По́зірк ’погляд’ (ТСБМ); паводле Станкевіча (Зб. тв., 2, 44), у народнай мове ’імклівы, пабежны погляд’, тады як пагля́д (гл.) адпавядае рус. взгляд. Да пазіраць, зіркаць (гл.).
По́зні ’які набліжаецца да канца, мінае’, ’які надыходзіць пасля звыклага ці патрэбнага часу’ (ТСБМ), ’позні’ (ТС), по́зны ’тс’ (Шат.). Укр. пізній, рус. поздний, польск. późny, ст.-польск. pozdny, н.-луж. pózny, в.-луж. pózdni, чэш. pozdní, славац. pozdný, славен. pozen, серб.-харв. по̏зан ’тс’, балг. по́зден, ст.-сл. поздьнъ ’марудны, павольны’. Прасл. *pozdъ < *posdъ, корань poz‑ < і.-е. pos‑, суф. ‑d‑, як у *tvьr‑d‑ъ > цвёрды, або ў *podъ ’пад’, *nadъ ’над’. Роднаснае літ. pãskui ’тс’, pãstaras ’апошні’, лац. post ’тс’, тахар. B om‑post‑am ’пасля’, алб. pas ’тс’ (Фасмер, 3, 303; Чарных, 2, 50). Банькоўскі (2, 755) прапануе суаднесці прасл. *pozdъ (якое з і.-е. *(s)pod‑dh‑o‑s) з ням. spät ’позні, запознены’.
По́іва ’пітво’ (Нас.). Рус. по́ево ’пойла для скаціны’, по́йво ’пойла; вадапой’. Ад паіць (гл.) пры дапамозе суф. ‑ів‑, які надае значэнне ’прадмет паводле яго прызначэння’, напр. ма́зіва ’мазь’ < мазаць (Сцяцко, Афікс. наз., 41).
По́іск, по́іско, по́йск ’пчаліная разведка’ (ТС), параўн. йіск ’тс’ (Жыв. НС). Прасл. *pojьskъ < *po‑jьskati — поіскова́ць, пойскова́ць ’лятаць у разведку’ (ТС); ст.-бел. поисковати ’шукаць’ (Сл. Скар.). Тая ж семантычная матывацыя ляжыць у аснове наймення пушук (Ніканчук, БЛ, 6, 68). Гл. яшчэ іск.
Поі́сткам ’па парадку’ ’па праўдзе’, ’праўдзіва, так, як было’ (Стан.), ст.-бел. поистине ’сапраўды, па праўдзе’. Зыходная форма, відаць, у ст.-бел. исте ’тс’ (Сл. Скар.), параўн. і́стаць ’шчырасць’ (Нас.). Гл. яшчэ пайстком, існасць.
По́йка ’соска’ (Нар. сл.), ’спецыяльна падрыхтаваны напітак для дзіцяці’ (ТС). Ад паіць (гл.) пры дапамозе суф. ‑к‑a са значэннем ’прадмет дзеяння’ (Сцяцко, Афікс. наз., 47).
По́йла ’пойла’ (Бяльк., ТС), ’мука, разбоўтаная ў вадзе’ (Варл.), по́іла ’тс’ (Шат.). Ад паіць (гл.) пры дапамозе суф. ‑к‑а са значэннем ’прадмет дзеяння’ (Сцяцко, Афікс. наз., 49). Гл. поіва.
Пойм ’злаўленне’ (Нас.). Бязафіксны назоўнік ад асновы дзеяслова пайма́ць ’злавіць, схапіць’, што да *pojьmъ < *po‑ + *jęti. Да імаць (гл.).
По́йма 1 ’частка рачной даліны, якая затапляецца вадой у час разліву’ (ТСБМ), ’разводдзе’ (Сл. ПЗБ), ’сена, скошанае ў такім месцы, якое было заліта ракою, што выйшла з берагоў’ (Нас.). Параўн. укр. по́йма ’пойма’, пойма́ти ’пакрываць; заліваць (пра ваду)’, рус. паём ’пойма’, ’глыбокае месца ў рацэ з вірам’, займа ’пойма’, ’заняты ўчастак зямлі’, поимать ’заліваць вадой у паводку’. Ад *pojęti < *jęti, да імаць (гл.).
По́йма 2 ’астаткі нітак з боку бёрда’ (ТС). Гл. пайам ’тс’.
По́йсаваць ’паўторна малаціць каласы пры малацьбе коннай малатарняй і ўручную’ (Мат. АС, Варл.), по́ясаваць, поі́саваць, по́льсаваць, по́йсаваць, пэ́йсаць ’аддзяляць зерне ад асцюкоў (пра ячмень)’, ’біць каго-небудзь’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ). З літ. paisýti ’тс’ (Грынавяцкене, там жа; Лаўчутэ, Балтизмы, 48). Параўн., аднак, рус. дыял. полсова́ть ’моцна біць; паласаваць’, полысать ’рваць на часткі; біць, хвастаць’, арэальна не звязаныя з балтыйскай тэрыторыяй, паходжанне якіх застаецца нявысветленым.