Сярэ́дзіна 1 ’цэнтр, сярэдняя частка, асяродак; унутранасць’ (ТСБМ, Касп., Шымк. Собр., Бяльк., Некр. і Байк., Сл. ПЗБ, Янк. 2, Варл.), серэ́дзіна ’тс’ (ТС), ст.-бел. середина ’тс’ (Альтбаўэр). Укр. сере́ди́на, рус. середи́на, в.-луж. srjedźina, славен. sredína, серб.-харв. срѐдина, балг. среди́на, макед. средина ’сярэдзіна’; дэрываты (магчыма, незалежныя) ад прасл. *serda/*serdь ’сярэдзіна’, параўн. сярод, гл. (Чарных, 2, 156–157; ЕСУМ, 5, 218). Параўн. серада.
Сярэ́дзіна 2 ’паясніца’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Сцяшк., Жд. 1, Ян.), ’задняя частка тулава вышэй клубоў’ (Варл.), ’спіна, крыж’ (Касп., Сержп. Прымхі), ’спіна’ (Янк. 2, Юрч. Вытв., Бяльк.), ’крыж у жывёлы’ (Нас.), параўн. рус. смал. сере́дина ’паясніца’. Паводле Чэкмана (Baltistica, 8, 2, 151), калькуе літ. pusiáujas ’паясніца, сярэдзіна (паводле акружнасці)’, параўн. семантычную паралель балг. полови́на ’палавіна; паясніца, крыж’, макед. полови́на ’палавіна; талія’, што, аднак, не выключае самастойнага развіцця ’сярэдзіна; нутро’ (гл. сярэдзіна 1, параўн. серэ́дніца ’сярэдняя частка чаго-небудзь’, ТС) > паясніца. Гл. таксама Анікін, Опыт, 30; Страхаў, Palaeoslavica, 16, 2, 296–297.