Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Панці́на, пенціна ’костка ў ніжняй частцы нагі каня ля капыта’ (Сл. ПЗБ), панціна, паянціна ’выступ з доўгай поўсцю ля капыта каня’ (Нар. сл.). З польск. pędna ’выемка ў ніжняй частцы каня ля капыта (там, дзе накладаюцца путы)’; далей да путы (гл.) (Брукнер, 403).

Па́нцыр ’адзенне ў выглядзе кашулі, зробленае з пераплеценых дробных металічных кольцаў, якім карысталіся даўней для засцярогі ад удараў халоднай зброяй’ (ТСБМ). Ст.-бел. панцеръ, панциръ, панцыръ, панцэръ, пансыръ ’панцыр’ < ст.-польск. pancerz (Булыка, Лекс. запазыч., 68). Рус. па́нцирь, укр. па́нцер, ст.-рус. пансыръ. Формы на ‑ц‑ ва ўсх.-слав. мовах праз польск. pancerz, чэш. panciř, panceř запазычаны з сяр.-в.-ням. panzier < ст.-франц. pancier ’тс’: лац. pantex ’бруха’, а формы на ‑c‑, магчыма, праз пасрэдніцтва сяр.-н.-ням. panser (Міклашыч, 231; Фасмер, 3, 200).

Панчо́вы ’стракаты’ (Сцяшк. Сл.). З польск. ponczowy ’пуншавы’.

Панчо́хі, адз. панчо́ха ’выраб машыннага або ручнога вязання, які надзяваецца на ногі і заходзіць за калена’ (ТСБМ, Нас., Шат., Касп., Гарэц.), панчо́ха, пончо́ха (ТС), панчо́ха, пончо́ха, панчаха́ (Сл. ПЗБ). З польск. pończocha (Карскі, Белорусы, 156; Кюнэ, Poln., 85). Рус., укр. панчо́ха таксама з польск. (Фасмер, 3, 200). Крыніца слова — сяр.-в.-ням. buntschuoch ’сельскі абутак, які завязваецца аборамі да калена’ (Міклашыч, 267; Брукнер, 686; Патабня, РФВ, 1, 263; Махэк, 499).

Панядзе́лак ’першы дзень тыдня пасля нядзелі’. Агульнаславянскае: рус. понеде́льник, укр. понеді́лок, ст.-рус., ст.-слав. понедѣльникъ, польск. poniedziałek, в.-луж. póndźela, н.-луж. pónżele н. р., палаб. pünedʼela, чэш. pondělí, дыял. pondělek, славац. pondelok, серб.-харв. понѐдељак, понедеонӣк, славен. pon(e)déljek, балг. понеде́лник, понде́лник. З po‑ і nedělja (гл. Фасмер, 3, 324). Махэк₂ (471) узнаўляе прасл. н. р. ponedelьje. Першапачатковае значэнне ’дзень пасля нядзелі’ (гл.). Некаторыя даследчыкі (гл. Фасмер, там жа) мяркуюць аб уплыве народна-лац. feria secunda як nedělja адлюстроўвае ўплыў лац. feria.

Панядзёга ’жывёліна, якая нарадзілася ў панядзелак’ (Сл. ПЗБ). Ад панядзелак з суф. ‑ога (параўн. Сцяцко, Афікс. наз., 136) з адсячэннем суфікса і часткі каранёвай лексемы, якая, магчыма, успрымаецца як суфікс.

Паня́цце ’адна з форм адлюстравання свету ў мысленні чалавека; уяўленне аб чым-н.; веданне чаго-н.’ (ТСБМ). З рус. поня́тие ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 40).

Паня́ць ’тое ж, што і зразумець’ (ТСБМ), ’абучыцца добра якому-н. рамяству; заліваць вадою; уступіць у шлюб’ (Нас.), ’заліць вадою; зразумець’ (Бяльк., Юрч.), ’зразумець, злавіць, знайсці’ (Сл. ПЗБ), поня́ць ’злавіць’ (ТС), поня́цца ’узяцца; набрацца, пакрыцца, праявіцца’ (ТС). Дэрыват з прыстаўкай po‑ ад прасл. jęti з устаўным н. Гл. узяць. Значэнне ’зразумець’ — семантычнае запазычанне з рус. понять ’тс’.