Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Варсану́ць ’піхнуць, штурхануць’ (Янк. II, Бяльк., Арх. ГУ), варса́нуць ’штурхануць’ (Арх. ГУ). Бясспрэчна, адносіцца да варс́аць ’калоць, кідаць’ (гл.).

*Варса́ць, ворса́ть ’калоць з разбегу ў бок’ (Мядзв.), ва́рсаць ’кідаць’ (КЭС), варса́ць або́ры ’працягваць аборы праз вуха лапця’ (Маш.). Сюды ж і варсану́ць ’піхнуць, штурхнуць’. Параўн. рус. дыял. варсану́ть ’з сілай ударыць чым-небудзь вострым; штурхануць’. Слова цёмнага паходжання. Часам паралельна ўжываюцца барса́ць ’працягваць абору ў лапці’ і варса́ць (Шат.). Барса́ць таксама значыць і ’кідаць’, але і яно няяснага паходжання (гл.). Паралелізм барса́ць|варса́ць можа тлумачыцца тым, што зыходным з’яўляецца варса́ць. Так, Януў (Зб. Развадоўскаму, 2, 277) зыходзіў пры тлумачэнні барса́ць (укр. бо́рса́ти) з *ob‑vors‑ati (пры гэтым корань *vors‑ не тлумачыўся). Параўн. абарсаць.

Варсі́нка (БРС). Запазычанне (?) з рус. ворси́нка, якое з’яўляецца вытворным ад ворс, во́рса. Рус. ворс, во́рса, бел. во́рса, укр. во́рса лічацца запазычаннем з іран. моў. Гл. падрабязна Фасмер, 1, 355–356; Шанскі, 1, В, 169.

Варста́к ’ткацкі станок’ (Сцяшк. МГ). Параўн. рус. верста́к. Запазычанне з польск. warstat (> бел. варста́т, гл.) з афармленнем суфіксам ‑ак. Падрабязней гл. пад варста́т, варшта́т (Праабражэнскі, 1, 76; Фасмер, 1, 300; Шанскі, 1, В, 64; Брукнер, 603).

Варста́т ’ткацкі станок’ (Сцяшк. МГ, Шатал.); ’сталярны станок’ (Шатал., Сцяшк. МГ); ’драўляная квадратная скрыня пад жорнамі’ (КЭС). Ст.-бел. варстат, верстат, ворстат (з XVI ст., Булыка, Запазыч.). Запазычанне з польск. (ст.-польск.?) warstat (не з польск. warsztat; з гэтага апошняга бел. варштат, гл.). Форма warstat была ў польск. мове ў XVI ст. (гл. Брукнер, 603); яе можна разумець і як мазурскую. Першакрыніца — ням. Werkstatt (Брукнер, 603; Булыка, Запазыч., 56; Фасмер, 1, 300). Параўн. варшта́т, варста́к.

Варся́нка ’расліна варсянка, Dipsacus’ (БРС). Рус. ворся́нка, укр. ворся́нка. Ад ворс (гл.). Адносна матывацыі гл. Нейштадт, Определитель, 524. Да семантыкі параўн. іншыя назвы гэтай расліны ва ўкр. мове: черсак, чесак, дряпач, щітка, шершак (Макавецкі, Sł. botan., 132).

Варт, варта ’адпаведны, каштоўны, належны і да т. п.’ (Сцяшк. МГ); ’каштуе, заслугоўвае’ (Шат., Гарэц.); ’годны’ (Яруш., Булг.). У тым самым сэнсе ўжываецца і ва́рта ’належыць; трэба’ (КЭС, лаг.; БРС, Гарэц., Шпіл., Мядзв., Касп., Шат., Нас., Бяльк.). Укр. варт, ва́рто. З польск. warto, wart (nie wart). Параўн. ва́рты (Кюнэ, Poln., 113).

Ва́рта ’варта, ахова’ (КЭС, лаг.; БРС, Яруш., Гарэц., Бесар., Сцяшк., Мядзв., Шпіл., Нас., Шат., Касп., Бяльк.). Ст.-бел. варта ’варта, каравул’ (з XVI ст.; Булыка, Запазыч.). Рус. дыял. (смал.) ва́рта, укр. ва́рта. Запазычанне з польск. warta (Булыка, Запазыч., 57), а гэта з ням. Warte ’тс’. Параўн. і чэш. varta ’тс’ (< ням.) (Махэк₂, 678; Кюнэ, Poln., 113).

Вартава́ць ’вартаваць, ахоўваць, пільнаваць’ (БРС, Гарэц., Інстр. III, Шпіл., Шат., Касп., Нас., Бяльк.). Ст.-бел. вартовати (з XVI ст.; Булыка, Запазыч.). Укр. вартува́ти, рус. дыял. (смал.) вартова́ть. Запазычанне з польск. wartować ’тс’ (да warta ’варта, ахова’ ці непасрэдна да ням. warten). Параўн. і чэш. vartovati (Кюнэ, Poln., 113).

Вартавы́ (КЭС, лаг.) ’вартаўнік’. Параўн. укр. вартови́й ’тс’. Можна думаць, што гэта слова ўзнікла на базе словаспалучэння (параўн. укр. вартова́ сторо́жа ’каравульная варта’).