Паро́сная ’цяжарная (пра свінню) (ТСБМ, Мядзв., Інстр. II, Сл. ПЗБ), поро́сна (ТС), паро́са ’свінаматка’ (Мат. Гом.). Да парасі́цца < парася́.
Паро́цца ’калоць, пароць адзін аднаго чым-небудзь вострым; разрывацца, разыходзіцца ў шве; капацца ў чым-небудзь; марудна рабіць што-небудзь, корпацца’. Зваротны дзеяслоў да пароць (гл.); але адносна паро́цца ў яго апошнім значэнні існуе версія Махэка₂ (434) аб яго адменным паходжанні. Параўн. рус. дыял. поро́ться ’займацца чым-небудзь, спяшацца з чым-небудзь’, укр. пор́отися ’займацца хатняй гаспадаркай; гатаваць; поркацца’, польск. porać się, parać się ’займацца чым-небудзь’, в.-луж. porać, н.-луж. poroś ’рабіць нешта, гатаваць, даглядаць’, чэш. parati se ’рабіць нешта, займацца нечым; корпацца, поркацца’. Зыходным значэннем Махэк лічыць ’рабіць нешта’ якое, на яго думку, можа узыходзіць да пара́ (гл.). Але параўн. яшчэ по́ркацца < по́ркаць у аналагічным значэнні. Сюды ж паро́цька ’чалавек, які павольна працуе, які кепска ведае сваю справу’ (Гарэц.).
Пароць ’калоць, тыкаць чым-небудзь вострым; разразаць ніткі, якімі што-небудзь зашыта; распорваць, расшываць; бадаць’. Агульнаслав.: рус. поро́ть, укр. поро́ти, ст.-рус. пороти, порю ’разразаць, патрашыць’, царк.-слав. прати, польск. próć, porzę ’распорваць, разразаць’, в.-луж. próć, н.-луж. projś, чэш. pářti ’распорваць’, славац. parať ’тс’, серб.-харв. по̀рити ’распорваць’, славен. práti ’распорваць па шву’, балг. по́ря ’разразаю’. Прасл. porti, porjǫ. Роднасныя грэч. πείρω ’праколваць’, πόρος ’праход’, гоц. faran ’ехаць’ (Траўтман, 206; Мацэнаўэр, LF, 33, 190; Фасмер, 3, 332).
Пароша ’снег, які толькі што выпаў’ (ТСБМ, Булг., Сл. ПЗБ, Шат., Касп.), поро́ша ’тс’ (ТС), паро́шка ’пароша; дождж, дробны, як раса’ (Нас.). Рус., укр. поро́ша ’тс’. Ад порах (гл.) з прасл. суф. ‑ja (параўн. SP, 1, 82).
◎ Парояк ’рой (які адыходзіць на чацвёрты дзень)’ (Мат. Гом.). Конфікснае (pa‑+‑ak) адкрой.
◎ Парплі́ца ’металічная пласцінка ў жорнах’ (Мядзв., Мат. Гом., Сцяшк.), паркліца, парліца, (Сл. ПЗБ), паркліца ’тс’ (Нар. сл.). Рус.-царк.-слав. порплица, ц.-слав. прьприца, польск. paprzyca, чэш. раргісе, серб.-харв. раргіса. Паводле Махэка₂ (433), магчыма, да per‑ (гл. пярэць), але структура слова застаецца няяснай. Параўн. яшчэ Брукнер, 394. Гл. таксама папрыца.
◎ Парпуро́вы ’фарфоравы’ (Касп.). З польск. устар. farfurowy ’фаянсавы’ з дыял. заменай ф на п.
Парсу́на ’жывапісны свецкі партрэт у Расіі канца XVI–XVII стст.’ (уст. ТСБМ). З рус. парсу́на ’партрэт’ (1617 г.), якое з персо́на (гл. пярсона) (Фасмер, 3, 244).
Парсю́к ’кастрыраваны самец свойскай свінні, кабан’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Шат., Касп., Гарэц., Мядзв., ДАБМ, 885; Сл. ПЗБ), ’непакладаны кабан’ (ДАБМ, 884), паршу́к ’кабан, парсюк, вяпрук’ (Сцяшк., Выг., Сл. ПЗБ), ’непакладаны кабан’ (ДАБМ, 884). Агляд формаў і значэнняў гл. яшчэ Лаўчутэ, Балтызмы, 19). Рус. разан. парсу́к ’кабан’, зах. паршу́к, парсю́к, польск. (Літва) parsiuk. Запазычанне з літ. paršùkas ’парася’ (гл. Карскі, РФВ, 49, 20; Фасмер, 3, 209; падрабязны агляд этымалагічнай літ-ры гл. Лаўчутэ, там жа). Трубачоў (Происх., 63–64) запазычанымі лічыць толькі формы з ‑ш‑; частка славянскіх форм з ‑с‑, на яго думку, магла ўзнікнуць з поросю́к у выніку моцнай рэдукцыі пераднаціскнога галоснага. Супраць Лаўчутэ (там жа), якая ўказвае, што ўсе формы на ‑ук і з гукам ‑с‑ распаўсюджаны на тэрыторыі славянскіх балтызмаў.
Па́рта ’школьны вучнёўскі стол, злучаны ніжняй часткай з лаўкай’ (ТСБМ). З рус. па́рта ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 79); у рус. м., як мяркуе Фасмер (3, 209), магчыма, з ням. apart ’убаку, асобна’ < франц. à part ’тс’.