Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Паве́ка ’рухомая складка скуры, якая прыкрывае вока’ (ТСБМ, Бяльк., Янк. 2, Яруш.), паве́йка ’тс’ (КЭС, лаг.). Укр. паві́ко, павіча́йка, польск. powieko ’тс’. З прэф. па‑ ад века (гл.). Улічваючы старажытнасць гэтага спосабу словаўтварэння, мабыць, магчыма рэканструяваць прасл. po‑věko (параўн. Краўчук, ЭСБМ, 2, 81), але як дыялектызм. Варыянт паве́йка пад уплывам вейкі (гл.).

Паве́р ’крэдыт’ (Нас., Гарэц., Яруш., Др.-Падб.). Ад паверыць < верыць (гл.). Уласна белар. У слоўніку Даля рус. пове́р адзначаецца як заходняе. Шырокае бытаванне набыло ў пачатку XX ст. (Гіст. лекс., 240).

Паве́раны ’асоба, якая мае правы дзейнічаць ад імя якой-н. асобы або ўстановы ў афіцыйным парадку’ (ТСБМ, Др.-Падб.). З рус. пове́ренный ’тс’ (параўн. Крукоўскі, Уплыў, 71).

Паве́рх ’частка будынка, у якой памяшканні знаходзяцца на адным узроўні; рад прадметаў над другім’ (ТСБМ, Гарэц.). Паводле Крамко (Гіст. лекс., 255), у бел. м. наватвор пач. XX ст. Гл. верх.

Паве́сма ’звязка часанага льну ад 10 да 12 жменяў’ (Нас., Маш.; КЭС, лаг.); у іншых крыніцах колькасць жменяў можа быць большай або меншай (Шат., Бяльк., Касп., Мядзв.), паве́сьма (Нар. сл., Мат. Гом.), повы́смо (Шатал., Сл. ПЗБ), пови́смо (Гарб., Выг.), пові́сма (Сл. ПЗБ), пове́сна (Жд. 2), паве́сло (Мат. Гом.), пові͡есмо ’пража на калаўроце’ (Бес.). Рус. паве́с(ь)мо ’пучок пражы ў сорак нітак’, чэш. pověsmo ’10 жменяў ільну’, славац. powesmo, ’пучок ільну або каноплі’, н.-луж. powězmo ’тс’, балг. повесмо́ ’звязка, вяроўка, канат’, славен. povésmo ’скручаны пучок для пражы’, серб.-ц.-слав. повѣсмо. Паводле Міклашыча (392), ад па‑ і весіць, тады прасл. pověsmo. Аналагічна Трубачоў (Ремесл. терм., 102). Махэк (476) узнаўляе прасл. po‑věz‑ьmo ад vęzati (гл. вязаць), але гэта версія не ўлічвае вакалізм слова.

Паве́стка ’афіцыйнае пісьмовае паведамленне з выклікам куды-н.; кола пытанняў, якія павінны быць абмеркаваны на сходзе, пасяджэнні’ (ТСБМ, Бяльк., Яруш., Сл. ПЗБ). Запазычанне з рус. пове́стка ’тс’, якое ад повестить ’паведаміць’.

Паве́т ’адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў дарэвалюцыйнай Расіі’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Касп.). Ст.-бел. поветъ, повятъ (1507 г.) з польск. powiat (Булыка, Запазыч., 247), Польск. слова звязана з вітаць (гл.) (Фасмер, 3, 293).

Паве́тра ’сумесь газаў, галоўным чынам азоту і кіслароду, якія акружаюць зямлю і складаюць яе атмасферу; свабодная прастора над зямлёй’ (ТСБМ, Бяльк., Сл. ПЗБ), пове́трэ ’паветра; пошасць’ (ТС). З польск. powietrze ’тс’. У значэнні ’пошасць’, відавочна, з рус. пове́трие ’пошасць’. Параўн. наступнае.

Паве́трая ’мор, пошасць’ (Шат.), паве́трыя ’непрыемнасць, бяда; дрэнная пагода’ (Бяльк.), ’пошасць’ (Касп.), паве́траная ’згубная моц пошасці’ (Нас.). Рус. пове́трие; укр. пові́тра ’тс’. Да вецер (гл.). З прычыны марфалагічнай тоеснасці з рус. словам у бел. можа быць і пранікненне з рус. тэрыторыі, параўн. і геаграфію слова.

Паве́ць, паве́тка ’пляцоўка пад страхой на слупах, прызначаная для хавання чаго-н. ад дажджу, непагоды; памяшканне, дзе звычайна складаюць дровы, дрывотнік’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Шат., Касп., КЭС, лаг., Сцяшк.), пове́ць (ТС), паве́тка (Сл. ПЗБ). Рус. дыял. пове́ть ’страха, навес, хлеў, адрына’, укр. пові́тка ’хлеў, навес’. Паводле Міклашыча (387), ад веяць. Больш пераканаўчай здаецца версія Машынскага (JP, 37, 1957, 297) аб роднаснасці са слав. jata (падрабязна гл. аб гэтым вятка, ятка2) і рэканструкцыя гэтага слова як po‑(v)ětь (Гл. яшчэ Фасмер, 3, 293 і наст.). Мартынаў (Лекс. Палесся, 11) крыніцай лексемы лічыць усх.-балт. *pa‑vietas, якое суадносіцца з літ. vietà ’месца’ (усх.-літ. vietà ’хаваць’).