Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Мацяры́зна ’зямельная або маёмасная ўласнасць, атрыманая ў спадчыну па мацярынскай лініі’ (Гарб.; Працы, 8, Нас.; шчуч.Сцяшк. Сл.), ст.-бел. материзна, матерызна ’мацярынская спадчына’ (XV ст.), люди материзные ’адзін з відаў прыгонных’ запазычаны са ст.-польск. macierzyzna ’тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 78).

Мацяры́к1 ’вялікая частка сушы, якая абмываецца марамі і акіянамі’, ’пласт зямлі пад глебай’ (ТСБМ). Запазычана з рус. материк ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 72), якое (паводле Бернекера, 2, 25) з рус. матерой, матёрый. Параўн. таксама яшчэ ст.-рус. материкъ ’высокая мясціна (у процілегласць нізкаму месцу)’, ’высокі бераг ракі ці возера’. Усходнеславянскае.

Мацяры́к2 ’мат, лаянка’ (Юрч.). Зваротнае ўтварэнне ад рус. материться, якое да матер‑, маці (гл.).

Мацяры́нка1, матэрынка, мацеры́нка ’мацярдушка звычайная, Origanum vulgare L.’ (Анох., бяроз., Нар. лекс.; Мат. Гом., Ян., ТС). Узнікла ў выніку намінацыі словазлучэння з прыметнікам мацерына. Матывацыя — гл. мацярдушка.

Мацяры́нка2, матері́нка ’гусялапка звычайная, Alchemilla vulgaris L.’ (лельч., Бейл.). Намінізаваная калька з ням. Mutterkraut ’расліна мацерын корань, які немкі ўжывалі супраць бясплоднасці’ (Махэк, Jména, 109).

Мацяры́ншчына, матэрі́ншчына ’спадкі пасля маці’ (Бес.; беласт., Сл. ПЗБ). Утворана ад прыметніка мацяры́нскі ’мацерын’ (Нас.). Аб суфіксе гл. Сцяцко (Афікс. наз., 127).

Мацяры́ца ’мацярдушка звычайная, Origanum vulgare L.’ (добр., Мат. Гом.). Відавочна, у выніку намінацыі словазлучэння мацерына душыца. Не выключана магчымасць запазычання з польск. macierzyca ’тс’.

Мацяю́шка ’летняя шапка з шырокім шлякам (беражком)’ (гродз., Мат. АС). З польск. maciejka, maciejówka ’тс’.