Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Лы́сіна ’месца на галаве, дзе вылезлі валасы’, ’белая пляма на лбе некаторых жывёл’, ’праталіна’, ’невялікая палянка сярод лесу’, ’пустыя мясціны на сенажаці’, ’голае месца сярод пасеваў, няўзыдзены пасеў’, ’месца, дзе качаўся конь’ (ТСБМ, Яруш., ТС, Бяльк., Выг., Янк. 3., Яшк., Сл. ПЗБ; міёр., Нар. словатв.; хоц., Шатал.). Укр. ли́сина, лисина́, рус. лы́сина, польск. łysina, каш. łësëna ’лысая гара’, чэш., славац. lysina, серб.-харв. лѝсина, балг. лисина́. Прасл. lysina, утвораная ад прыметніка lysъ > лы́сы (гл.) (Слаўскі, 5, 417–418). Аб суфіксе ‑ін‑а гл. Слаўскі (SP, 1, 120–123), Сцяцко (Афікс. наз., 107–108).

Лысіня́тка ’ласяня’ (карм., Мат. Гом.). Да лось (гл.).

Лы́сіца1 ’птушка лысуха, Fulica atra’. Да лы́сы (гл.). Птушка мае на ілбе белую лысіну. Гл. яшчэ лыска, лысоха ’тс’.

Лы́сіца2 ’неўрадлівае поле’ (калінк., Выг.), ’непакрытае расліннасцю месца’ (маг., мін., Лемц.). Да лы́сы (гл.). Параўн. і лысіна ’тс’.

Лы́сіцца ’лашчыцца’ (светлаг., Мат. Гом.). Да ліс > ліса́вы ’ласкавы’ (гл.). Параўн. таксама палес. лыс1, лісі́цца.

Лы́сіць ’скрэбці бульбу збольшага, не поўнасцю’, ’збольшага абчэсваць бервяно, рабіць лысіны’ (докш., Мат. Янк.; Янк. 3.), ’кепска рабіць што-небудзь’ (в.-дзвін., Шатал.), лы́сыты ’рабіць зарубкі на ствале дрэва’ (кобр., Жыв. сл.). Рус. лысить ’рабіць лысым’, ’знімаць кару з дрэва, ачышчаць жэрдкі для агароджы’, лыситься ’праясняцца’; польск. łysić się ’рабіць лысым, голым’; чэш. lysiti ’тс’, славен. lísiti ’пакрываць каляровымі плямамі’. Прасл. lysiti, утворанае ад прыметніка lysъ ’лысы’ (Слаўскі, 5, 413–414).

Лы́ска ’пралышанае месца на бервяне’ (Бяльк.), ’жывёла (карова, конь, сабака) з белай плямай на ілбе’ (Нас.; КЭС, лаг.; паўн.-зах., пін., КЭС), ’птушка лысуха, Fulica atra’ (светлаг., Мат. Гом.; Федз.–Доўб.). Укр. ли́ска, рус. лыска, польск. łyska, каш. lëska, liska, н.- і в.-луж. łyska, чэш., славац. lyska, славен. lȋska ’карова’, črna liska ’лысуха’, серб.-харв. ли̏ска, балг. лиска. Прасл. lysъka ’лысуха’, ’свойская жывёліна з белай плямай на ілбе’, ’месца аголенае і свяцейшае за астатняе’ (Слаўскі, 5, 419–421). Утворана ад прыметніка lysъ > лы́сы (гл.). Аналагічна і ў іншых мовах, напр., ням. Blesse ’белая пляма ў жывёл на ілбе’ ∼ Blasshuhn ’вадзяная курка’ (гл. яшчэ Скок, 2, 307; БЕР, 3, 423).

Лы́скаць ’смяяцца’ (раг., Мат. Гом.), ’біць’, ’піць’, ’трэскаць’, ’кідаць позірк’ (Юрч., ТС). Уваходзіць у групу лексем з коранем *luzg‑/lyzg‑/lusk‑/lysk‑ (гл. Куркіна, Этимология–72, 68–73). Да луза́ць (гл.). Слаўскі (5, 421–422) адносіць польск. łyskać ’блішчаць, зіхацець’, славац. liskac śe, укр. лискати, серб.-харв. ли̏скати ’тс’, славен. lískati ’паліраваць’, lískati se ’блішчаць’ да прасл. lyskati, якое з’яўляецца ітэратывам да lъskati, lъsknǫti, lъščati. Гл. лы́зіцца.

Лысман ’той, у каго лысіна’ (брэсц., Нар. лекс.; Сцяшк. Сл.), н.- і в.-луж. łysman ’бык з белай лысінай’, зах.-в.-луж. hłupy łósman ’дурны’. Да лы́сы (гл.). Аб суфіксе гл. Сцяцко (Афікс. наз., 116), Карткі (2–3, 69). Гл. таксама лы́зіцца.

Лысма́чкі ’лісіцы’ (нараўл., Мат. Гом.). З ⁺лісава́чкі, якое з ⁺лісава́ты ’рыжы’, параўн. польск. lisowaty ’бялявы, рудаваты, рыжы’, каш. ləsovatï, ləsatï, рус. арханг. лисавка ’рыжавалосая дзяўчына’. У лексемы ⁺лісавачкі ацвярдзела л‑, выпала ‑а‑ перад ‑в‑, а ‑в‑ перайшло ў ‑м‑ (у выніку зяцямнення формы).

Лысну́шкі ’яблыкі з дзічкі’ (Касп.). Да лес (гл.). Утворана ад лясны і суфікса ‑ушк‑і. Параўн. барыс. лясоўка ’дзікая яблыня’ (Сл. ПЗБ). Ацвярдзенне л‑ адбылося пад уплывам лысы (дзікія яблыкі могуць мець крапінкі-лысінкі).