Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Вапнава́нне ’ўнясенне вапны ў глебу’ (КТС). Калька з рус. известкование (Крукоўскі, Уплыў, 119).

Ва́пнаўка ’расліна сямейства гваздзікавых, Gypsophila L.’ (Кіс., БРС). Назва дадзена за белы (як бы з вапны, мелу) корань (БелСЭ, 2, 593).

Вапня́к ’горная парода, якая мае ў сабе вапну’ (БРС). Калька з рус. известняк (Крукоўскі, Уплыў, 119).

Вапо́ры ’настрой’ (Нас.). Укр. вапор, вапори ’тс’. Насовіч лічыў вапоры < vapor, маючы, відаць, на ўвазе лац. крыніцу. Вапоры < польск. wapory ’цяжкі дух; дрэнны настрой’ < лац. vapor ’пара’ (Кюнэ, Poln., 113; Рудніцкі, 1, 311).

Вапшчэ ’наогул’ (З нар. сл.). З рус. вообще.

Вар ’кіпецень, вар’ (БРС, КЭС, Гарэц., Мядзв., Яруш.). Рус. вар, ст.-рус. варъ, укр. вар, польск. war ’тс’, чэш. var ’кіпенне’, славац. var ’тс’, в.-луж. war ’кіпецень’, балг. варя́ ’варыць, кіпяціць’, серб.-харв. ва̑р ’кіпенне’, славен. vȃr ’тс’, ц.-слав. варъ (у розных значэннях). Да прасл. *varъ, *variti, даўшых шмат семантычных вытворных; параўн. садовы вар ’рэчыва для замазвання паламаных дрэў’ (КТС), вар ’варыва, суп, вараная страва’ (Сцяшк. МГ; Інстр. I); ’падкормка для маладых пчол’ (Сцяшк. МГ); ’колькасць мёду, піва, гарэлкі, атрыманая ад аднаго разу’ (Федар., 7); ’гарачыня, парнасць’ (КТС, Гарэц.), ст.-бел. варъ ’адзінка вымярэння піва’ (Скурат, Меры, 97), вара ’згатаваная страва’ (Сцяшк. МГ, Сцяц., Клім., КЭС). Паралелі да вар: літ. vìrti ’кіпець’, гоц. warmjan ’грэць’, ст.-в.-ням. warm ’цёплы’, арм. varim ’запальваю’. І.‑е. *u̯er‑ ’гарэць’ (Фасмер, 1, 273; Праабражэнскі, 1, 66–67; Покарны, 1166; Шанскі, 1, В, 21; Рудніцкі, 1, 311–312; Брукнер, 633; БЕР, 1, 122).

Вара́ва ’мноства’ (Мат. Гом.). Гл. арава.

Варава́ты ’насцярожаны, патайны’ (КТС): «шэпча варавата». Да вараваць1 (гл.).

Варава́ць1 ’абстаўляць умовамі, меркаваць’ (КЭС), варавацца ’насцярожвацца’ (КТС); ’асцерагацца, не асмельвацца’ (КПС); ’сцерагчыся, абавязвацца’, павароўвацца ’пабойвацца, асцерагацца’ (КЭС). Усе значэнні развіліся на падставе вараваць ’ахоўваць, зберагаць’, запазычання са ст.-в.-ням. warôn ’тс’, прадстаўленага ў большасці славянскіх моў: рус. варовать ’слухацца; захоўваць, абараняць’, ст.-рус. варовати ’тс’, укр. варувати, варовати(ся) ’тс’, ва́ра ’сцеражыся’, польск. warować ’умацоўваць; абумоўліваць’, чэш. varovati ’папярэджваць’, varovati se ’берагчыся’, славац. varovať ’сцерагчы; наглядаць за дзіцём’, серб.-харв. ва̏рати, варо̀вати ’ахоўваць’. Магчымасць шырокіх семантычных зрухаў пацвярджаецца аналагічнымі працэсамі ў іншых мовах; параўн. балг. ва́рам, ва́рвам (< серб.-харв.): ’ахоўваць > ахоўваць дзяцей > суцяшаць адцягваць увагу > ашукваць, хлусіць’ (БЕР, 1, 119). Гл. Фасмер, 1, 275; Рудніцкі, 1, 312; Брукнер, 601; Корбут, PF, 4, 515; Скок, 3, 565–566.

Варава́ць2 ’прытрымліваць плыт якарамі’ (КСТ). Да вараваць1. Магчыма таксама семантычнае запазычанне з польск. warować ’умацоўваць’.

*Варава́ць3, вароваць ’падсоўваць на сталюгах калодку пры дапамозе тапара’ (КСТ). Існуе вялікае гняздо слоў з гэтым коранем: рус. вор, во́ра ’плот, агароджа’, верать ’соваць, укладваць’, (за)вереть ’заперці’, вар, варок ’двор для скаціны’, бел. вур, ворйе, ворына ’плот з доўгіх жэрдак’ (Лучыц-Федарэц, Бел.-укр. ізал., 40), укр. вари́йка ’перакладзіна, якой закрываюць вароты’, ст.-рус. воръ ’плот’, польск. (za)wrzeć ’запіраць, закрываць’, чэш. otevřiti ’адкрыць’, балг. въвирам ’усоўваць, упіхваць’ і г. д. Гэта дае магчымасць узнавіць адзін з варыянтаў агульнаславянскага кораня да прасл. *vor‑ са значэннем ’(па)соўваць’. І.‑е. паралелі гл. Фасмер, 1, 273, 293, 350; БЕР, 1, 177–178. Там жа і літаратура.

Вараві́ты ’паганы, звяглівы; кашлаты (пра сабаку)’ (Сержп., Грам.); ’тс’ (пра чалавека)’ (Янк.₁). Да варава́ць1.