Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Рабы́ ’пярэсты’, ’з рабаціннем’, ’паласаты’, ’з рабізной на вадзе’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), ’вяснушкаваты, стракаты’ (Сцяшк.), ’пярэсты, стракаты (пра каня, парася, карову)’ (ЛА, 1), ’паласатая тканіна’ (узд., ЛА, 4), ра́бы ’рабы’ (Ян.), ра́бый ’рабы’ (Бяльк.), раба́ты ’рабы, пярэсты’ (ТС, Яруш., Бяс.), ра́біць ’рабіць стракатым’ (Федар.), ст.-бел. рабый, ребый, польск. jarząbaty ’стракаты’, славен. ríbast ’паласаты’, суадносны з літ. ráĩbas ’пярэсты’, лат. ràibs ’пярэсты’, ст.-пруск. roaban ’паласаты’. Рэканструюецца зыходны корань *rei̯‑/*roi̯‑ з суф. *bho‑ (Бязлай, 3, 177). Паводле Чарных, і.-е. корань *ērerb(h)‑: *reb(h)‑ — на праславянскай глебе — з назалізацыяй галоснага *ręb‑, параўн. ст.-в.-ням. erpf ’цёмны’, ’чорна-буры’, ст.-ісл. jarpr ’карычневы’, ’буры’, грэч. ὄρφνη ’цемната’ (Чарных, 2, 133).

Рабы́ня ’пазбаўленая правоў, раба’ (ТСБМ). Запазычана з рус. рабы́ня ’тс’, што да ст.-слав. рабыни ’раба, служка’.

Рабэ́йза ’вяснушкаваты чалавек’ (дзятл., Сл. ПЗБ; навагр., Нар. словатв.; клец., Нар. лекс.; Янк. 3.), рабе́йза ’тс’ (ст.-дар., ЖНС), рабэ́йжа ’рабы’ (карэліц., Нар. лекс.). Утвораны ад прыметніка рабы́ (гл.) з дапамогай суфікса ‑эйз‑а (‑эйж‑а) (Сцяцко, Афікс. наз., 134).

Рабяні́ца (рабені́ца) ’сорт вялікіх груш’ (ТС). Ад рабы (пра словаўтваральны тып гл. Сцяцко, Афікс. наз., 110). У аснове матывацыі ляжыць афарбоўка груш.

Рабя́ты ’дзеці’ (ТСБМ), рабя́ты, рыбя́ты, рібя́та, робя́ты ’тс’ (Сл. ПЗБ). У сучаснай літаратурнай мове з рус. ребя́та ’тс’. У народнай мове захаваліся сляды стараж.-рус. робꙗ, ’дзіця’, Р. скл. робꙗтє (Німчук, Давньорус., 304), што адлюстроўвае прасл. *orbę, *orbęte, мн. л. *orbęta параўн.: «У нашай ваколіцы на дзяцей казалі рабяты, але не ў значэнні расейскага ребята» (Стома–Сініца, Полымя, 1998, 10, 258).

Раве́снік ’чалавек аднолькавага ўзросту з кім-небудзь’ (ТСБМ, Бяльк.), ’аднагодак’ (вільн., дзятл., карэл., віл., кам., Сл. ПЗБ); раве́сніца ’аднагодка’ (ТСБМ; навагр., шчуч., лід., Сл. ПЗБ). Рус. ровесник, укр. рове́сник, чэш. rovesník, польск. rowieśny ’аднаго ўзросту’. Суфіксальнае ўтварэнне ад той жа асновы, што і ро́ўны (гл.). Падобна на тое, што тут мела месца складанне асноў ро́ўны і вясна́ ў значэнні ’год’. Сной (Безлай, 3, 156) мяркуе, што на падставе гэтых форм можна рэканструяваць *orvesnikъ > ад прыметніка *orvesьnъ, другаснага ў адносінах да *orvьnъ ’роўны’.

Раве́ць ’раўці, крычаць’ (віл., в.-дзв., лаг., Сл. ПЗБ). Параўн. рус. реве́ть ’тс’. Арэальнае ўтварэнне паўночнабеларускіх і паўднёварускіх гаворак у выніку уніфікацыі асновы (Жакава, Бел.-рус. ізал., 45).

