Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ма́ркаць ’мяўкаць’ (ТС). Да марката́ (гл.) < прасл. mъrk‑ati.

Марка́ч ’баран-вытворнік’ (ТСБМ, Янк. 1, Кліх, Шат., Касп., Сцяшк., Чач., Дразд., Бір. Дзярж.; мін., Растарг., Да характ.; вілен., гродз., мін., Нас.; КЭС, лаг., мазыр., З нар. сл.; стол., Нар. лекс.; лід., беласт., Сл. ПЗБ, Бел.-рус. ізал., 32), моркоту́н, маркіту́н ’тс’ (ТС, Сцяц.), укр. с.-палес. мурка́ч ’тс’ (Бел.-укр. ізал.), мъркаціньня ’козы’; марката́ць, моркота́ць, мыркота́тэ, моркіта́ть, моркота́ты ’палавая цяга ў авечак’ (драг., КЭС; гродз., бяроз., Шатал.; кобр., Нар. лекс.; гродз., беласт., Сл. ПЗБ; Сцяшк. Сл., ТС), ’утвараць характэрныя гукі (пра барана-вытворніка)’ (віл., Сл. ПЗБ); маркіта́ць, моркотова́цца ’быць у стане цечкі, паляваць (пра авечку)’, маркітава́ць ’патрабаваць злучкі’ (зэльв., Жыв. сл.; ТС, Сцяшк.), (перан.) марката́ць, мірката́ць, мярката́ць ’бляяць (аб авечцы, ягняці)’ (Бяльк., Яруш.; віц., докш., ДАБМ, к. 302). Прасл. mьrkačь (гл. Трубачоў, О составлении прасл. слов. — V съезд слав., 181). Да маркаль (гл.). Аналагічна ўтвораны серб.-харв. мр̀кач ’казёл’, mrkačić ’рыба-самец’, мр̀кеш ’баран’. Дзеяслоў і яго дэрываты ўтвораны ад назоўніка ⁺mъrkotъ ’гукі, якія выдае баран у час цечкі’.

Маркёр1 ’асоба, якая прыслужвае і вядзе падлік пры гульні ў більярд’ (ТСБМ). Праз рус. мову з франц. marqueur < marquer ’рабіць паметы, зазначаць’ (Фасмер, 2, 574), якое з ням. Mark(e) (гл. марка).

Маркёр2 ’прыстасаванне, якім праводзяцца пасяўныя або пасадачныя радкі ці разоркі’ (ТСБМ), марке́р ’тс’ (Жд. 1). З польск. markier або з рус. маркёр, якія з франц. marqueur (як маркёр1).

Ма́ркі ’які лёгка робіцца брудным’ (ТСБМ, Нас.), драг. марке́й ’тс’ (КЭС), ма́ркасць ’бруд’ (Нас.). Да мара́ць (гл.).

Маркоўка ’дуброўка гусіная, Potentilla anserina L.’ (паўн.-усх., Кіс.). Беларускае. Да морква (гл.).

Маркоўнік1 ’расліна, падобная да морквы, Anthriscus silvestris Hoffm.’ (ТСБМ, Касп., Бяльк., Растарг., ТС; маг., Кіс.; в.-дзв., брасл., чэрв., Сл. ПЗБ), рус. варон., укр. морковник ’тс’; морко́внік ’бядрынец каменяломкавы, Pimpinella saxifraga L.’ (стол., петрык.; Бейл.), рус. уладз. морковь ’тс’; ’чубатка пустая, Corydalis cava (L.) Schweigg.’ (стол., Бейл.), рус. табол. морковки ’Corydalis caphoides L.’, маркоўнік ’астранцыя вялікая, Astrantia major L.’ (стол., Бейл.). Да маркоўны < морква (гл.). Стол. морковнік ’сон лугавы, Pulsatilla pratensis Mill.’ (Бейл.) паходзіць з ⁺маркотны ’сонны, маркотны, пахілены’; параўн. чэш. poniclec < прасл. poniknǫti ’схіліцца’.

Маркоўнік2 ’сасновы абалоністы лес’ (слаўг., Яшк.). Магчыма, роднасным да яго будзе рус. новасіб. морковник ’дрэва з тонкім ствалом і вялікім, тоўстым камлём’. Да морква (гл.). Семантычны перанос паводле падабенства.

*Маркоўняк, драг. морковняк ’дзікая пятрушка балотная, Peucedanum palustre (L.) Moench.’, ’сярпок звычайны, Falcaria vulgaris Bernh’ (Нар. лекс.). Да маркоўны < морква (гл.).

Марлог ’логава звера’ (барыс., Шатал.), зах.-рус., валаг., уладз. мерлог ’тс’ і інш. Да мярло1 і барлог (гл.).

Ма́рля ’тонкая баваўняная тканіна з рэдка пераплётных нітак’ (ТСБМ). З рус. ма́рля ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 73), якое з франц. marli ’марля, кісяя’ (Фасмер, 2, 574).

Мармела́д ’кандытарскі выраб з фруктова-ягаднага пюрэ з цукрам і патакай’ (ТСБМ). З рус. мармелад ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 80). Форма ж мармуля́да ’тс’ (Жд. 1; драг., КЭС) паходзіць з польск. мовы, параўн. лэнчыцк. marmulada ’тс’. Абедзве з франц. marmelade < партуг. marmelada ’тс’ < marmelo ’айва’ — скажонае лац. melimēlum, melimēlon < ст.-грэч. μελίμηλον ’мядовы яблык, айва’.