Дальбуг ’далібог’ (Сцяшк. МГ). Прамое запазычанне з польск. dalibóg ’тс’ (польск. слова < da + li + bóg; параўн. Слаўскі, 1, 137). Параўн. далібо́г (гл.).
Даляга́ць ’балець, турбаваць, непакоіць, мучыць’ (пра арганізм) (зэльв., Сцяц.). Ужываецца толькі ў 3 ас. Бясспрэчнае запазычанне з польск. мовы. Параўн. польск. dolegać ’тс’. Да польск. дзеяслова гл. коратка ў Брукнера, 292 (пад lec). Параўн. ст.-бел. долегливость ’недамаганне’ (< польск. dolegliwość; гл. Булыка, Запазыч., 99).
Да́ма ’дама’ (БРС). Рус. да́ма, укр. дама. Запазычанне з польск. dama (якое ў XVII ст. было ўзята з франц. dame). Гл. Брукнер, 84; Фасмер, 1, 483; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 11.
Дамаві́на ’труна’ (БРС, Сцяшк.). Рус. домовина, домовище, укр. домовина ’тс’. Да дом; эўфемістычная назва. Гл. Фасмер, 1, 528; Трубачоў, Эт. сл., 5, 70–71.
Дамасе́д ’дамасед’ (БРС). Рус. домосе́д, укр. домосі́д. Параўн. далей славац. domased ’тс’, чэш. domased ’лежань’. Трубачоў (Эт. сл., 5, 68) лічыць гэтыя словы прасл., аналогія ёсць у лац. мове (domisēda). Шанскі лічыць, што гэта, магчыма, толькі ўсх.-слав. утварэнні; гл. Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 168.
Дамату́р ’дамасед’ (Нас., Сл. паўн.-зах.). Як мяркуе Кюнэ (Poln., 51), гэта запазычанне з польск. domator ’дамасед’, якое, паводле Брукнера (93), ад польск. dom, але трансфармаванае паводле лац. слоў, на ‑tur.
Дані́на ’даніна’ (БРС, Нас.). Гэта слова можна лічыць вытворным ад прасл. *danь ’тс’. Аднак і форма *danina, магчыма, таксама ўжо была прасл. (*danina: параўн. укр. дани́на, рус. дани́на, польск. danina, серб.-харв. да̀нина). Гл. Трубачоў, Эт. сл., 4, 187. Фармальна гэта ўтварэнне фармантам ‑n‑ ад da‑ ’даць, даваць’, але Трубачоў (там жа, 188) дапускае больш складаную гісторыю гэтага слова (магчыма, што тут гетэраклітычныя варыянты *dor‑; *don‑).
Дані́чка ’гаршчок для кветак, вазон’ (зэльв., Сцяц., Сцяшк. МГ). Запазычанне з польск. doniczka ’тс’ (а гэта ў польск. мове памяншальная форма да donica ’вазон; міска, гаршчок’ < dojnica ’гаршчок для малака’; аб польск. слове падрабязна гл. у Слаўскага, 1, 155–156). Параўн. ст.-бел.: дуница ’гаршчок’ (з XVI ст., Булыка, Запазыч., 103) < польск. dunica ’тс’ (а гэта, відаць, фанетычны варыянт да donica; параўн. Брукнер, 94).
Данясе́нне ’данясенне’ (БРС). Відавочнае запазычанне з рус. донесе́ние ’тс’.
Дапе́ра ’цяпер’, (Шатал.). Ужо ў ст.-бел. помніках доперо ’толькі, усяго’ (XVI ст.). Як і ўкр. допі́ро, допі́ру, запазычанне з польск. dopiero (аб якім Слаўскі, 1, 156). Гл. Булыка, Запазыч., 100; Слаўскі, там жа.