Равідава́ць ’аглядаць, знаёміцца са становішчам’ (Сцяшк. Сл.). Запазычанне з польскай мовы, параўн. польск. rewidować ’абшукваць каго-небудзь’, ’рабіць рэвізію’, ’пераглядаць’.

Раво́шка ’мачалка’ (Сцяшк. Сл.). З раго́жка (раго́шка) з няяснай заменай ж (ш) на в, гл. рагожа.

Ра́га ’струменьчык чаго-небудзь вадкага’ (ТСБМ), ’пісаг’, ’пацёк поту’ (Сцяшк.), ра́гі ’сляды на брудным ад пылу твары’ (слонім., Арх. Бяльк.), ’пацёкі поту ці слёз’ (ЛА, 4; Сцяшк. Сл.), суфіксальныя ўтварэнні ад таго ж кораня рага́йды, рага́лы ’нацёкі поту ці слёз’ (Сцяшк. Сл., ЛА, 4), ’нацёкі на запацелых вокнах’, ’пацёкі на дзвярах пасля фарбавання’, ’брудныя плямы’ (Сл. ПЗБ). Версіі пра балцкае паходжанне слова — з літ. rãgas ’рог’ і вытворных ад яго ragava, raguva ’роў’ (Весці АН БССР, 1969, 4, 128), літ. rȧ́gtis, riáugtis ’хмурыцца, збірацца на дождж’ (Грынавяцкене, LKK, 30, 116); з літ. rãgės, rõgutės ’сані’ (Лаўчутэ, Балтизмы, 147) або з regė́ti ’бачыць’ (Саўка, Запісы, 23, 56) — падаюцца малаверагоднымі. Параўнанне з славен. rag, raga ’лядзяш’, а таксама srag, srága ’капля поту, крыві, слёз’, харв. дыял. srȁga ’капля’, ’дахавы жолаб’, дзе пачатковае s‑ можна патлумачыць як s‑mobile, таксама выклікае пэўныя цяжкасці пры этымалагізаванні. Цяжка схіліцца да якой-небудзь канкрэтнай версіі: або звязваць са ст.-інд. sárga ’струменьчык, які цячэ, ліецца’, sṛjáti ’цячы’, або рэканструяваць *sporga і параўноўваць з лац. spargo ’раскідваць’, ’рассыпаць’, або ўзводзіць да *sréz < *kʼerg. Іншыя мяркуюць, што зыходным значэннем srága было ’кропля’ і адмаўляюць сувязь з літ. sir̃gti ’быць хворым’, а выводзяць з *sorəga да і.-е. *serH‑ ’цячы’, ст.-інд. sárati ’цячы’, sárga ’ліе’, якія з *selgʼ (агляд версій гл. Бязлай, 3, 301; Скок, 3, 314; Куркіна, Диал. структура, 117). Бязлай прапануе таксама іншае тлумачэнне славенскай лексеме. Улічваючы, што існуе словазлучэнне potne srage ’кропелькі поту’, ён збліжае слова з літ. sir̃gti ’быць хворым’, pasargà ’хваравітая слабасць’, лат. sìrgt ’быць хворым’, sērga ’хвароба’. Паколькі ў славенскай і сербска-харвацкай мовах ёсць словы kapja, kap са значэннем ’хвароба’, то ён мяркуе, што значэнне ’апаплексія’, ’сардэчны ўдар’ з’явілася ў славенскай лексеме раней за ’капля’, якое пазней выцесніла яго (Бязлай, Eseji, 116–117). Іншай думкі прытрымліваецца Борысь (ЗФЛ, 25, 2, 17; Czak. stud., 45–46); далучаючыся да рэканструкцыі Міклашыча (316) прасл. *sorga, ён канстатуе яе няпэўнасць у сувязі з адсутнасцю іншаславянскіх адпаведнікаў. Улік беларускіх адпаведнікаў схіляе да прасл. *(s)ōrga, што ўяўляе ступень чаргавання да *rogъ (параўн. Бязлай, 3, 144), гл. рог1.