Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Вінчэ́стэр, вінчэ́сцер ’тып паляўнічага ружжа’ (БРС, КТС). Укр. вінче́стер, рус. винчестер, польск. winchester. Назва паходзіць ад уласнага імя амерыканца A. O. Winchester, які сканструяваў ружжо ў 1865 г. У бел. мову лексема магла прыйсці з рус. або польск. мовы.

Віншавальнік ’той, хто віншуе’ (БРС). Аддзеяслоўнае ўтварэнне ад віншаваць (гл.) і суф. ‑льнік, які служыць для абазначэння асоб паводле іх дзейнасці або схільнасці да якога-небудзь дзеяння.

Віншава́нне ’вітанне, слаўленне каго-небудзь з выпадку радаснай падзеі’ (КТС, БРС, Нас., Шпіл.). Іменнае ўтварэнне ад дзеяслова віншаваць (гл.).

Віншаваць ’вітаць, славіць каго-небудзь з выпадку знамянальнай даты ці радаснай падзеі’ (БРС, КТС, Шпіл., Мал., Гарэц., Касп., Нас.), ст.-бел. виншовати ’жадаць’ (з XVI ст.). Укр. віншувати, вінчувати, польск. winszować ’віншаваць, выказваць пажаданні’, уст. ’жадаць што-небудзь каму-небудзь’; ’прасіць’. Бел. лексема запазычана з польск. winszować (< с.-в.-ням. wünschen) (Булыка, Запазыч., 64; Чартко, Дасл. (Гродна), 1967, 54; Карскі, Белорусы, 161).

Віншо́ўнік ’віншавальнік’ (Шпіл., Нас.); параўн. яшчэ славац. vinšovník ’тс’; ’зборнік віншаванняў’. Утворана ад прыметніка *віншоўны < ст.-польск. winszowny ’віншавальны’.

Ві́ны ’прычыны’. Карскі (Труды, 204) лічыць паланізмам. Да віна́1 (гл.).

Вінье́тка ’аздабленне ў выглядзе невялікага малюнка на загаловачным лісце кнігі ў пачатку або ў канцы раздзела’ (БРС, КТС). Укр. віньєтка, рус. виньетка (з 1863 г.). Бел. лексема запазычана з рус. мовы (Крукоўскі, Уплыў, 76) < франц. vignette ’віньетка, застаўка’ < vigne ’вінаград, аздоба з галінак і лісцяў вінаграду’ (Даза, 751; Шанскі, 1, В, 102; Махэк₂, 690; БЕР, 1, 149). Фасмер (1, 318) мяркуе, што рус. виньет запазычана з франц. vignette, а рус. виньетка — з ням. Vignette. Апошняе Шанскі (1, В, 102) лічыць памылковым.

Віньетыст ’чалавек, які робіць віньеткі’ (КТС). Утворана ад віньетка (гл.) і суф. ‑іст.

Ві́ня ’белая намаразь, якой пакрываюцца дрэвы зімой, іней’ (Мат. Гродз., Сцяшк. МГ). Фанетычны варыянт літаратурнай формы іней, в‑ прыстаўное, першапачаткова, відаць, было віняй м. р., як і навагр. ві́няй (З нар. сл.). Пасля страты канцавога ‑й слова віня перайшло ў разрад імёнаў ж. р.