Раве́снік ’чалавек аднолькавага ўзросту з кім-небудзь’ (ТСБМ, Бяльк.), ’аднагодак’ (вільн., дзятл., карэл., віл., кам., Сл. ПЗБ); раве́сніца ’аднагодка’ (ТСБМ; навагр., шчуч., лід., Сл. ПЗБ). Рус. ровесник, укр. рове́сник, чэш. rovesník, польск. rowieśny ’аднаго ўзросту’. Суфіксальнае ўтварэнне ад той жа асновы, што і ро́ўны (гл.). Падобна на тое, што тут мела месца складанне асноў ро́ўны і вясна́ ў значэнні ’год’. Сной (Безлай, 3, 156) мяркуе, што на падставе гэтых форм можна рэканструяваць *orvesnikъ > ад прыметніка *orvesьnъ, другаснага ў адносінах да *orvьnъ ’роўны’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)