Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Вала́х ’конь; кастрыраваны конь’ (КЭС). Праз польск. walach < н.-в.-ням. Wallach ’тс’ (Булыка, Запазыч., 55; Фасмер, 1, 269; Рудніцкі, 1, 299; Трубачоў, Происх., 59). Гл. валашыць.

Валаха́ты ’касматы’ (БРС, Клім., Крачк., Кольб.); валахаты ’тс’ (Федар., 7). Рус. волохатый, укр. волохатий, волохи ’валасы’, польск. włochaty ’тс’. Да волас. Паводле Брукнера, 627, х < с у зневажальных формах, як Moch < Moskal. Іншы пункт гледжання Фасмер (1, 345). Гл. таксама Рудніцкі, 1, 471.

Валаха́ціцца ’станавіцца валахатым’ (КЭС). Рус. волохатиться ’тс’. Да валахаты.

Валаца́ка. Гл. валацуга.

Валацня́ ’прыстасаванне з зубцоў; для сцягвання коп’ (Мат. Гом.); ’стог’ (Касп.); ’невялікая капа сена’ (Бяльк.), валацэнька ’капа сена’ (Касп.), валацня, валацэнька ’тс’ (Інстр. III). Да валачыць. Фанетыка няясная.

Валацу́га ’бадзяга’ (БРС, КТС, Шпіл., Гарэц., Шн. Песні, КЭС), валацака, валацуха ’тс’ (КЭС), валацэнга ’тс’ (Сцяшк. МГ), валачай ’тс’ (Сцяшк. МГ, КТС, Сцяц.), валацуга, валачун ’тс’ (Сцяшк. МГ), валачашчы (КТС, КЭС, Федар., 7), валачага ’ўцякач’ (Аніміле, 6, гук г выбухны). Рус. волочуга, волочужничать, укр. волонцюга, волоцюгувати. Трэба меркаваць, што шматлікія марфолага-фанетычныя варыянты гэтага слова з’яўляюцца вынікам кантамінацыі формы, запазычанай з польскай мовы (параўн. валацэнга), і ўласнабеларускіх іменных утварэнняў ад дзеяслова валачыцца ’хадзіць, цягацца, бадзяцца’ (параўн. валачай, валачага). Магчымы таксама аналагічны ўплыў слоў з блізкай семантыкай; параўн. валачай і гультай; валачага і бадзяга, туляга; валацуга і зладзюга і пад. Валацужыць, валацужнік, валацужніцтва да валацуга.

Валацу́жнік. Гл. валацуга.

Валацу́жыць. Гл. валацуга.

Валацу́ха. Гл. валацуга.

Вала́ць ’крычаць, гарланіць; зваць, клікаць на дапамогу; зваць у суд’ (Нас., КЭС). З польск. wołać ’тс’. Версія Насовіча аб паходжанні валаць ад «рову вала» (Нас., 64) з’яўляецца народна-этымалагічнай. Перанос націску во́лаць > вала́ць тлумачыцца ўключэннем дзеяслова ў клас дзеясловаў на ‑аць: крыча́ць, вярта́ць, маха́ць і пад. (Жураўскі, SOr, 1961, 40; Булыка, Запазыч., 67; Рудніцкі, 1, 464–465; Брукнер, 630).