Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Му́ры, му́рэнькі ’светла-карычневы’ (ТС). Да мурава́ (гл.).

Му́рыва ’мурава-трава’ (Бір. Дзярж.). Да мур2, му́рава (гл.).

Муры́жыць ’церці’, ’няўмела вастрыць’, ’сварыцца, грызці’ (Юрч.), ’цягаць туды-сюды’ (Бяльк.). Рус. пенз., ленінгр. муры́жить ’нудна лаяць’, муры́сать ’мучыць, тузаючы, торгаючы’, варон. мура́жить ’лаяць’, кастр. мурзова́ть ’даводзіць каго-небудзь гульнёй да стомы’, перм. мурлы́жить ’здзекавацца’. Няясна.

Му́рын ’негр, арап’, ’чорны, смуглы’ (Грыг., ТСБМ, Нас., Шат., Сцяц.), муры́нка ’загарэлая, цёмная жанчына’ (Нас.), ст.-бел. муринъ ’негр’ (XV ст.) запазычана са ст.-польск. murzyn, якое са ст.-в.-ням. môr ’маўр’ < лац. maurus ’тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 126; Кюнэ, Poln., 79; Міклашыч, 204; Фасмер, 3, 13). Лексема муры́нка была ўтворана паводле польск. murzynka ’негрыцянка’.

Мурынцоўка ’каляровая хустка’ (Інстр. II, Касп.). Няясна.

Муры́цца ’жмурыцца ў гульні’ (Ян.). Славен. múriti se ’схіліць вушы назад (аб кані)’, ’схіліць галаву’, ’хітравата глядзець’. Бязлай (2, 207) генетычна суадносіць з літ. maūryti ’гультаяваць’, ’патрэсвацца’, mauróti ’капацца’.

Мурышка ’галадок многагаловы, Scleranthus perennis L.’ (вілен., Кіс.), муравец ’галадок аднагадовы, Sclerantus arminis L.’ (маг., Кіс.). Відаць, балтызм. Параўн. літ. máuras ’твань, гразь’, apmauróti ’пакрыцца мохам’. Расліны названы паводле шызаватага колеру лісця. Параўн. чэш. chmerek, славац. chmerek ’галадок’, якія паходзяць ад mech < прасл. mъchъ ’мох’.

*Мурэй, мурі́й ’дробнае і мяккае сена’ (малар., Нар. лекс.). Да мур2, му́рава (гл.). Аб суфіксе ‑ей (‑эй) гл. Сцяцко, Афікс. наз., 151.

Мурэна ’марская рыба Murena helena L.’ (ТСБМ). Кніжнае запазычанне з рус. мурена, якое з ням. Muräne < лац. muraena < ст.-грэч. μύραινα < ст.-грэч. μῡρος ’марскі вугор’ (Махэк, ZfslPh, 18, 55; Фасмер, 3, 12).

Мурэц ’нырэц (у ваду)’ (пух., З нар. сл.). Да ныра́ць (гл.). Аб мене н > м гл. Карскі, 1, 324; ‑у‑ (замест ‑ы), магчыма, пад уплывам польск. dać nurka ’нырнуць, шмыгнуць’, драг. да́тэ ну́рта ’тс’.