Паве́сма ’звязка часанага льну ад 10 да 12 жменяў’ (Нас., Маш.; КЭС, лаг.); у іншых крыніцах колькасць жменяў можа быць большай або меншай (Шат., Бяльк., Касп., Мядзв.), паве́сьма (Нар. сл., Мат. Гом.), повы́смо (Шатал., Сл. ПЗБ), пови́смо (Гарб., Выг.), пові́сма (Сл. ПЗБ), пове́сна (Жд. 2), паве́сло (Мат. Гом.), пові͡есмо ’пража на калаўроце’ (Бес.). Рус. паве́с(ь)мо ’пучок пражы ў сорак нітак’, чэш. pověsmo ’10 жменяў ільну’, славац. powesmo, ’пучок ільну або каноплі’, н.-луж. powězmo ’тс’, балг. повесмо́ ’звязка, вяроўка, канат’, славен. povésmo ’скручаны пучок для пражы’, серб.-ц.-слав. повѣсмо. Паводле Міклашыча (392), ад па‑ і весіць, тады прасл. pověsmo. Аналагічна Трубачоў (Ремесл. терм., 102). Махэк (476) узнаўляе прасл. po‑věz‑ьmo ад vęzati (гл. вязаць), але гэта версія не ўлічвае вакалізм слова.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)