Раго́жа, раго́жка ’грубая ўпаковачная тканіна’, ’посцілка’, ’тканіна рэдкага перапляцення’ (ТСБМ), рого́жа, рэдка рого́га ’сплеценая з травы посцілка’ (ТС), раго́шка ’мачалка з лубяных палосак’ (Сл. ПЗБ), раво́шка ’мачалка’ (Сцяшк. Сл.), рус. рого́жа, укр. рого́жа, польск. rogoża, чэш. і слав. rohož ’рагожа’, ’пляцёнка з чароту, саломы’, славен. rogóža ’чаротавы верх вазка’, серб. ро̀гожина, харв. rógožina ’цыноўка з рагожы’, балг. рого́жка ’тс’. Прасл. *rogoža вытворане ад *rogozъ ’чарот, трыснёг’ (Фасмер, 3, 490). Махэк₂ (420) адносіць слова разам з нова-в.-ням. Rohr ’камыш’, гоц. raus, герм. *rauza‑ да рэліктаў “праеўрапейскага”. Гл. таксама наступнае слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)