Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Паліто́ ’верхняя вопратка, звычайна ніжэй каленаў, якая апранаецца на сукенку, касцюм і пад.’ (ТСБМ, Касп., Бяльк.), па́літа (Сл. ПЗБ, Сцяшк. Сл.), паліто́н (ТСБМ), пальтон (Сл. Брэс.), пальто́цік (Сл. ПЗБ) ’тс’. З польск. palito, palton, paleton, paltocik, якія ўзыходзяць да франц. paletot < ісп. palletoque ’плашч з капюшонам’ < лац. palla ’верхняе адзенне’ (гл. Праабражэнскі, 2, 10; Брукнер, 392; Фасмер, 3, 194). Параўн. пальто.

Палі́тра ’дошчачка, пласцінка з выразам для вялікага пальца, на якой мастак расцірае і змешвае фарбы’ (ТСБМ). З рус. пали́тра (Крукоўскі, Уплыў, 85); у рус. мове праз ням. Palette або франц. paletta з італ. paletta ’тс’ < лац. pāla ’лапатка’ (Мацэнауэр, 268). Няясным застаецца элемент ‑тра; Праабражэнскі, (2, 9) спрабаваў тлумачыць яго ўплывам макітра; Фасмер (3, 192) лічыць, што ён быў у раманскіх мовах.

Палі́тыка ’грамадская дзейнасць, барацьба, у якой адлюстроўваюцца карэнныя інтарэсы класаў і іх узаемаадносіны; дзейнасць дзяржавы ў галіне ўнутранага жыцця і міжнародных адносін’ (ТСБМ). З рус. поли́тика (Крукоўскі, Уплыў, 78), або хутчэй праз польск. polityka, якое з’яўляецца і крыніцай рус. слова, з лац. (ars) politika, грэч. πολιτική ад πόλις ’горад’ (гл. Фасмер, 3, 310).

Па́ліца ’цяжкая дубіна з патоўшчаным канцом, якая ў старажытныя часы служыла зброяй’ (ТСБМ). Рус. па́лица, укр. па́лица, ст.-рус., ст.-слав. палица, польск. palica ’палка’, чэш. palice ’дубінка’, славац. palica ’палка, дубінка, тросць’, серб.-харв. па̏лица ’палка; посах; палена’, славен. pálica ’палка; посах; перакладзіна’, балг. палица ’паліца’. Прасл. palica (SP, 1, 99). Махэк₂ (420) праславянскім лічыць pala (параўн. польск. і чэш. дыял. pala ’палка’). Далейшую этымалогію гл. палка.

Палі́ца ’дошка або некалькі дошак, прымацаваных да сцяны або ўнутры шафы для размяшчэння кніг, посуду і інш.; частка плуга, якая аддзяляе і пераварочвае падрэзаны лемяшом пласт зямлі, адвал; прыстасаванне ў некаторых сельскагаспадарчых машынах’ (ТСБМ, Шат., Бяльк., Бір. Дзярж.), полі́ца ’тс’ (ТС), ’полка’ (Гарэц., Шпіл., Мал., В. В., Грыг., Мядзв., Федар. VI), полі́ца ’полка; насценная шафка’ (Шушк.), поли́ця ’полка’ (Бяс.), ’адвал (плуга)’ (Сцяшк. МГ, Тарнацкі, Studia). Агульнаслав.: рус. поли́ца, укр. поли́ця, ст.-рус., ц.-слав. полица, польск., славац., н.-луж. polica, в.-луж. polca, чэш. police, серб.-харв. по̀лица ’насценная планка’, славен. polica ’дошка ў сцяне; адвал плуга’, балг. поли́ца ’полка, карніз’. Прасл. polica. Ад пол (Фасмер, 3, 310). Далей гл. по́лка.

Палі́цыя ’у дарэвалюцыйнай Расіі і капіталістычных краінах сістэма асобых органаў дзяржаўнага апарату для аховы існуючага парадку’ (ТСБМ). Праз рус. поли́ция або польск. policja з ням. Polizei ад лац. politīa: грэч. πολιτεία. У рус. мове таксама праз польскае пасрэдніцтва (гл. Праабражэнскі, 2, 93; Фасмер, 3, 310).

Палі́ць ’знішчаць агнём, спальваць; распальваць і падтрымліваць агонь у печы, пліце і пад.; моцна пячы, абдаваць жарам, прыпякаць’. Агульнаслав. (рус. пали́ть, укр. пали́ти, ст.-рус., ст.-слав. палити, польск. palić, серб.-харв. па́лити і г. д.) і прасл. paliti. Звязана чаргаваннем галосных са ст.-слав. полѣти ’палаць, гарэць’ (параўн. палаць). Далейшыя сувязі гл. попел, полымя.

Палішыне́ль ’камічны персанаж французскага народнага тэатра’ (ТСБМ). Праз рус. полишине́ль з франц. polichinelle ад італ. Pulcinella ’імя аднаго з персанажаў камедыі масак’ (Фасмер, 3, 311).

Паліяты́ў ’лякарства або іншы сродак, які дае часовую палёгку хвораму; сродак, які дае часовы выхад з цяжкага становішча’ (ТСБМ). Праз рус. палиати́в ’часовы сродак’, дзе праз ням. Palliativ або франц. pälliatif ’тс’ < лац. palliāre ’пакрываць, ахінаць’ < pallium ’плашч’ (Гл. Фасмер, 3, 192).

Па́лка ’частка тонкага ствала або галіны, ачышчаная ад парасткаў’. Рус., укр. па́лка, ст.-рус. палъка, польск. pałka ’тс’. Пэўнай этымалогіі няма. Корш (у Праабражэнскага, 2, 9) мяркуе аб запазычанні са ст.-в.-ням. pfâl ’кол’ < лац. pālus ’тс’. Фасмер (3, 193) адхіляе гэту думку з-за розніцы ў значэнні, прыводзіць супастаўленне Младэнава (409) са ст.-в.-ням. spaltan ’расколваць’, ст.-інд. sphátaýati ’ён расколвае’, phálakam ’дошка’, phálati ’лопацца, трэскацца’. Іншыя версіі аб роднаснасці з паліць (Махэк, 429), таму што палкам надавалі цёмны колер з дапамогай агню ці таму што яны выкарыстоўваліся як паліва (Праабражэнскі, 2, 9 і наст.), і з палец (Брукнер, 391) менш верагодныя.

Па́лкі ’прасякнуты моцным пачуццём, уздымам, натхненнем; вельмі страсны, гарачы’ (ТСБМ), ’палкі, гаручы’ (Бяльк., ТС, Сл. ПЗБ), ’горкі’ (Мат. Гом.). Да пала́ць, палі́ць з суф. ‑к‑.