжнімі ніткамі асновы, праз які праходзіць чаўнок’ (мін., Шатал.), про́сець (петр., Шатал.). Паводле Раманавай (Наим., 121), першапачатковая мера палатна, параўн. рус. про́шесть, была збліжана з дзеясловам сесть ’сесці’, г. зн. ’тое, што можна зрабіць за адзін прысест, не адрываючыся’. Сумнеўна. Гл. прасесць.
Про́слі ’пасля’ (ТС), про́сля ’пасля’ (Чуд., Сл. ПЗБ). З пасля, после. Аб устаўным ‑р‑ паміж галоснымі і зычнымі ва ўсходне-палескіх гаворках гл. Лысенка, СПГ, 12; прыклады з паўднёвазаходніх гаворак гл. Карскі, 1, 315.
Про́снік, проснь ’мера напрадзеных нітак’ (Інстр. 3), ’вялікае верацяно, на якое перамотваюць ніткі з малых верацён’ (Нас.). Дэрываты ад про́сты (гл. прасцень). Першаснае слова ўтворана з суф. ‑нік, проснь з’яўляецца скарачэннем слова прасцень, відаць, у выніку рэдукцыі паслянаціскнога галоснага е пры пераносе націску на першы склад.
Про́спа ’абуджэнне ад сну’ (Нас.). Аддзеяслоўны дэрыват з суф. ‑а ад праспаць.
Прост 1 ’рад роўна пакладзенага на іржышчы зжатага, не звязанага ў снапы збожжа’, ’поле з такім разасланым збожжам’ (ТСБМ, Выг.), пакладка на прост (нараўл., ДАБМ, камент., 872). Польск. na prost ’накладка на прост’. Да про́сты.
Прост 2, про́стік, про́шчыня ’тэхніка ткання, калі кожная нітка ўтка пераплятаецца з кожнай ніткай асновы пад прамым вуглом’ (Уладз.). Рус. пск. про́стка ’простае палатно ў дзве ніці’. Да про́сты ’прамы’ (гл.).
Про́ставар ’вакса’ (Касп.). Утварэнне ад кораня прост‑ (гл. просты) і вар, якое, мусіць, як і ў рус. вар, мае тут значэнне ’шавецкая смала’. Просты, магчыма, меў значэнне ’самаробны’.